Выбрать главу

Там у прахалодны сьвітальны час крыху адпачылі. Маладзік схаваўся за горамі, але зоры блішчэлі над галавою, бо першыя сонечныя промні яшчэ не адолелі цьмянага хрыбта. Пакуль што й Арагорн ня мог адшукаць орцкага сьледу: той спускаўся ў даліну й губляўся там.

– Куды ж яны павярнулі? – спытаў Ляголас. – На поўнач – просты шлях да Ізенградку ці Фангарну. Мяркуеш, тое была іхняя мэта? Ці яны рушылі на поўдзень, каб сягнуць Энтуі?

– Куды б яны ні кіраваліся, да ракі ім ходу няма, – адказаў Арагорн. – І калі ня ўсё яшчэ зруйнавалася ў Рохане й моц Сарумана не нашмат большая, чым я мяркую, оркі пабягуць праз роханскі стэп найкарацейшай дарогаю, якую толькі знойдуць. Пашукайма на поўначы!

Даліна цягнулася, быццам каменная канава паміж вызубранымі хрыбтамі, а на дне яе, між валуноў, высочваўся кволы струменьчык. Праваруч навісала скала, а леваруч уздымаліся схілы, цьмяныя й аднолькава шэрыя ў начным змроку. Па даліне прайшлі вярсту ці дзьве на поўнач. Арагорн, нахіліўшыся да зямлі, вышукваў сьляды па лагчынах і цясьнінах заходніх схілаў. Ляголас рушыў наперадзе. Зьнянацку ён зьдзіўлена выгукнуў, і сябры кінуліся да яго.

– Каго-нікаго з тых, за кім гналіся, мы ўжо напаткалі, – сказаў эльф. – Зірніце!

Паказаў рукой, і астатнія раптам зразумелі, што цёмныя кучы пад схілам, якія спачатку падарожнікі прынялі за валуны, – гэта целы: пяць оркаў, пасечаных мноствам жорсткіх удараў, два – абезгалоўленыя. Зямля навокал намокла ад іхняй чорнай крыві.

– Вось і яшчэ загадка! – заўважыў Гімлі. – А каб адказаць, патрэбнае дзённае сьвятло, ды якраз яго мы чакаць ня можам.

– Якую адгадку тут ні прыдумаеш, усё нам на карысьць, – прамовіў Ляголас. – Ворагі оркаў – напэўна ж, нашыя сябры. Ці жывуць якія людзі на гэтым пагор'і?

– Не, – адказаў Арагорн. – Рахірымы зрэдку заяжджаюць сюды, а Мінас Тырыт надта далёка. Можа быць, нейкая суполка людзей палявала тут зь невядомай нагоды. Але ж, найхутчэй, гэта не паляўнічыя.

– А хто? – пацікавіўся Гімлі.

– Оркі. Яны самі сабе ворагі, – патлумачыў Арагорн. – Забітыя – толькі оркі з поўначы, сярод іх аніводнага вялікага орка зь дзіўнымі пазнакамі. Напэўна, пасварыліся й пабіліся – звычайная рэч сярод гэтага нячыстага племені. Мо паспрачаліся, які шлях абраць.

– Або што рабіць з палоннымі, – дадаў Гімлі. – Будзем спадзявацца, што яны перажылі гэтую свару.

Арагорн абшукаў мясцовасьць навокал, але аніякіх іншых прыкметаў бойкі не знайшоў. Тады крочылі далей. Ужо нябёсы на ўсходзе пабляклі й паціху разьлівалася шэрае сьвятло. Крыху далей на поўнач напаткалі расколіну, па якой маленечкая крынічка, саскокваючы з камянёў і віючыся, прабіла шлях па камяністым дне. Ля яе там-сям рос вербалоз ды купінкі травы на схілах.

– Нарэшце! – уздыхнуў з палёгкай Арагорн. – Вось і сьляды, якія мы шукалі. Уверх, уздоўж крыніцы – туды оркі рушылі пасьля спрэчкі.

Спрытна пагоня скіравалася па сьлядох. Нібы пасьля добрага начнога адпачынку, жвава скакалі сябры з каменя на камень. Сягнулі вяршыні, самага краю шэрага хрыбта, і нечаканы вецер узварушыў валасы, зашкуматаў плашчы – халодны подых раніцы.

Азірнуўшыся, пабачылі, як асьвятліліся пад першымі промнямі пагоркі за ракою – сьвятло новага дня скочыла ў нябёсы. Чырвоны край сонца ўзьняўся над каржакаватымі косткамі цьмянай зямлі. Наперадзе, на захадзе, сьвет ляжаў яшчэ ў начным спакоі, бясформавы, шэры. Але проста на вачох начны цень плавіўся, разыходзіўся, і ўваскрасалі фарбы жывой зямлі – зеляня разьлівалася па шырокіх лугах Рохану, белыя туманы блішчэлі ў рачных далінах – і далёка леваруч, васямнаццаць з паловай міляў ці нават болей, блакітна-барвяным мурам высіліся Белыя горы, падпіраючы нябёсы чорнымі пікамі, каранаванымі зіхоткім сьнегам, пунсаватым ад промняў раніцы.

– Гондар, Гондар! – выклікнуў Арагорн. – Калі б толькі я пабачыў цябе ў шчасьлівейшы дзень! Яшчэ не надышла часіна рушыць мне на поўдзень, да зыркіх тваіх струмянёў!

О Гондар! Магутны Гондар! Між морам тваім і гарамі Сьпеўны захаду вецер імчаў над срэбнымі галінамі. Зьзяла Белае Дрэва над стальцом каралёў мінулых, Зьзяла золатам сонца на каронах кірлевакрылых. О Гондар! Калі ж ізноў Дрэва Срэбнага галінамі Зайграе вецер заходні між морам тваім і гарамі?