Выбрать главу

I калі хобіт сам схіліўся, пазіраючы на яе, чытаючы сваю сьмерць у ейным позірку, раптоўная думка прыляцела да яго, нібы папярэджаньне ад нейкага далёкага голасу, і ён зашнарыў на грудзёх левай рукою, і адшукаў жаданае: халодным, цьвёрдым і мёртвым падаўся яму на дотык фіял Галадрыелі ў гэтым сусьвеце вусьцішы.

– Галадрыель! – гукнуў ён слаба, і тады нібы здалёк, але вельмі ясна пачуў сьпеў эльфаў пад зорамі ў любых начных ценях Шыру, пачуў эльфаву музыку ў залі Агменю ў Эльрандавай сядзібе.

Гільтоніель! А Эльберэт!

I ягоны язык вызваліўся, і з вуснаў ягоных пачуліся гукі мовы, яму невядомай:

А Эльберэт Гільтоніель, О мэнэль палань-дзірыель, Лэ налан сі дзі'нгурутас! А ціра нін, Фануілас!

I з тымі словамі, хістаючыся, ён узьняўся на ногі й зноў стаў сабою, хобітам Сэмам, сынам Гэйхада, які абараняе свайго гаспадара й сябру.

– Ну, давай цяпер, ты, быдляціна! Ты параніла майго гаспадара, паскуда, і ты стакроць пашкадуеш! Мы сьпяшаемся, але ўжо знойдзем час паквітацца з табою! Давай, пакаштуй Джала зноў!

I быццам ягоны неўтаймоўны дух адчыніў браму моцы, прыхаванай у шклянцы, і тая палыхнула раптоўна, як паходня. Запалала, як зорка, што пакінула нябёсныя сутарэньні ды працяла ноч невыносным сьвятлом. Аніколі раней гэткае жахлівае сьвятло не абрыналася на пысу Шэлаб. Промні разьдзіралі яе параненую галаву, палілі й нішчылі, невыносным болем успыхнула параненае вока, і зь яго асьляпляльны боль, бы ліхаманка, перакінуўся на здаровыя. Шэлаб адсунулася прэч, малоцячы пярэднімі лапамі ў паветры, сьляпая, з зрокам, выпаленым знутры маланкаю, ашалелая, звар'яцелая. Адвярнулася нарэшце, адкацілася прэч дый папаўзла, мацаючы клюшнямі каменьне й дзіркі ў чорнай скале.

Сэм ішоў наперад. Матляўся, бы п'яны, але ішоў. А Шэлаб, запалоханая й пераможаная, скурчыўшыся, дрыжучы, намагалася хутчэй спаўзьці ад яго. Сягнула нары, праціснулася ўсярэдзіну, пакінуўшы за сабою сьлед зялёна-жоўтай сьлізі, дый зьнікла, а Сэм яшчэ наастачу джгнуў ёй па нагах. Тады паваліўся на зямлю, зьнясілены.

Шэлаб зьнікла, і што зь ёй адбылося далей, як адлежвалася яна ў сваім логвішчы, песьцячы злосьць ды крыўду, павольнымі гадамі цемры гоячы сябе знутры, гадуючы вочы-гронкі, пакуль сьмяротны голад ізноў не пагнаў яе вонкі, каб плесьці пасткі ў далінах гор Ценю, – тут расповеду няма.

Сэм застаўся на самоце. Над месцам бойкі ўжо гусьцелі прыцемкі Неназывальнай краіны. Стомлены, Сэм пакульгаў назад, да гаспадара.

– Гаспадару мой, пане! – паклікаў ён.

Той маўчаў. Калі Фрода бег наперад, радуючыся волі, Шэлаб з жудаснай хуткасьцю дагнала яго й адзіным імгненным рухам уджаліла ў шыю. Зараз ён ляжаў зьбялелы, нерухомы, ня чуючы анічога.

– Пане мой! – паклікаў Сэм і доўга прыслухоўваўся ў цішыні, чакаючы адказу.

Тады кінуўся пасьпешліва рэзаць павучыньне, прыклаў вуха да Фродавых грудзей, да роту, але не адчуў ані ўзварушэньня, ані якой прыкметы жыцьця. Сэрца ня рухалася. Сэм пацёр, саграваючы, гаспадаровы рукі й ногі, крануў лоб – не, цела ўжо захаладнела.

– Фрода, спадару Фрода! – паклікаў ён. – Не пакідайце мяне! Гэта ваш Сэм кліча вас. Не сыходзьце туды, куды я ня здолею йсьці за вамі! Прачынайцеся, спадарыку Фрода! Уставайце! Калі ласка, прашу вас, уставайце! Спадару Фрода!

Тады шаленства апанавала яго, і ён замітусіўся вакол гаспадарова цела, секучы паветра й камяні, галосячы праклёны й пагрозы. Апамятаўшыся, вярнуўся да Фрода й нахіліўся, зазірнуў яму ў твар, бледны ўзмроку. I раптам згадаў, што адкрылася яму ў люстэрку Галадрыелі: Фрода, зьбялелы, сьпіць пад вялізнаю змрочнай скалою. Не, гэта тады думалася: сьпіць.

– Ён памёр! – вымавіў Сэм. – Ня сьпіць ён, ён загінуў!

I калі вымавіў, словы падштурхнулі дзеяньне атруты, падалося, твар гаспадара зацягнуўся сьмяротным зялёным.

Тады чорны адчай авалодаў Сэмам, хобіт нахіліўся да зямлі, ноч прыйшла ў ягонае сэрца, і ён зьнерухомеў.

Калі апрытомнеў нарэшце, зірнуў навокал, на змрок і цені. Ці хвіліны прамінулі, ці гадзіны – ня ведаў. Тыя самыя камяні вакол, а гаспадар гэтаксама ляжыць побач, памерлы. I ад гэтага не рассыпаліся ў пыл горы й зямля па-ранейшаму трымала іх.