Выбрать главу

— Еш, Лявонка! А то хутка паедзеш ад нас, між чужых людзей будзеш…

Гэта была даўняя мара, каб Лявонка паступіў у народнае вучылішча (такое было ў Камянцы) ды, калі пашанцуе, вывучыўся на настаўніка. Асабліва настойваў Кірыла. Ён ужо заплаціў бацюшку паўрубля за метрыку, адвёз патрэбныя паперы і даведаўся, калі трэба з'явіцца на экзамен. Вярнуўшыся дадому, радасна абвясціў: «Прашэнне прынялі. Цяпер — як на экзамене сябе пакажа». Марыля падтрымала свёкра: «Дзіва што — выдатнік!» Настаўнік Фама Фаміч хваліў Лявонаў: «Талковы ў вас хлопец. Галава не на вошы. Такому вучыцца трэба!..» Кужалі — ні сама Марыля, ні Кірыла з Міхалём — не ўмелі ні чытаць, ні пісаць і моўчкі пакутавалі ад гэтага. Калі трэба было распісацца, ставілі крыжыкі.

Кірыла, хлёбаючы картахлянку, паглядзеў на ўнука:

— Хай, таго, вучыцца. Можа, калі-небудзь хлеб будзе есці з навукі. Вунь Зміцер Зуб з Бабіч, кажуць, ужо там. — Счакаўшы крыху і як бы падумаўшы пра нешта, дадаў: — Без навукі цяпер, брат, жыццё засмокча так, што толькі шапка на паверхні застанецца…

Марыля падтрымала яго:

— Хай хоць адзін з Кужалёў у людзі выйдзе!

Міхаль увесь час неяк сумна пасміхаўся, а потым, адклаўшы ўбок лыжку, сказаў:

— А раптам панам будзе?!

Ад нечаканасці ўсе зарагаталі, нават малыя — Тоня з Фядоркай.

— Ну, але, — як бы ў тон яму, згадзіўся Кірыла, — я пан, ты пан, а хто свіней пасвіць будзе?

Ізноў усе засмяяліся.

Пасля картахлянкі прыступілі да самой бульбы, гаворка ж не перапынялася і не мяняла свайго кірунку.

У Міхаля наконт Лявонкавай будучыні былі свае меркаванні:

— Мужыку працаваць трэба — не яго справа навукай займацца. Бяры цэп у рукі, і не трэба вялікай навукі.

— Так то яно так, але трэба, можа, і наперад глядзець, — не пагадзіўся з сынам Кірыла.

— Цяпер вунь пра Амэрыку гавораць, — памаўчаўшы, сказаў Міхаль.

— Пра што? Пра якую яшчэ Амэрыку? — не зразумела Марыля.

— Ёсць такая краіна за морам, шмат дзён трэба ехаць, — патлумачыў Міхаль, — але надта багатая і справядлівая. Чалавека не крыўдзяць і кожнаму рады.

Кірыла скептычна хітнуў галавой:

— Нешта не верыцца, каб адзін чалавек не крыўдзіў другога.

— Яно б і тут жыць можна было б, каб зямлі хапала, — падала голас Марыля.

Паступленне Лявонкі ў вучылішча накладвала на сямейнікаў новыя абавязкі. Кірыла добра ведаў пра гэта.

Агонь у каганцы амаль што дагарэў (лучыну папраўлялі і мянялі некалькі разоў), пліта яшчэ свяцілася чырвоным вуголлем.

— Мужчыны, лятайце спаць, заўтра ж на бульбу! — напомніла Марыля.

— Давайце спаць, а то людзі ноч разбяруць! — згадзіўся з ёй Кірыла, але загаманілі малыя — Тоня з Фядоркай, пачуўшы пра заўтрашні выезд на бульбу.

— І мы, і мы! — у адзін голас запішчалі яны.

— Не, дзяўчаткі, вы Барбарку даглядаць будзеце. Яна ж у нас маленькая і адна не застанецца.

Тоня з Фядоркай паапускалі галоўкі.

Маці паглядзела на Тоню:

— На абед рулёў[1] наробіш, малых пакорміш. Глядзі, не пускай Фядорку да калодзежа, а то перасверыцца праз зруб! Вечарам вернецца з пашы карова, адчыніш ёй хлеў. Калі мяне не будзе, падоіш. Але, думаю, паспею. А цяпер кладзіцеся спаць, хай нешта добрае прысніцца.

Праз колькі часу ўсіх іх змарыў першы, самы моцны сон.

ІІ

Назаўтра сабраліся з самай раніцы. У паветры ўжо адчуваўся верасень — восень. Усё навокал аціхла, паспакайнела. Кірыла любіў гэту часіну, ён устаў першы, за ім падхапілася Марыля. Вядома, мужчына гаспадар, але ўсё трымаецца на жанчыне. Жаночае жыццё ў Прусцы, калі падумаць, зусім беспрасветнае, і старыліся тут жанкі без пары. Марыля на старую яшчэ не паказвала. Невысокая, станістая, моцная, але не тоўстая, зведаўшая роды і бясконцасць працы, яна, як заўсёды, выглядала заклапочанай. Сама Марыля з суседняй вёскі — Свішчова. Нават не з Свішчова, а з хутара Салаўца, што стаяў на ўзлессі, паблізу ад вёскі. На хутары, ля бацькі, застаўся малодшы брат Хведар. Міхаль узяў яе не надта маладой, але яна паспела нарадзіць яму сына і трох дачок. Скардзілася на свякроў, пакуль тая жыла. Свякроў быццам бы і не благая была, але даймала нявестку сваімі павучаннямі — і тое не так робіш, і гэта не так. Марыля рэдка смяялася. За ўсё жыццё Лявонка не чуў, каб яна калі-небудзь смяялася. Гэта вось толькі ўчора за вячэрай, калі яна пажартавала пра хлеб з дамешкай з мякіны.

вернуться

1

Рулі — дзіцячая ежа (малако з пакрышаным хлебам).