Становішча і ўмовы, у якіх змагалася працоўная Балгарыя супроць фашыстаў, у многім адрозніваліся ад становішча акупаванай гітлераўцамі Савецкай Беларусі, на якую фашысцкая кліка абрынула не толькі расавую, але і перш за ўсё сацыяльна-класавую нянавісць і мела на мэце вынішчыць беларускі народ да апошняга чалавека. Нечуваны размах і напал усенароднай барацьбы з акупантамі — барацьбы не на жыццё, а на смерць — да апошняга дыхання, да апошняй кроплі крыві — абумовілі, зразумела, і адпаведны размах і напал гераічнай беларускай паэзіі перыяду вайны, моц і вышыню яе патрыятычнага духу, сілу і глыбіню пранікнёнасці яе мастацкіх вобразаў. Вершы і паэмы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі, П. Глебкі, Зм. Астапенкі, М. Сурначова і другіх нашых паэтаў назаўсёды застануцца ў гісторыі савецкай літаратуры як непаўторны ўзор высокага і самаахвярнага служэння словам народу і Радзіме.
З першага дня вайны большасць беларускіх паэтаў сталі франтавікамі, непасрэдна змагаліся са зброяй у руках або працавалі ў ваенным друку. На часова акупаванай тэрыторыі Беларусі — у сілу пэўных абставін — засталіся нямногія (В. Таўлай, П. Пестрак, які ў 1943 годзе быў перакінуты ў Маскву, М. Васілёк, М. Засім, С. Крывец, А. Моркаўка, з менш вядомых — А. Дубровіч, А. Коршак, А. Мілюць; з-за лініі фронту ў партызанскае войска прыходзілі ў 1942 годзе А. Бялевіч, у 1943 — А. Астрэйка). Балгарскім паэтам выпаў у гады вайны іншы лёс. На фронт многія з іх трапілі толькі восенню 1944-га, калі новы ўрад Балгарыі аб'явіў фашысцкай Германіі вайну, а да таго часу ўсе яны — у тым ліку і паэты-камуністы — вымушаны былі жыць на фактычна акупаванай гітлераўцамі радзіме. Пачынаючы з 1941 года ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых гарадах і сёлах краіны, паступова набіраючы моц, усё часцей і часцей гучыць голас паэзіі Супраціўлення. Да ўласна партызанскай паэзіі дойдзе пазней — недзе ў пачатку 1943-га, калі ўжо сталі актыўна дзейнічаць першыя партызанскія атрады. У балгарскае паэтычнае Супраціўленне ўваходзілі людзі не аднолькавых ідэйна-эстэтычных поглядаў і палітычных перакананняў. Ядро склалі паэты-камуністы і тыя, хто доўгія гады супрацоўнічаў у камуністычным і прагрэсіўным друку: Нікола Вапцараў, Крум Кюляўкаў, Младэн Ісаеў, Ангел Тодараў, Лазан Стрэлкаў, Нікола Ланкаў, Нікола Хрэлкаў, Хрыста Радзеўскі, Людміл Стаптаў, з маладзейшых — Весялін Андрэеў, Весялін Ханчаў, Валеры Пятроў, Аляксандр Гераў, Іван Пейчаў, Багаміл Райнаў і інш. Балгарская літаратура можа па праву ганарыцца рэвалюцыйна-патрыятычнай стойкасцю І грамадзянскай мужнасцю сваіх паэтаў, якія ў гады вайны аказаліся годнымі пераемнікамі гераічных традыцый такіх вялікіх папярэднікаў, як Хрыста Боцеў, Іван Вазаў, Пеё Явараў, Хрыста Смірненскі, Гео Мілеў. Супраць фашысцкага цемрашальства яны змагаліся ў поўным сэнсе слова і пяром і штыком адразу, не шкадуючы жыцця, не баючыся кулі і вісельні, турмаў і мардаванняў. Ужо ў 1941 годзе ў канцэнтрацыйны лагер Энікёй (Грэцыя) былі кінуты — заадно з іншымі прагрэсіўнымі дзеячамі літаратуры і мастацтва — паэты Нікола Ланкаў, Крум Пенеў, Лазан Стрэлкаў, годам пазней — паэт Младэн Ісаеў. У ліпені 1942 года за антыфашысцка-дыверсійную дзейнасць быў расстраляны выдатны паэт-камуніст Нікола Вапцараў. У баях з манархафашыстамі смерцю храбрых загінулі многія маладыя паэты, у тым ліку — камандзір партызанскіх атрадаў Плевенскай акругі Хрыста Кырпачаў, камісары партызанскіх атрадаў Цвятан Спасаў і Атанас Манчаў, палітрук партызанскай роты Іван Нівянін, партызаны Кірыл Маджараў, Марка Ангелаў і іншыя. У 1943 годзе камісарам праслаўленай сафійскай партызанскай брыгады «Чаўдар» становіцца малады паэт-падпольшчык Весялін Андрэеў. У 1944 годзе ўцякае з турмы ў партызанскі батальён імя Васіла Каларава малады паэт Добры Жоцеў (у 1942-м ён быў асуджаны фашысцкім судом на 15 гадоў няволі). У партызанскіх атрадах змагаліся і будучыя вядомыя паэты і пісьменнікі Дзімітр Мятодзіеў, Давід Овадзія, Станіслаў Сіўрыеў. Каля года праседзеў у фашысцкай турме, перанёсшы цяжкія катаванні, 19-гадовы падпольшчык Георгі Джагараў. Актыўны ўдзел у нелегальным антыфашысцкім руху прымалі паэты Нікалай Зідараў, Павел Мацеў, Георгі Свежын і іншыя.