Выбрать главу

Далёка ён не прайшоў. Крыху аддаліўся ад тунэлю, да расколіны перавалу заставалася пара сотняў крокаў ці каля таго. Сьцежка рысавалася ў змроку глыбокай прорыняй, выбітай вякамі карыстаньня, паволі ўздымалася па доўгай цясьніне з скаламі паабапал. Цясьніна хутка звужалася. Неўзабаве Сэм сягнуў доўгай лесьвіцы з шырокімі прыступкамі. Зараз орцкая вежа высілася проста над галавою, і чырвонае вока яе вакна зьзяла. Сэм схаваўся ў цені. Набліжаўся да верху лесьвіцы і, нарэшце, да перавалу.

– Я вырашыў, – паўтараў ён сабе.

Але ж насамрэч не. Хоць і намагаўся што моцы пераканаць сябе, усё ж супраць таго, што рабіў цяпер, паўставала самая ягоная нутрына. Нешта было ня так.

– Але што? – меркаваў ён. – Што я сапсаваў?

Між высокімі сьценамі перавальнай цясьніны, амаль сягнуўшы вяршыні, да таго, як стаць на сьцягу, што спускалася ў Неназывальную зямлю, ён азірнуўся. I замер на імгненьне ў невыносным сумневе. Адсюль мог бачыць чорную плямку ў шэрым густым цені, гарлавіну тунэлю, падумаў, што можа пабачыць ці здагадацца, дзе ляжыць Фрода. Угледзеўся ў каменную пляцоўку, дзе на трусачкі рассыпалася яго жыцьцё: напэўна, вунь там, зьлёгку праблісквае на зямлі – ці тое сьлёзы засьцяць вочы?

– Каб толькі зьдзейсьнілася маё жаданьне, адно жаданьне, – уздыхнуў ён, – вярнуцца й знайсьці яго!

Тады нарэшце павярнуўся да шляху наперадзе й зрабіў некалькі крокаў – самых цяжкіх і неахвотных за ўсё жыцьцё.

Усяго некалькі. Зараз яшчэ столькі – і ўжо крочыць уніз, і, напэўна, аніколі болей не пабачыць таго месца. Але зьнянацку пачуў лямант ды галасы. Ён замер. Так, оркавы галасы. I наперадзе, і ззаду. Тупаценьне й грубыя крыкі: оркі беглі да перавалу здаля, ад якой вежавай брамы, мусіць. I ззаду тупат ды брыдкія выгукі. Ён разьвярнуўся й убачыў маленькія чырвоныя агеньчыкі – паходні мільгацелі, выскокваючы адна за адной з тунэлю. Паляваньне сягнула мэты. Барвовае вока вежы было не сьляпое. Яго спаймалі.

Пробліск паходняў, бразгат наперадзе зусім наблізіліся. Праз хвіліну дабягуць да верху, кінуцца на яго! Надта доўга ён вырашаў, цяпер усё дарма! Як уцячы, выратаваць сябе й пярсьцёнак? Пярсьцёнак? Ён і ня думаў анічога, і не вырашаў. Папросту вынайшаў, што ўжо выцягвае ланцуг ды бярэ пярсьцёнак у руку. Галава першага орка паказалася над краем перавалу. Тады Сэм насунуў пярсьцёнак.

Сусьвет зьмяніўся. I быццам у адно імгненьне сапраўднага часу зьмесьцілася гадзіна разважаньняў і назіраньняў. Адразу зразумеў, што неверагодна абвострыўся слых, а зрок сьцьмеў, але ж ня так, як у логаве Шэлаб. Рэчы не хаваліся ў змроку, аднак размыліся, страцілі выразнасьць, а сам хобіт застаўся, бы маленькая чорная скала ў сусьвеце шэрага туману, самотны, і пярсьцёнак, адцягваючы долу левую руку, зьзяў, як кольца распаленага золата. Сэм зусім не адчуваў сябе нябачным, наадварот, цалкам прыкметным, жудасна аголеным для позіркаў, і ведаў, што дзесьці Вока шукае, намагаецца ўгледзець яго.

Сэм чуў ляскат камянёў і далёкі шэпт вады ў Моргульскай даліне, чуў булькатлівы, жаласьлівы енк Шэлаб пад скаламі, як яна мацае сьцены, паўзе, заціснутая ў нейкім тупіку, чуў галасы ў скляпеньнях вежы, выгукі оркаў, што выбеглі з тунэлю, дый аглушальнае, нібыта роў проста ў вушы, тупаценьне й разьдзіральны жалезны ляскат оркаў перад сабою. Ён прыціснуўся да сьцяны. Але тыя прабеглі, быццам шыхт прывідаў, шэрыя зьнявечаныя постаці ў тумане, цені страху з бляднымі агеньчыкамі паходняў у руках. Яны прабеглі міма. Сэм скурчыўся, намагаючыся адпаўзьці прэч, затоіцца ў якой шчыліне ці яміне.

Прыслухаўся. Оркі з тунэлю й тыя, што беглі празь перавал, заўважылі адны адных, і вось абодва разьдзелы сьпяшаліся й перагукваліся. Чуў ясна й тых, і іншых і разумеў, пра што гамонка. Ці пярсьцёнак даў разуменьне моваў, асабліва моваў тых, хто паслугоўваў творцу пярсьцёнка, ці мо сам Сэм разумеў, таго не ўсьведамляючы, ды незаўважна для сябе перакладаў свае думкі. Безумоўна, моц пярсьцёнка вырасла шматкроць паблізу ад месца ягонага стварэньня, але ж аднога ён даць ня мог – адвагі. Пакуль што Сэм марыў толькі, як схавацца, як залегчы ціхенька, пакуль усё супакоіцца, і трывожна прыслухоўваўся. Ня мог разабраць, ці далёка моўцы, бо, падавалася, кажуць проста на вуха.