Выбрать главу

– Да яго шчэ далёка, – патлумачыў Арагорн. – Калі памяць не падводзіць, гэтае узгор'е цягнецца міляў на пяць амаль проста на поўнач, тады паварочвае да паўночнага захаду, да вытокаў Энтуі, – яшчэ міляў дзевяць, сама менш.

– Ну, дык наперад, – буркнуў Гімлі, – і няхай мае ногі забудуцца пра гэтыя шалёныя вёрсты. Яны забыліся б лягчэй, каб на сэрцы не было такога цяжару.

Сонца ўжо сядала, калі нарэшце дабраліся да канца пагор'я. Надта доўга рушылі зусім без спачыну. Цягнуліся ўжо павольна, і Гімлі ледзь перасоўваў ногі, згорбіўшыся. Гномы трываюць цяжкую працу ці падарожжа, бы каменныя, але бясконцая пагоня замардавала яго, пазбавіўшы ўсялякай надзеі. Арагорн шыбаваў сьледам, маўклівы й пахмуры, нахіляючыся часьцяком, каб уважлівей разгледзець які адбітак ці пазнаку на зямлі. Толькі Ляголас яшчэ ішоў як і раней, амаль не кранаючы нагамі травы й не пакідаючы сьлядоў. Эльфскі хлеб сілкаваў яго, даючы ўсё неабходнае, і спаць ён мог – калі чалавечае слова "спаць" можна да таго прыкласьці – упрост на нагах, пазіраючы расплюшчанымі вачыма на навакольле й адначасова сьвядомасьцю застаючыся ў дзівосных, неспасьцігальных сьмяротным эльфавых марах.

– Забярэмся на той вунь зялёны пагорачак! – абвесьціў ён.

Астатнія стомлена пайшлі за ім па доўгім схіле да самага верху. Пагорак быў круглы, гладкі й голы, стаяў асобна ад астатніх – апошні, паўночны ў шэрагу пагор'я. Сонца села, і цені сутоньня леглі, як заслона. Вандроўнікі засталіся адны ў шэрым безаблічным сусьвеце, і воку не было на чым затрымацца ў ім. Толькі далёка на паўночным захадзе чарнейшая цемра ўздымалася супраць сканалага сьвятла: Туманныя горы й лес ля іх узножжаў.

– Аніякай прыкметы, аніякага сьледу, – вымавіў Гімлі. – Зноў мусім чакаць да сьвятла, трываць ноч. Як жа сьцюдзёна робіцца!

– Вецер паўночны, ад гораў і сьнегу, – заўважыў Арагорн.

– А ранкам задзьме з усходу, – прадказаў Ляголас. – Адпачывайце, калі вам трэба. Але ж ня трацьце надзеі. Што прынясе раніца – не вядома. Часьцяком з новым днём прыходзяць і новыя весткі, і надзея зь імі.

– Тройчы ўжо нараджаўся новы дзень нашай пагоні, – сказаў Гімлі змрочна, – і ані вестак, ані надзеі.

Уночы яшчэ пахаладнела. Арагорн з Гімлі спалі неспакойна. Калі прачыналіся, бачылі Ляголаса, які стаяў побач ці хадзіў туды й сюды, ціхенька напяваючы сабе пад нос па-эльфску, і пад ягоны сьпеў на чорным небасхіле загараліся зоркі. Так мінула ноч. Раніцу сустрэлі ўжо на нагах. Сьвятло павольна заліло нябёсы, бясхмарныя, адкрытыя, і ўзышло сонца, бляклае й чыстае. Вецер падзьмуў з усходу, разьвеяўшы ўсе туманы. Навакол шырока раскінуліся негасьцінныя й бясколерныя ў халодным сьвятле землі.

Наперадзе й на ўсходзе ляжала прадзьмутае вятрамі Роханскае Пустагор'е, якое заўважылі шмат дзён таму, спускаючыся па Вялікай рацэ. На паўночным захадзе падымаўся змрочны лес Фангарн – яшчэ шэсьць міляў было да цяністых узьлескаў, а дальні край зьнікаў у блакітнай смузе. У далечы праблісквала, плыла ў шэрай хмары белая галава высокага Мэтэдрасу, апошняга піку Туманных гор. Насустрач вандроўнікам зь лесу выцякала Энтуя, хуткаплынная, вузкая, з стромымі высокімі берагамі. Оркаў сьлед паварочваў ад пагор'я да яе.

Прасачыўшы пільнымі вачыма сьлед да ракі й уверх па ёй да лесу, Арагорн заўважыў цень на далёкай зялені, цёмную плямку, што хутка рухалася. Лёг на зямлю, прыслухоўваючыся. А Ляголас побач прыкрыў свае вострыя эльфскія вочы доўгай тонкай далоньню й разгледзеў ня плямку й не размыты цень, а малюсенькія постаці мноства вершнікаў. Ранішняе сонца блішчэла на канчарах дзідаў, быццам мірганьне далёкіх зораў, недаступных сьмяротнаму зроку. А за вершнікамі тонкімі пакручанымі пялёсткамі падымаўся ў паветра чорны дым.

Цішыня вісела над пустымі палямі, і Гімлі чуў толькі шорхат ветру ў траве.

– Вершнікі! – выгукнуў Арагорн, ускокваючы. – Мноства вершнікаў на спрытных конях рушаць да нас!

– Так, – пацьвердзіў Ляголас. – Сотня й пяць. Саламяныя валасы, зіхоткія дзіды. Іхні ачольца надта высокі.

– Вострыя ж вочы ў эльфаў, – усьміхнуўся Арагорн.

– Да іх менш за тры мілі.

– Тры ці адна, – зазначыў Гімлі, – схавацца ці ўцячы нам няма куды. Ці дачакаемся іх, ці пабяжым сваім шляхам?

– Пачакаем, – сказаў Арагорн. – Я стаміўся, нашая пагоня сталася марнай. Ці, дакладней, іншыя пасьпелі раней, бо ж гэтыя вершнікі вяртаюцца па орцкім сьледзе. Магчыма, атрымаем ад іх якія навіны.

– Або дзіды, – дадаў Гімлі.

– Я бачу пустыя сёдлы, але ня хобітаў, – заўважыў Ляголас.

– Я ж не сказаў, што навіны будуць добрыя, – вымавіў Арагорн, – але добрыя ці благія – прычакайма іх тут.