Выбрать главу

– Хадзем! – вымавіў тады, адарваўшы позірк ад поўдня й вяртаючы яго на поўнач і захад, куды трэба было рушыць.

Хрыбет, на якім стаялі вандроўнікі, проста перад імі строма абрываўся. За тузін сажняў унізе ішла шырокая шчарбатая паліца, а за ёю – скальны адхон, Усходняя сьцяна Рохану. Ёю заканчваўся Эмін Мюйл, а тады зялёная роўнядзь краіны рахірымаў слалася да самага далягляду.

– Зірніце! – Ляголас паказаўу бясколерныя нябёсы над галовамі. – Ізноў арол! Надта высока, зараз, здаецца, ляціць прэч адсюль на поўнач, і вельмі хутка. Зірніце!

– Не, нават мае вочы ня здольныя яго пабачыць, шаноўны Ляголасе, – зазначыў Арагорн. – Ён ляціць сапраўды высока. Цікава, ці гэта той самы арол, якога я ўжо бачыў. Які вецер прынёс яго сюды? Але ж гляньце на роўнядзь, бліжэй да нас і нашае мэты: там нешта рухаецца!

– Шмат чаго рухаецца, – пацьвердзіў Ляголас. – Вялікі ваярскі шыхт пехатою. Аднак не магу скеміць, што за народ. Далёка: сем міляў. Мо й болей – на гладкай роўнядзі цяжка ацэньваць адлегласьць.

– А мо нам ужо й ня варта шукаць сьлед? – прабурчэў Гімлі. – I так відаць, куды кіравацца. Трэба знайсьці спуск як мага хутчэй.

– Наўрад ці ты знойдзеш сьцежку да оркаў, карацейшую ад оркавай, – сказаў на тое Арагорн.

Цяпер перасьледавалі ворагаў пры ясным дзённым сьвятле. Відавочна, тыя імчалі з усіх ног. Там і тут трапляліся рэчы, якія оркі згубілі на бягу ці выкінулі: мяхі для прыпасаў, недагрызкі й скарынкі збуцьвелага шэрага хлеба, падраны чорны плашч, цяжкі, з жалезнымі цьвікамі бот, разьбіты на камянёх. Сьлед доўга вёў па хрыбце на поўнач і нарэшце вывеў да глыбокай расколіны, вычасанай бурлівым, шумным струменем, які зьбягаў па ёй долу. Грубая сьцежка скакала ўздоўж яго, нібы лесьвіца.

Унізе неяк раптоўна й нечакана для сябе вандроўнікі крочылі з камянёў адразу на пышную траву Рохану. Яна зялёным морам уздымалася ад самага ўзножжа Эмін Мюйлу. Струмень зьнікаў у густых высокіх зарасьцях крэс-салаты ды ўсялякіх водных расьлінаў, ягонае цьвірчэньне чулася зь зялёнага тунэлю, які віўся па доўгіх спадзістых схілах да панізьзяў далёкай Энтуі. Падавалася, зіма захрасла сярод пагоркаў, так і не спусьціўшыся сюды. Тут і паветра было цяплейшым ды мякчэйшым, і зьлёгку патыхала жывою травою, нібы вясна ўжо заварушылася тут, зноў пагнала сок па травінах і лістах. Ляголас удыхнуў глыбока – рыхтык глынуў найсмачнейшай акавіты пасьля нудотнай смагі, народжанай пустэчаю.

– Ах! Які водар! – выдыхнуў ён. – Сьвяжэй пачуваесься, чым паспаўшы. Бегма!

– Так, лёгкія ногі тут пабягуць хутка, – пагадзіўся Арагорн. – Хутчэй, напэўна, чым падкаваныя жалезам оркі. Маем добры шанец скараціць адрыў.

Беглі адзін за адным, бы ганчакі за падранкам, і вочы зьзялі запалам паляваньня. Оркі пратапталі шырокі й брудны сьлед, проста на захад, зьмяўшы ды панішчыўшы сакавітую роханскую траву. Зьнянацку Арагон гукнуў ды скочыў убок.

– Стойце! – папярэдзіў. – Ня йдзіце за мною пакуль што!

Адбег направа, прэч ад галоўнага сьледу, бо заўважыў адбіткі маленькіх ног. Яны, аднак, цягнуліся недалёка. Неўзабаве іх перасеклі орцкія сьляды, што набліжаліся ззаду й сьпераду ды збоку, прама ад галоўнага гуфу, і тады маленькія сьляды губляліся, затаптаныя. Дзе яны далей за ўсё адыходзілі ад орцкага шляху, Арагорн, нахіліўшыся, нешта падняў з травы, тады засьпяшаўся назад.

– Так, без сумневаў – хобіцкія сьляды, – сказаў ён, – і, напэўна, Піпінавы – ён ніжэйшы. I зірніце-тка на гэта!

Падняў на далоні нешта бліскучае, што выглядала, як малады бярозавы лісток, прыгожы й дзівосны ў бязьлесавым стэпе.

Фібула з эльфскага плашча! – выклікнулі адначасова Ляголасз Гімлі.

– Лісты Лорыйну ня падаюць дарма, – радаваўся Арагорн. – I гэты не выпадкова згублены, а пакінуты знакам для мажлівых перасьледнікаў. Мяркую, Піпін і адбег убок дзеля таго.

– Ну, тады ён, сама менш, жывы, – заўважыў Гімлі. – І кеміць нядрэнна, і ногі ў яго рухаюцца. Тое ўзбадзёрвае. Ня марная пагоня.

– Будзем спадзявацца, што ён ня надта цяжка сплаціў за сваю дзёрзкасьць, – уздыхнуў Ляголас. – Бегма! Ад аднае думкі пра тое, што нашых юных вясёлых хлапчукоў гоняць, як быдла, маё сэрца палае.

Сонца ўскараскалася да прытню й зноў пакацілася долу. Лёгкія хмаркі прыплылі ад мора, з далёкага поўдня, дый сышлі прэч, зьнесеныя ветрам. Нарэшце й сонца зайшло. За сьпінамі ўзьняліся цені, працягнулі доўгія рукі з усходу. А пагоня ўсё не спынялася. Поўны дзень прамінуў ад гібелі Бараміра, а оркі яшчэ беглі далёка наперадзе. I на пляскатай роўнядзі іх было не відаць.