Раптам наперадзе з'явіліся нейкія агні.
— Патруль! — занепакоіўся боцман і разгублена паглядзеў у бок капітанскага мосціка.
Гэта і сапраўды быў быстраходны шлюп, які мог без асаблівых намаганняў дагнаць не разлічаны на вялікую хуткасць стары рыбацкі смак, і ў ім упаўне магла быць канадская паліцыя. Пражэктарныя агні пагрозліва абмацвалі хвалі.
— Эй, за рулём! — крыкнуў капітан. — Трымай да ветру!
Смак павярнуў убок, і вецер туга дыхнуў у твар. Агні таксама некуды адсунуліся, адсталі, быццам зніклі, але потым ізноў пачалі набліжацца. Адчувалася, што са шлюпа іх заўважылі. Капітан яшчэ раз памяняў курс. Боцман загадаў выкінуць з трума вустрыц, іх выгружалі тымі самымі кашамі, а Лявонка са Спайдэрам высыпалі за борт.
Машына надрывалася, вібрыруючы ўсімі сваімі механізмамі. Кола хрыпла, з перабоямі лапатала па вадзе. У цемнаце Лявонка бачыў, як капітан і боцман нервова пазіралі адзін на аднаго. Смак тыкаўся ў вецер, як у якую сцяну. Усё роўна як нешта павінна было адбыцца.
— Slack here а bit! [11]— крыкнуў капітан, маючы на ўвазе, відаць, машыніста, які стаяў на карме, ля машыны.
Але было позна. Смак, як нейкі падбіты арол, узнёсся ўверх, на грэбень хвалі, і раптам абрынуўся ўніз, захлынаючыся вадой. Наступная хваля ўдарыла яшчэ мацней і змыла з палубы ўсіх, хто на ёй знаходзіўся. Гэта — апошняе, што запомніў прускавец, апынуўшыся ў вірлівай каламуці. Вада выштурхнула яго на паверхню, але з-за хваляў нічога і нікога нельга было ўбачыць, і ён з жахам зразумеў, што дапамогі не будзе, што яе няма адкуль чакаць, што ён адзін у гэтым бязлітасным віры. У свядомасці нібы ў сполахах бліскавіцы адзін за адным узнікалі імгненні пражытага. Выразна паўсталі ў памяці маці, сястрычкі, дзед Кірыла. «І Ганна не дачакаецца. Абяцаў вярнуцца, і раптам такое…» Ён па-сабачы доўга валтузіўся ў вадзе, змагаўся з хвалямі, адплёўваўся і нечакана для сябе заўважыў, як яго прыціснула да нечага цвёрдага. Гэта была перавернутая шлюпка з іх смака, на ёй яны падплывалі да берага за ракавінкамі. З цяжкасцю, кожны раз саслізгваючы, абламваючы пазногці, яму ўсё ж такі ўдалося ўчапіцца за кіль і разам са шлюпкай аддацца на волю лёсу.
А Спайдэр? А астатнія? І зор чамусьці не відаць. Вада здавалася густой і вязкай, як дзёгаць. Гайдаліся і біліся аб абернутую шлюпку хвалі, заліваючы тапельца. Некуды знік і патруль, як бы яго і не было.
Чалавекам авалодаў нясцерпны адчай: «А можа, я чужы для гэтага свету? Калі чужы, то не выплыву…» Дзесьці ў глыбіні істоты самі па сабе пачалі ўзнікаць словы малітвы. Гэта было дзіўна і нечакана для яго самога — вусны самі шапталі забытыя словы: «Божа міласціў, будзі мяне, грэшнага, саздаве імя Госпадзі, памілуй мя, Госпадзі, без чысла саграшыма, Госпадзі, памілуй…»
Ён паўтараў і паўтараў словы малітвы, пранікаючыся яе містычным сэнсам. Сіл, здаецца, ужо не было, і яму спатрэбіліся невераемныя намаганні, каб не страціць прытомнасць. «А Пруска? Няўжо так і не ўбачу? Нават ведаць нічога не будуць. Што благое падумаюць… Я павінен, павінен змагчы, у мяне павінна хапіць сілы, каб зрабіць гэта…» У галаве мітусілася нейкая бяссэнсіца, абрыўкі думак: «Ну, вось табе і Амэрыка. Гэта ж трэба было ехаць за свет, каб утапіцца». Зноў успомнілася маці. З глыбіні свядомасці выплыў вобраз Ганны. «Не, я павінен жыць, я мушу жыць, я хачу жыць!» Ён яшчэ мацней учапіўся за кіль.
Неба з цёмнага паступова станавілася ружовым, але чалавека пакідалі апошнія сілы. На світанні яго ахапіў страшэнны холад, і ён зразумеў, што акалее. Вяла прамільгнула думка: «Усё…» І ён страціў прытомнасць…
Выратаваў, можна сказаць, цуд. Акалелы, ён нават не адчуў, што нехта ўзяў за плечы, а потым пад рукі і пацягнуў у лодку. Гэта быў той самы патруль, ад якога ўцякаў іх смак.
Ачуняў толькі ў бальніцы.
— Запаленне лёгкіх, — сказаў нехта побач.
«Урач, мусіць». Тапелец адкрыў вочы: перад ім стаяў не ўрач, а дзяўчына ў белай сукенцы. Валасы па модзе схоплены чарапахавымі грабянцамі. На галаве быццам капялюшык з чырвоным пяром. Ён нават адчуваў яе дыханне на сваім твары. Цёплае і пяшчотнае. «Бузукова Ганна, амэрыканка! Да бацькі прыехала, на ферму. Не! Не яна. Гэта ж прускаўская Ганна!» Ён паспрабаваў падняць галаву, каб уважлівей яе разгледзець, але дзяўчына знікла. Усю істоту працяў востры нутраны боль, і, страціўшы свядомасць, хворы ўпаў на падушку.