Выбрать главу

– Ахой, Гарбаг! Ты што тут робіш? Вайна ўжо надакучыла?

– Загад у мяне, ёлуп. А ты што робіш, Шаграт, цікава? Тырчэць тутака стаміўся? Долу захацелася, мечам памахаць?

– Загады ў яго, анягож. Гэта табе загады, а тут загадваю я. Я – ачольца гэтага перавалу. Таму язык прытрымлівай. Што выведаў?

– Анічога.

Тут дыялог правадыроў перарвалі лямант ды галашэньне.

– Га! Га! Гэй!

Оркі знайшлі нешта ніжэй па дарозе. Пабеглі, за імі астатнія.

– Гэй! Ахой! Тут нешта! Упрост на сьцежцы ляжыць! Віж! Гэта віж!

Загулі, зараўлі ражкі, оркі загаласілі, залямантавалі рознагалоса.

З гэтай жудаснай весткаю Сэм абудзіўся ад баязьлівасьці, ад жаданьня хавацца. Яны знайшлі гаспадара! Што ж зробяць? Сэм чуў такія расповеды пра оркаў, што кроў сьцюдзянела ў жылах. Не, дазволіць тое немагчыма. Ён ускочыў. Усё, да трасцы мэты й абавязкі, а страх ды сумнеў – разам зь імі! Ён ведаў, дзе ягонае месца, дзе яно мусіць заўжды быць – побач з гаспадаром, хоць як гэтага дамагчыся, ня ведаў. Ён пабег уніз па прыступках, да Фрода.

"Колькі там? – разважаў ён. – Зь вежы сама мала трыццаць ці сорак дый зьнізу нашмат болей. Колькі ж я заб'ю да таго, як яны мяне дастануць? Яны пабачаць зьзяньне меча, як толькі я яго выцягну, і дастануць мяне раней ці пазьней. Цікава, ці згадаюць у якой песьні, як Сэмвайз загінуў на Высокім перавале, нагрувасьціўшы сьцяну целаў вакол свайго гаспадара. Не, песьняў ня будзе. Бо пярсьцёнак знойдуць і песьняў больш ня будзе. А што зробіш. Маё месца – побач з Фрода! Яны мусяць зразумець – Эльранд дый Рада, усе ўладары дый панны з усёй іхняй мудрасьцяй. Ня так павярнуліся іхнія пляны. Не магу быць носьбітам пярсьцёнка для іх. Без спадара Фрода – не!

Але оркі ўжо зьніклі зь ягонага засмужанага позірку. Раней часу не было, каб зразумець, у якім ён сам стане. А зараз дапяў нарэшце, як стаміўся, зьнясілеў амаль дашчэнту. Ногі ня слухаліся. Марудна, надта марудна. Сьцежка, падавалася, цягнулася бясконцыя вёрсты. Куды яны ўсе падзеліся ў гэтым тумане?

Вось яны! Далёка наперадзе – купка постацяў вакол нечага на зямлі, а некалькі мітусяцца туды-сюды, вынюхваючы па-сабачаму. Сэм паспрабаваў паскорыць хаду.

– Давай, Сэме! – падбадзёрыў сябе. – Ці зноў спозьнісься.

Аслабіў корд у похвах, каб лягчэй выцягваўся. Праз хвіліну выхапіць і...

Пачуўся дзікі лямант, гуканьне й рогат, і нешта прыўзьнялі зь зямлі.

– Гэй, хой! Тупа-тапа-хой! Давай, падымай!

Тады нехта выгукнуў:

– Панесьлі! Хутчэй! Кароткім шляхам – пад скалой! Яна нас сёньня, мяркуючы з пазнакаў, не патурбуе!

Цэлая купа оркавых постацяў пачала рух. Чацьвёра ў сярэдзіне натоўпу несьлі цела на плячох.

– Гэй, хой!

Яны забралі Фродава цела. I сышлі прэч. Сэм не дагнаў іх. Але пагоні не спыніў. Оркі сягнулі тунэлю й рушылі ўсярэдзіну. Тыя, што несьлі цела, ішлі першымі, а за іхнімі сьпінамі ўтварылася ладная таўкатня й гвалт. Сэм наблізіўся. Выцягнуў корд, пробліск блакітнага полымя ў дрыготкай руцэ, але оркі яго не заўважылі. Толькі, пыхкаючы, дабег да тунэлю, а оркі ўжо ўсе пазьнікалі ў ягоным чорным правале.

На момант прыпыніўся, хапаючы ротам паветра, прыклаў руку да грудзей. Тады рукавом выцер твар, сьціраючы бруд, пот і сьлёзы. "Кляты бруд!" – вымавіў у сэрцы й скочыў за ворагамі ў цемру.

Болей змрок у тунэлі не падаваўся яму апраметным, ён быццам крочыў з танчэйшага туману ў шчыльнейшы. Стома расла, але ж мацнела й воля, і рашучасьць. Меркаваў, што бачыць пробліскі паходняў наперадзе, але як ні намагаўся, дагнаць іх ня мог. Па тунэлях оркі бягуць хутка, а гэты тунэль яны ведалі добра, бо, нягледзячы на Шэлаб, часьцяком карысталіся праходам, найхутчэйшым шляхам ад мёртвага гораду праз горы. У якой мінуўшчыне вычасалі галоўны тунэль ды круглую яміну, дзе пасялілася Шэлаб, оркі ня ведалі, але ж самі прабілі мноства абыходаў з абодвух бакоў, каб прамінуць яе логавішча, бегаючы туды-сюды па справах сваіх гаспадароў. Гэтай ноччу яны далёка не абыходзілі, а сьпяшаліся да бакавога шляху, які вёў пад скалою напрамкі да вартавой вежы на скале. Многія оркі весела гукалі, узрадаваныя відовішчам ды знаходкай, беглі, баўбаталі й галасілі на манер сваёй пароды. Сэм чуў грубыя галасы, пустыя й гулкія ў мёртвым паветры, і вылучыў зь іх два – больш адметныя, гучныя, напэўна, найбліжэйшыя да яго. Ачольцы абедзьвюх камандаў, падавалася, прыадсталі, спрачаючыся на хаду.