Выбрать главу

Абодва змоўклі на пэўны час. Піпін трывожна глядзеў на ўсход, нібы чакаў, што ў любы момант тысячы оркаў кінуцца праз палі.

– А што там? – паказаў на сярэдзіну вялікай дугі Андуйну. – Ці тое іншы горад?

– Былы горад. Сталіца Гондару, бо наша места – толькі ягоная крэпасьць. Гэта руіны Азгіліяту па абодвух берагох Андуйну. Даўным-даўна ворагі захапілі й выпалілі яго. Аднак у дні маладосьці Дэнэтара мы адбілі яго – не для таго каб жыць, а каб трымаць як перадавое ўмацаваньне ды каб адрамантаваць мост для праходу нашага войска. А потым зьявіліся Лютыя Вершнікі зь Мінас Моргулу.

– Чорныя Вершнікі? – у вачох Піпіна зноў паўстала цемра колішняга жаху.

– Так, яны чорныя. Бачу, ваша нешта пра іх ведаеш, хоць і не згадаў у расповедах.

– Я ведаю іх, – вымавіў Піпін ціха, – але цяпер згадваць не хачу, гэтак блізка... блізка да...

Ён запнуўся й падняў вочы, пазіраючы за раку, і за ёю ўсё падалося яму адзіным неабсяжным пагрозьлівым ценем. Магчыма, тое горы грувасьціліся на самай мяжы зроку, іхнія вызубраныя хрыбты засмужыліся дванаццацьцю мілямі туманістага паветра, ці паўставала сьцяна хмараў, а за ёю – яшчэ глыбейшы змрок. Але ж нават пакуль пазіраў, той змрок разрастаўся, шчыльнеў, павольна, надта павольна прасоўваючыся наперад, каб закрыць, агарнуць, прыдушыць сабою тое, што яшчэ заставалася пад сонцам.

– Гэтак блізка да Мордару? – перапытаў Бэрэганд спакойна. – Так, там ён ляжыць. Мы рэдка называем яго, але заўжды жылі ля ягонага ценю. Часам ён падаваўся слабейшым і далейшым, часам блізкім і пагрозьлівым. Цяпер ён расьце й чарнее, таму растуць і наш страх, і трывога. А Лютыя Вершнікі меней як год таму адбілі ў нас пераправы, там загінула шмат найлепшых ваяроў. Гэта Барамір выбіў нарэшце ворага з заходняга берагу, і дзякуй яму – мы яшчэ трымаем палову Азгіліяту. Пакуль што. Бо чакаем новую навалу. Магчыма, галоўную навалу вайны, што рушыць на нас.

– А калі менавіта чакаць яе? Ці здагадваецеся вы? Бо мінулай ноччу я бачыў, што вартавыя агні палаюць, бачыў ганцоў. Гэндальф казаў: гэта знак пачатку вайны. Ён, падавалася, адчайна сьпяшаўся. А цяпер, бачу, усё зноў нейк запаволілася й прыціхла.

– Гэта таму, што ўсё ўжо падрыхтаванае: нібы глыбокі ўдых перад тым, як скочыць наперад.

– А чаму мінулай ноччу запалалі празоры?

– Таму што позна клікаць дапамогу, калі ты ўжо ў аблозе. Аднак я ня ведаю пастановаў намесьніка й правадыроў. У іх шмат шляхоў збору зьвестак. А ягамосьць Дэнэтар не падобны да іншых людзей. Ён далёка бачыць. Некаторыя кажуць: начамі ён сядзіць самотны ў сваім пакоі высока на вежы і, кіруючы воляй і думкамі, заглядвае ў будучыню, а розумам часам працінае нават думкі Ворага, змагаючыся зь ім. Таму ён састарэў так, вытаміўшыся задоўга да свайго часу. Ну, гэтак альбо інакш мой правадыр, Фарамір, цяпер за ракою, выконвае нейкае небясьпечнае даручэньне. Верагодна, і ён даслаў нейкія навіны.

Але ж калі хочаш ведаць маю думку пра агні: напэўна, гэта праз учорашнія навіны з Пажыцьцяў. Вялікі флёт набліжаецца да сутокі Андуйну – піраты з Умбару з Поўдня. Даўно ўжо яны не баяцца моцы Гондару, злучыліся з Мордарам і цяпер на ягоны загад вядуць на нас вялікае войска. А іхні напад забярэ ад нас падтрымку з Пажыцьцяў і Бэльфаласу, дзе люд шматлікі й дужы. Таму нашыя надзеі – на Рохан, і тым большая нашая радасьць ад перамогі, пра якую ваша распавёў.

I ўсё-ткі, – тут ён прыпыніўся ды, выпрастаўшыся, азірнуўся на ўсе бакі, – ізенградзкія падзеі – папярэджаньне нам. Мы патрапілі ў сеціва вытанчанага й майстэрскага пляну. Аніякіх цяпер сутычак на бродах, набегаў зь Ітыльёну й Анарыёну, аніякіх засадаў ды разбою. Гэта – вялікая вайна, і мы ў ёй усяго толькі асобная частка, як бы нашая пыха таму не пярэчыла. Прыйшлі зьвесткі: шмат чаго адбываецца за Ўнутраным морам, і на поўдні Ліхалесься, і на поўдні ў Харадзе. Цяпер усім каралеўствам вялікае выпрабаваньне: вытрымаць і выстаяць ці паддацца ценю.

Усё ж, спадару Перыгрыне, нам – галоўная пашана. Нас Чорны Ўладар ненавідзіць болей за ўсіх, нянавісьцю, якая расьце з глыбіняў часу, расьце з-за мора. Сюды молат навалы абрынецца з найвялікшаю моцаю. I таму Мітрандыр так сьпяшаўся. Бо калі ня выстаім мы, хто выстаіць? Спадару Перыгрыне, ці бачыш хоць бы якую надзею для нас?

Піпін не адказаў. Зірнуў на моцныя муры, на вежы й харугвы, на сонца высока над галавою, а тады на густы змрок на ўсходзе й падумаў пра доўгія рукі гэтага Ценю: пра оркаў у лясах і гарах, пра здраду Ізенградку, пра птушак-віжоў, пра Чорных Вершнікаў на брукаванках роднага Шыру – і пра крылаты вусьціш, пра назгула. Здрыгануўся, і ўсялякая надзея пакінула яго. Нават у гэты момант і сонца заценілася, бы чорныя крылы засланілі яго. Амаль па-за слыхам, падалося, адрозьніў далёка й высока ў нябёсах лямант: слабы, але ж холадам адгукнуўся ён у сэрцы, жорсткі й люты. Хобіт пабялеў і прыціснуўся да сьцяны.