Выбрать главу

— Каб усе былі такія, як Міхаль, справядлівыя, дык людзі б і клопату не ведалі,— сказаў Пракоп, прыладжваючыся вузлаватымі пальцамі да жалобнага кілішка.

— Колькі ж яму было — Міхалку нашаму? — спытала Хомчыха.

— Трыццаць дзевяць гадочкаў,— уздыхнуў Кірыла, які стараўся трымацца стрымана, і раптам заплакаў.

— Без пары ў зямлю лёг, — паспачувала Васіліха.

Марыля, стоячы ля печы, ціха заплакала. Лявонка і дочкі, як маглі, супакойвалі маці.

— Жыў чалавек і памёр… — дадаў Назар, выціраючы вусы пасля выпітай чаркі.

— Яму яшчэ прадстаіць сустрэча з Богам, — азваўся са свайго кутка дзячок Садоўскі і паказаў пальцам уверх.

Пабыўшы яшчэ трохі, ён і святар пакінулі хату.

Застукаў у вокны краплісты дождж.

— Шкадуе нас Міхаль, — сказала Марыля, набраўшыся сіл, і зноў заплакала.

— Марыля, сэрца надарвеш плачам, не плач, — супакойваў сястру Хведар.

Спачатку нехта наладзіўся быў таксама плакаць, але, пачуўшы Хведаравы словы, як бы адумаўся, спыніўся. Аціхла і Марыля.

Пракоп з дзядзькам Хведарам ціха пра нешта перамаўляліся.

Хведар павярнуўся да пляменніка:

— Ты цяпер, калі што, да мяне звяртайся. Я дапамагу, калі што якое…

Салому з пасцелі Міхаля спалілі на агародзе.

Пасля сарака дзён наладзілі сарачыны. Душа нябожчыка да сарака дзён, кажуць, ходзіць па зямлі, развітваецца з гаспадаркай, з вёскай, дарогамі, полем. На сарачыны завітаў Кузёмка. Да бляску выглянцаваныя боты дзівака напэўна не надта імпанавалі гэтай нагодзе — сарачынам, але прускаўцы да Кузёмкавых ботаў прывыклі. Дзівак зняў з галавы шапку-магерку і адразу ж авалодаў увагай прысутных:

— Як ён памёр?

— Цяжка, — скрушна сказала Марыля. Боль не адпускаў сэрца жанчыны.

— Гэта, аднака, у яго хутчэй за ўсё нанос, — выказаў нейкую сваю здагадку Кузёмка і сумна ўсміхнуўся сваім думкам.

— Падбіўся ў дарозе, — разважыў Кірыла, які, здавалася, патроху звыкаўся са стратай сына.

Гарэлкі Кузёмка не піў, але перакусіць узяў.

— Не ведаў я, што на мантулы[4] траплю… Што ж, як у Пісанні сказана: «Лепш пайсці ў дом плачу, чым у дом гаравання», — у Кузёмкі з усялякай нагоды ёсць што сказаць. Акінуўшы вокам прысутных, ён пачаў:

— Даўней людзі ведалі той час, калі да іх смерць прыйдзе, а цяпер, апроч Бога, ніхто не ведае.

Усе паглядзелі на Кузёмку.

— Як гэта зрабілася? Ішоў Бог па дарозе і бачыць: гародзіць чалавек саломай плот. «Чаму ты гародзіш саломай плот?» — пытаецца Бог у чалавека. «Вядома чаму, — гаворыць чалавек, — вот хутка памру, дык нашто мне мацнейшы плот? Гэтага даволі будзе на мой век». Вот Бог і пазнаў, што нядобра тое, што чалавек ведае час, калі ён памрэ. Што ж? Кожны столькі сабе робіць, колькі на век свой, а на даўжэй і не хоча. Падумаў Бог, падумаў,— нядобра гэтак! Нічога не будзе. Вось чаму Бог і зрабіў, каб чалавек не ведаў, калі памрэ.

Людзі ківалі галовамі, дзівіліся з таго, што расказваў дзівак.

— Ой, людкове, — не без гонару працягваў той, — я бачу многае, чаго, можа, і не відаць…

— Кажуць, ёсць недзе краіна, дзе людзі жывуць, як у раі,— сказаў Хведар-свішчовец, які таксама прыехаў на саракавіны.

— Я ведаю, — адразу ж азваўся Кузёмка, — на поўдні, дзе цяпла шмат і чарназём.

«Кузёмка ўсё ведае, усё роўна, як гісторык Станіслаў Арцёмавіч, нічым яго не здзівіш, — падумаў Лявонка, — але дзіва што: вандруе па свеце…»

Пабыўшы крыху, вандроўнік сабраўся ў дарогу.

— Куды спяшаешся? Пабыў бы ў нас, — хацеў спыніць яго Кірыла.

— Пайду, пайду. Трэба свет ратаваць.

— Куды ж ты пойдзеш?

— Куды Бог пашле.

Кірыла і Лявонка паціснулі плячыма.

Кузёмка насунуў на галаву шапку, выйшаў за парог і зачыніў за сабою дзверы.

— Убогі чалавек — што з яго возьмеш! — развёў рукамі Кірыла.

IV

Смерць бацькі абарвала Лявонкаву вучобу. З вучылішчам давялося развітацца, каб заняць месца старэйшага ў сям'і нароўні з дзедам Кірылам. Мала ён і павучыўся ў тым Камянцы — усяго год. Але нічога не зробіш. Такі ўжо лёс. Юначая натура, абуджаная дакрананнем да свету ведаў, супраціўлялася гэтаму вяртанню, але мусіў вяртацца. Перад Кужалямі стаяла пытанне: як жа цяпер жыць? Уголас яго выказала Марыля.

— Будзем як-небудзь жыць, — няпэўна адказаў Кірыла.

Тры малодшыя сястрычкі — іх трэба дагадаваць, выправіць у жыццёвую дарогу. На Тоню ўсе любаваліся: дзеўчына расла, як лён. Бялявая, блакітнавокая. З выгляду сур'ёзная і, пасля смерці бацькі, не па гадах сумная. Куды дзелася ранейшая бесклапотнасць! І Фядорка ўдалая дзяўчына — вунь як аздабляюць тварык чорныя, прыгожа выгнутыя броўкі. За вушамі дзве чорныя касы, пераплеценыя чырвонымі стужкамі. Вось Барбарка яшчэ малая, яшчэ забаўляецца зробленымі з ануч лялькамі.

вернуться

4

Памінкі (мясц.)