Выбрать главу

Колькі часу падарожнікі скакалі. У нябёсах распальваўся сьвітанак. Піпін прачнуўся й агледзеўся наўкол. Леваруч разьлілося мора туману, уздымаючыся да бледнага ценю на ўсходзе, а праваруч рэзка й магутна рысаваліся неабсяжныя горы, строма й раптоўна замыкаючы захад, нібы калісьці, падчас стварэньня гэтай зямлі, рака прарвалася праз волатаўскую агароджу, выкраіўшы сабе прастору даліны, каб тая зноў і зноў рабілася месцам спрэчак і бітваў уладарных. А там, дзе сканчаліся Белыя горы Эрэд Німрайс, Піпін пабачыў, як і абяцаў Гэндальф, цьмяную груду гары Міндолуйн, змрочна-пунсовыя цені ейных высокіх цясьнінаў і недасягальную вяршыню, белую ў промнях маладога сонца. На прасунутым наперад адгор'і ляжаў Ахаваны горад зь сямю такімі моцнымі й старажытнымі мурамі, што падаваліся яны не пабудаванымі, а вычасанымі рукамі магутаў з самых костак зямлі.

I проста пад зачараваным позіркам Піпіна сьцены з злавесна-шэрых зрабіліся белымі, бліснуўшы лёгка ў сьвятле золку, і вось раптоўна сонца выкараскалася з усходняга ценю, і кінула наперад струмень праменьня, і асьвятліла горад. Тады Піпін выгукнуў, бо вежа Эктэльёна, што стаяла высока над верхнім мурам, зазьзяла ў нябёсах, нібы складзеная з пэрлаў і срэбра, і шпіль яе зазіхацеў полымем крышталю. Белыя сьцягі й харугвы затрапяталі на сьценах на ранішнім павятроўі, і хобіт здалёк расчуў высокі й чысты кліч срэбных горнаў.

Гэтак Гэндальф зь Піпінам на сьвітанку пад'ехалі да Вялікай брамы людзей Гондару, і яе жалезныя дзьверы адчыніліся перад імі.

– Мітрандыр! Мітрандыр! – загукалі людзі. – Цяпер мы ведаем: насамрэч набліжаецца бура!

– Яна ўжо тут, – абвесьціў Гэндальф. – Я прыляцеў на ейных крылах. Прапусьціце мяне! Я маю пабачыць вашага гаспадара Дэнэтара, пакуль яшчэ трывае ягонае намесьніцтва. Што ні напаткала б вас, той Гондар, які вы ведалі, мінае. Дазвольце мне праехаць!

Тады людзі адсунуліся, падпарадкаваўшыся ягонаму загаднаму голасу, і болей не распытвалі, хоць і тарашчыліся ў зьдзіве на хобіта, што сядзеў перад чараўніком, і на Гэндальфавага каня. Бо гараджане рэдка карысталіся коньмі й нячаста бачылі іх на вулках, хіба тых, на якіх скакалі ганцы гаспадара. I месьцічы казалі:

– Няйначай гэта адзін зь вялікіх коней роханскага караля. Вераемна, неўзабаве зьявяцца й рахірымы на падмацаваньне нам.

Цяняр жа ганарыста й упарта крочыў угару па доўгіх зьвілістых вуліцах.

Мінас Тырыт быў пабудаваны на сямі ярусах, урэзаных у схіл гары, і кожны ярус аддзяляла сьцяна з сваёю брамаю. Але брамы тыя былі не на адной прамой. Вялікая брама пазірала на ўсход, наступная – на чвэрць кола на поўдзень, трэцяя – на паўкола на поўнач, і гэтак далей; і таму брукаванка ўгару, да Цытадэлі, вілася й вілася па схіле гары і штораз, калі мінала адлегласьць ад Вялікай брамы да Цытадэлі, праходзіла скрозь тунэль у вялізнай скале, чый высачэзны гмах падзяляў надвое ўсе ярусы гораду, апрача першага. Часткова дзякуючы гульні прыроды, якая вычэсвала горы, часткова – майстэрству й вялікай працы людзей даўніны скала ўздымалася ззаду шырокай плошчы за брамаю, як каменная вежа, магутны, востры нос карабля, што рушыць на ўсход. Да самага верху мкнула скала, да сёмага ярусу, і там яе вянчала Цытадэль. Так што яе абаронцы, як маракі на горным караблі, пазіралі ад ягонага штэўня проста ўніз, на браму за сем сотняў ступнёў пад нагамі. Уваход у Цытадэль таксама глядзеў на ўсход, але праходзіў па вычасаным у самым сэрцы скалы, асьветленым ліхтарамі доўгім тунэлі, што павольна ўздымаўся да сёмай брамы. За ёю прышламу адкрывалася нарэшце Вышняя плошча, плошча Вадаграю ля ўзножжа Белай вежы, высокай і гонкай, паўсотня сажняў ад нізу да канчара шпілю, дзе плынеў над прырэчнай роўнядзьдзю сьцяг намесьнікаў даўжынёю тысяча ступнёў.