Выбрать главу

Калі спусьцілася ноч, Арагорн спыніўся. Толькі двойчы за ўвесь дзень адпачывалі кароткі час, і цяпер сем міляў ляжала між імі й усходняй сьцяной Рохану, дзе яны сустрэлі сьвітанак.

– Нарэшце перад намі цяжкі выбар, – сказаў ён, – ці трэба нам адпачыць уночы, ці будзем бегчы, пакуль хопіць волі й моцы?

– Адпачываючы, болей адстанем ад оркаў, – засмуціўся Ляголас. – Хіба яны таксама спыняцца.

– Пэўна ж, і оркам трэба спаць? – спытаў Гімлі.

– Оркі надта рэдка вандруюць па адкрытай мясцовасьці ўдзень, – прамовіў Ляголас, – а гэтыя ж бягуць сабе. Відавочна, і на ноч прыпыняцца не зьбіраюцца.

– Але ж уночы мы ня знойдзем іхняга сьледу, – заўважыў Гімлі.

– Сьлед прамы й ня збочвае анікуды да самага далягляду, – адказаў Ляголас.

– Магчыма, я й здолею весьці нават у цемры па прамой лініі, – задумаўся Арагорн, – аднак калі сьлед раптоўна зьверне, тады мы страцім шмат сьветлага часу на тое, каб яго зноў адшукаць.

– I яшчэ, – дадаў Гімлі, – толькі ўдзень мы пабачым, ці адыходзяць якія сьляды прэч. Калі які вязень уцячэ ці калі каго зь іх панясуць куды адрозна, напрыклад на ўсход, да Вялікай ракі, да Мордару, мы прабяжым міма ды ані прыкметы аніякай не заўважым.

– Гэта так, – пагадзіўся Арагорн. – Усё ж, калі я зразумеў усё дакладна, перамаглі оркі Белай Рукі, і ўся кампанія цяпер няспынна рушыць да Ізенградку. Так што ў напрамку я не сумняюся.

– Ці не легкадумна давяраць оркавай згодзе? – спытаў Гімлі. – I як наконт уцёкаў? У цемры мы прайшлі б міма пазнакаў, якія прывялі цябе да хобіцкай фібулкі.

– Цяпер оркі падвояць варту, і вязьні цяжка стомленыя, – запярэчыў Ляголас. – Наўрад ці каму зь іх зноў пашчасьціць зьбегчы, хіба толькі мы ім дапаможам. Як тое зьдзейсьніць – пытаньне, але спачатку трэба дагнаць.

– Нават я, гном, які зьведаў не адну вандроўку й ня самы зломак з майго народу, ня здолею дабегчы да Ізенградку без адпачынку, – сказаў Гімлі. – Сэрца маё таксама палае, і я рушыў бы на золку, але зараз мушу адпачыць хоць бы крыху, каб бегчы хутчэй. А калі ўжо нам адпачываць, дык чарнюткая ноч – найлепшы для таго час.

– Як я й казаў, выбар цяжкі, – заўважыў Арагорн. – I як мы скончым нашую спрэчку?

– Ты – правадыр, табе вырашаць, – падсумаваў Гімлі. – Ты майстра перасьледу. Абірай сам.

– Маё сэрца заклікае мяне рушыць, – вымавіў Ляголас. – Усё ж мы мусім трымацца разам. Я зраблю тое, што ты скажаш.

– Дрэннаму дарадцу вы даверыліся, – пахітаў галавою Арагорн. – З таго часу, як мы мінулі Арганатаў, кожны мой выбар абярнуўся ліхам.

Замаўчаў, доўга ўзіраючыся на поўнач і на захад, у загусьцелую цемру ночы.

– Не, скрозь цемру мы не пабяжым, – вырашыў нарэшце. – Небясьпека згубіць сьлед ці якія істотныя адзнакі падаецца мне надта вялікай. Калі б месяц сьвяціў зырчэй, мы скарысталіся б ягоным сьвятлом, але ж ён заходзіць рана й цяпер зусім маладзенькі, зусім слабы й бледны.

– А сёньня яго й засьціць да ўсяго, – прабурчэў Гімлі. – Вось каб панна й нам дала такое сьвятло, як Фрода!

– Яно болей патрэбнае таму, каму дадзена, – запярэчыў Арагорн. – Ён – той, хто йдзе да сапраўднай мэты нашай выправы. А нашыя справы – драбяза сярод вялікіх зьдзяйсьненьняў цяпершчыны. Магчыма, гэтая пагоня марная ад пачатку да заканчэньня, і аніякі мой выбар ужо ані на што не паўплывае. Аднак я абраў. Ну дык скарыстаймася часам адпачынку найлепей!

З тым лёг на зямлю й адразу заснуў, бо ня спаў ажно з ночы, калі сягнулі ценю Тол Брандыру. Прачнуўся й падняўся на дасьвецьці. Гімлі яшчэ неабудна спаў, а задуменны й маўклівы, нібы маладое дрэўца бязьветранай ноччу, Ляголас стаяў, узіраючыся на поўнач, у змрок.

– Яны цяпер далёка, надта далёка, – вымавіў сумна, павярнуўшыся да Арагорна. – Наўрад ці варта было спыняцца на ноч. Толькі арол здольны нагнаць іх цяпер.

– Пагонімся ўсё адно. Што здолеем, тое здолеем, – сьцьвердзіў Арагорн.

Нахіліўшыся, крануў гнома.

– Уставай, Гімлі! Мусім бегчы! Сьлед астывае!

– Яшчэ ж цёмна! – буркнуў гном. – Нават Ляголас з пагорку іх не разгледзіць, пакуль сонца ня выйдзе.

– Баюся, нават мне іх цяпер ня ўгледзець ні з роўнядзі, ні з пагорку, пад месяцам ці сонцам, – адказаў Ляголас.

– Дзе зрок ня здатны, дапаможа зямля, – зазначыў Арагорн. – Яна стогне пад іхнімі клятымі нагамі.

Лёг, прыціснуў вуха да дзёрну. Ляжаў гэтак доўга, што Гімлі зьдзівіўся: мо самлеў ці заснуў зноўку? Сьвітанак павольна разьліў навокал шэрае сьвятло. Нарэшце Арагорн узьняўся, і сябры пабачылі ягоны твар, зьбялелы, стомлены й занепакоены.