Выбрать главу

— Дзе ж ты іх у такім мурашніку знойдзеш? — усумніўся Піліпко. — Як іголку ў стозе сена.

— Ёсць жа адрас.

— Заўтра ж прыйдуць на работу наймаць, а дзядзьку Васіля і потым пашукаем, — разважыў Цімоша.

Стомленыя, яны распрануліся і паклаліся спаць.

Крызіс 1907 года ў Амерыцы ўзмацніў беспрацоўе і голад. Працу цяжка было знайсці. Але прускаўскім хлопцам пашанцавала. Цімоша адразу ж уладкаваўся ў рэстаран мыць посуд.

— Там хоць галодны не будзеш! — падтрымалі яго сябры.

Піліпка ўзялі падносчыкам у магазін адзення. Яго справа — упакаваць куплены тавар, скласці ў карзіну, памагчы паднесці. Праз тыдзень ён і Цімоша пахваліліся заробленымі грашыма: дзесяць даляраў!

Лявонку не шчасціла: яго ніхто нікуды не браў Дзядзькі Васіля па ўказаным адрасе не аказалася — перамяніў, відаць, і кватэру, і работу. Лепшую, можа, знайшоў. У яго ж пакуль што не было ніякай. «Таму, відаць, што малы я ростам ды і з выгляду малады надта… — з трывогай думаў Кужаль. — Але Піліпко яшчэ меншы за мяне, а ўзялі, працуе…» Ён хадзіў у розныя месцы, але безвынікова. Вечарам тлумачыў сябрам і гаспадару:

— Спазніўся і на гэты раз. Каб крыху раней, а так ужо заняў нейкі чалавек…

Містэр Грос, які не пераставаў апекавацца сваімі пастаяльцамі, параіў:

— Тут ёсць спецыяльнае бюро іміграцыі і натуралізацыі, якое займаецца такімі людзьмі, як ты. Схадзі туды.

Лявонка ўжо быў і галаву апусціў. Містэр Грос гэта бачыў.

— Кеер smiling! — сказаў гаспадар і дадаў: — Так гавораць у Амерыцы.

Гэта значыць: заўсёды ўсміхайся, нават калі табе цяжка.

Тут і сапраўды больш за ўсё цанілі вясёлы нораў і незалежнасць. Лявонка падаўся ў тое бюро, куды яго настрэнчыў містэр Лейбе. Яно знаходзілася на 21-й авеню, і прускавец хутка яго знайшоў. У зручным крэсле, бокам да акенца, сядзеў чалавек без пінжака, у адной камізэльцы, паклаўшы ногі на стол. Цяпер гэта ўжо не здзіўляла. Чалавек маленькімі нажнічкамі падпраўляў пазногці. Зірнуўшы на новага кліента, паклікаў перакладчыка.

— А што ты ўмееш? — запытаў праз перакладчыка.

Што ён умеў? Араць, касіць, сеяць…

— Вам трэба ў іншы штат.

Перакладчык пераклаў. У думках Лявонка ўжо быў гатовы да такога кроку, але…

— Перш, чым ехаць, я хацеў бы зарабіць трохі грошай, каб мець на што ехаць, — растлумачыў ён.

Выслухаўшы адказ у перакладзе, чыноўнік перастаў абразаць пазногці, апусціў ногі на падлогу, парыўся ў паперах.

— Ёсць тут адно месца, — сказаў ён таксама праз перакладчыка, — пакуль што вакантнае. Мыць вокны.

— Вокны мыць? — перапытаў Лявонка ў перакладчыка і падумаў: «У нас жа гэта жанчыны робяць. Перад Паскай. Прыехаў у Амэрыку, каб мыць вокны? У Прусцы засмяюць… Ды і што там заробіш — на тых вокнах? Зрэшты, мые ж Цімона посуд. Чаму ж вокны нельга мыць?»

— Ну, як?

Давялося згадзіцца.

— Гэта непадалёку, — перакладчык назваў адрас, і Лявонка, падзякаваўшы, тут жа пайшоў.

Гэта быў вядомы многім дом на 23-й авеню, які меў дваццаць восем паверхаў. У ім размяшчаўся салідны гатэль. Навічка накіравалі ў падвал, дзе месціліся гаспадарчыя службы. Падалося, што там нават узрадаваліся яго прыходу. Адразу ж атрымаў рабочае месца і адзенне — камбінезон з шырокім брызентавым поясам, швабру і вядро. Назаўтра трэба было пачынаць.

— Ну што? — спыталі Цімоша з ІІіліпком, калі вечарам вярнуліся з працы.

— Тое-сёе як быццам абяцалі. Вокны мыць маю.

— Вокны? — са здзіўленнем перапытаў Цімоша. — Няўжо?

Піліпко таксама быў здзіўлены:

— Няўжо іх мыюць?

Лявонка нічога не адказаў.

На працу ён пабег з самай раніцы. Пераапрануўся ў камбінезон, напусціў у вядро вады і з дапамогай майстра-сантэхніка зрабіў мыльны раствор. Майстар тлумачыў больш рукамі і мімікай, чым словамі. Абавязкі акнамыя не такія ўжо і складаныя, але і іх трэба ўмець выконваць.

— Weil? [5]

Прускавец кіўнуў галавой і апрануў, як вучыў майстар, камбінезон. Спачатку трэба было вымыць унутраны бок акна, потым знадворны. Майстар паказаў, як гэта робіцца. Да пояса камбінезона прымацаваны дзве скураныя шлейкі з крукамі, якія чапляліся за ўмураваныя ў сцяну дома тоўстыя жалезныя скобы і ўтрымлівалі мыйшчыка ў паветры. Пачалі з першага паверха. Падняўшы ніжнюю шыбіну, Лявонка асцярожна, каб не сарвацца, стаў каленямі на падаконнік і, трымаючыся адной рукой за раму, другой пачапіўся крукамі за скобы.

— О'кэй! — сказаў майстар і пайшоў па сваіх справах.

Пачалася праца. Ступіўшы нагамі на карніз, хлопец нацягваў шлеі і асцярожна завісаў у паветры, браў у рукі швабру, мачаў яе ў вядро з мыльнай вадой, шураваў па шыбіне, затым выціраў шкло сухой анучай і, нарэшце, канчаткова праціраў кавалкам замшы. Шыбіны ззялі святочным бляскам. Пасля гэтага акнамый вяртаўся ў памяшканне, зачыняў вымытае акно і браўся за наступнае.

вернуться

5

Згодзен? (англ.)