Выбрать главу

Арагорн трымаў варту ля нябожчыка, пакуль Ляголас з Гімлі сьпяшаліся да Парт Галену пехатою. Датуль было зь вярсту ці крыху болей, прайшло колькі часу, пакуль яны вярнуліся, выграбаючы ўздоўж берагу.

– Дзівосныя рэчы, – распавёў Ляголас. – На беразе толькі два чоўны. I аніякіх прыкметаў трэцяга.

– Оркі? – перапытаў Арагорн.

– Не, ані сьледу іх, – адказаў Гімлі. – Ды яны забралі б чоўны ці панішчылі б, дый пакладу таксама.

– Трэба будзе праверыць глебу там, калі вернемся, – вырашыў Арагорн.

Бараміра апусьцілі на дно чоўна, прызначанага для ягонага апошняга падарожжа. Шэры эльфскі плашч скаталі й падклалі ваяру пад галаву. Прычасалі доўгія цёмныя валасы й расправілі па плячох. Паправілі залаты лорыйнскі пас, паклалі побач зь нябожчыкам шалом, а на калені – расьсечаны надвая рог ды кавалкі паламанага меча. У нагах склалі мечы пабітых ворагаў. Пасьля прывязалі нос чоўна да кармы другога й сьпіхнулі ў ваду. Выграблі ўздоўж берагу за зялёную прастору Парт Галену. На стромых берагах Тол Брандыру зьзяла сонца, бо дзень хіліўся да надвячорку. А далей на поўдзень смуга Рэрасу ўздымалася й зьзяла зіхоткім золатам. Роў і грукат вадаспадаў трос паветра.

Сумна й тужліва адчапілі вандроўнікі пахавальны човен. Барамір ляжаў спакойны й нерухомы, родная яму рака хутка мкнула міма. I вось плынь падхапіла яго й панесла прэч, пакуль жывыя сябры падграбалі, каб прыпыніць свой човен. Барамір мінуў іх, і неўзабаве пахавальны човен аддаліўся, зрабіўся цёмнаю кропкаю ў залатым зьзяньні. I зьнянацку зьнік. А Рэрас роў па-ранейшаму, быццам анічога не адбылося. Рака забрала Бараміра, сына Дэнэтара, і аніколі болей ня ўбачылі яго ў Мінас Тырыце, не прыкмецілі ягонай постаці наверсе Белай вежы, як звычайна раніцою. Хоць шмат гадоў пасьля распавядалі, што эльфскі човен мінуў вадаспады й пенныя віры за імі й пранёс Бараміра да Азгіліяту, а за ім – праз адну з шматлікіх сутокаў Андуйну вынес у Вялікае мора, у спрадвечную пад зорамі ноч.

Пэўны час тры паплечнікі маўчалі, праводзячы Бараміра позіркамі.

– Яго будуць выглядаць зь Белай вежы, – вымавіў нарэшце Арагорн, – але ён ня вернецца ані з гор, ані ад мора.

I засьпяваў павольна:

Над роханскім стэпам вольным, дзе шапочуць доўгія травы, Імкнецца вецер заходні, павольны, лагодны, жвавы. "Гэй, вецер вандроўны! Якія нясеш ты весткі з сабою? Ці ж Барамір Высокі крочыў тваёй зямлёю?" I вецер сказаў: "Ён крочыў. За сямю ён цяпер струмянямі, За шэрай пустой зямлёю, за водамі, за гарамі, У цень паўночны сышоў, паглынула яго чужына. Спытайце паўночны вецер: ці бачыў Дэнэтара сына?" О, Барамір! З муроў высокіх я б пабачыў цябе здалёку, Але ты да мяне не вярнуўся з пустога заходняга змроку.

Тады засьпяваў Ляголас:

З сутваў паўднёвы прыходзіць вецер, зь дзюнаў і камянёў, Мэваў жалобны прыносіць лямант, стогне між сьцен і дамоў. "Якія ж ад мора весткі нясеш ты, вецер-пяюн, з сабою? Дзе ж Барамір Сьветлы? Сэрца мне плача тугою". "Не пытай у мяне, – кажа вецер. – Бо між маімі пяскамі Толькі мёртвыя косткі я бачыў ля водаў і за берагамі. Колькі ж прынёс іх Андуйн да хваляў спрадвечнага мора! Спытайце вецер паўночны, бо я нясу толькі гора". О, Барамір! За брамай маёю дарога да мора мкнецца сівога. Але ж ты да мяне не вярнуўся ад берагу штармавога.

I Арагорн засьпяваў зноў:

Ад Каралеўскай брамы паўночны вецер над плынямі мкне, Зьлівай ільдзянай над Белаю вежай песьню сваю ліе. "Якія з поўначы весткі, вецер магутны, ты прынясеш з сабою? Дзе ж Барамір Дзёрзкі? Ці сьпяшаецца стрэцца з мною?" – "За Аман Эн чуў я воя голас, у бітве сьмяротнай ля роднай зямлі, Яго паламаны меч і пасечаны шчыт па Вялікай рацэ паплылі. Шляхам апошнім яго гонар і моц човен імклівы панёс, бы страла. I Рэрасу залатая купель у бурлівае ўлоньне яго прыняла". – "О, Барамір! Зь Белай вежы Вартоўнай, дзе калісьці ты варту нёс, Заўжды пазіраць я буду на Рэрас, дзе спасьціг цябе лёс".

Так яны скончылі сьпяваць. I павярнулі човен, і пагрэблі што моцы супраць плыні назад, да Парт Галену.