Выбрать главу

На жаль, ані сам вобраз Габруся Калоды ў аповесьці не пераконвае мяне ў ягонай сапраўднасьці: надта ж фантастычнымі характарыстыкамі надзяліў яго аўтар, прычым нават ня столькі цялеснымі, колькі перадусім душэўнымі. Сумняюся, што такія, мякка кажучы, някемлівыя людзі існуюць ня толькі сярод беларусаў, але й наагул у сьвеце. Таму, ведаючы Андруся, я дапускаю, што зьяўленьне ў аповесьці ягонага альтэр-эго (зьвярнеце ўвагу на падабенства імёнаў Андрусь і Габрусь) магло быць вынікам гэткага раздваеньня асобы, што само па сабе ў творчых людзей бывае нярэдка; у крайнім выпадку — праявай самай звычайнай патрэбы аўтара мець у чымсьці блізкага й падобнага да сябе суразмоўцу, што зразумела: калі такіх людзей, як Андрусь, наагул мала, то ў эміграцыі іх яшчэ меней. Урэшце, нездарма ж сам аўтар згадвае ў сувязі з Габрусём пра Швэйка, быццам хочучы падкрэсьліць цалкам штучны характар свайго пэрсанажа.

Аднак ані гэтае, ані іншыя адступленьні ў бок чыстай прыдумкі, імхо, ніяк не зьніжаюць дакумэнтальнай вартасьці Андрусёвай кнігі. Неўзабаве пасьля прачытаньня „Ўпырхлікаў“ я сам займеў шанец пераканацца, што бальшыня з напісанага Андрусём — чыстая праўда. Але няма сэнсу ўдавацца тут у падрабязнасьці: апавядаць пра свой уцякацкі досьвед пасьля манумэнтальнай Андрусёвай працы азначала б толькі дарэмна паўтарацца й марна імкнуцца нападобіць ненападабняльнае. Мне застаецца толькі выказаць надзею, што пасьля выданьня кнігі сам аўтар урэшце выйдзе з падпольля, у якім бы кутку сьвету яно ні знаходзілася (ужо дзеля таго, каб заявіць пра свае правы на ганарар), а заадно й парадуе нас сваімі новымі, больш сталымі й ня менш арыгінальнымі творамі.

Макс Шчур

P. S. Вось жа й сапраўды, як напісаў Андрусь, іранічная ўсё-ткі шту­ка лёс! Неўзабаве па давяршэньні гэтага пасьляслоўя я сустрэўся — з кім бы вы думалі? Не, не з чароўным трусікам, а з самім... Габрусём Калодам! Ён цалкам жывы-здаровы й перадае беларускім чытачам (а ў першую чаргу чытачкам) празь мяне прывітаньне, у тым ліку самому Андрусю. Той, паводле зьвестак спадара Калоды, некалькі гадоў таму, акурат перад маім прыездам, нікуды ня зьнік, а пасьля бязмэтных бадзяньняў па Празе проста пастанавіў вярнуцца на радзіму, у родную вёску. Што ж, гэтая вэрсія гучыць праўдападобна: сярод іншага, тлумачыць, чаму апавядальнік на пачатку „Ўпырхлікаў“ ня хоча згадваць назвы сваёй роднай вёскі, бо акурат там, а ня ў праскай радыйнай кватэры, працуе над сваім творам — навошта, каб яму лішні раз заміналі? Дый што, апроч адсутнасьці інтэрнэту, магло перашкодзіць яму адаслаць у Прагу сваю аповесьць ужо зь Беларусі? Калі той жа Віктар Вальтар, адзін з найбольш выбітных папярэднікаў Андруся, пісаў свой праскі раман ужо на радзіме — то й для Макатоўшы гэта не магло быць такім ужо немагчымым. Шкада толькі, што я на момант свайго ад’езду пра гэта ня ведаў — а то ні ў якую б Чэхію не пацягнуўся.

Пры знаёмстве мы са спадаром Калодам абмяняліся кніжкамі: я падараваў яму свайго па-чэску напісанага „Культуртрэгера“ — ужо сама задоўгая назва спадару Калоду не спадабалася, пра мову ня кажучы; ён мне ў сваю чаргу — „Малую кулінарную энцыкляпэдыю“, толькі, вядома ж, не надрукаваную ў „Бібліятэцы Свабоды“, а перапісаную ім ад рукі з Андрусёвага арыгіналу. Наагул, усякае дачыненьне да радыё „Свабода“ спадар Калода адмаўляе гэтак жа, як і само радыё (а таксама інтэрнэт, мабільныя тэлефоны й тэлебачаньне). У сваім рэальным жыцьці ён надалей займаецца толькі мастацтвам і дасягнуў у ім, паводле ягоных словаў, нечуваных вышыняў. Якое гэта мастацтва, спадар Калода мне не паведаміў. Такім чынам, канстатую, што тры апошнія разьдзелы аповесьці ёсьць цалкам выссанымі аўтарам з пальца. На жаль, іхнае выдаленьне з тэксту цалкам парушыла б канцэпцыю кнігі, таму я іх там быў вымушаны пакінуць.

Наконт сваёй фіктыўнай сьмерці спадар Калода выказаў меркаваньне, што Андрусь забіў яго ня зь нейкіх там камэрцыйных матываў, каб пасьля „ўваскрасіць“, як Конан-Дойл свайго Шэрлака Голмса (мой суразмоўца трываў на тым, каб я напісаў, што пра гэтае забойства яму нічога ня ведама), а праз тое, што перад самым Андрусёвым ад’ездам яны зноў пасварыліся. Прычыну сваркі наш Голмс пажадаў сьціпла пакінуць пры сабе, таму мы можам пра яе толькі здагадвацца. Думаю, гэтай прычынай магло паслужыць і тое, што Андрусь, нягледзячы ні на сяброўства, ні на бліскучую прадмову (аўтарства якой Г. К. з гонарам пацьвердзіў) вывеў спадара Калоду ў аповесьці „поўным ідыётам“ (выраз, ужыты самім Г. К.), паленаваўшыся нават зьмяніць ягонае імя. Што ж, вымушаны ўзяць свае словы назад і пацьвердзіць, што вобраз спадара Калоды ў аповесьці цалкам адпавядае рэчаіснасьці: да знаёмства зь ім я ніколі ў жыцьці не сустракаў чалавека, настолькі арганічна няздольнага да абстрактнага мысьленьня. Бадай, з усіх праскіх беларусаў адзін Андрусь валодаў уменьнем сяк-так зь ім паразумецца, астатнія ж апытаныя мною людзі спадара Калоду, што называецца, нават ведаць не хацелі — таму й сьцьвярджалі, быццам ня ведаюць і ня ведалі (вось такі зь мяне, як бачыце, гора-крытык). Што да астатніх характарыстыкаў спадара Калоды, то пасьля „расхадухі“ й разьліку за выпіўку я на ўсякі выпадак нагадаў яму, што ён і на гэты раз забыўся схадзіць у прыбіральню, але сам зь ім не пайшоў — пасаромеўся. То бок папросту не хацеў, каб нас зь ім яшчэ недзе бачылі разам, а ня тое, што вы падумалі.