Выбрать главу

З мужыкамі мы ў прынцыпе зажылі па-людзку. Першы тыдзень сышоў на абмен асабістымі дадзенымі й сувэнірамі: кіпяцільнік за лязо для галеньня, пачак цыгарэт за люстэрка й г. д. Майно, якое можна было мяняць ці ставіць у картах, хутка скончылася, бо было яго ў нас небагата, і, апісаўшы кола, збольшага вярнулася да сваіх ранейшых уладальнікаў. Затое вось майна чыста духоўнага ў выглядзе жыцьцёвага досьведу было ні ў кога з нас не адняць, як шчодра мы яго астатнім ні прапаноўвалі.

Армянін быў між нас найстарэйшы й найбольш гаваркі. Ягонаму ўменьню ўвесь час прамаўляць і пры гэтым не сказаць пра сябе нічога зайздросьцілі ўсе. Колькі яму насамрэч гадоў, як ён тут апынуўся, чым займаўся на радзіме, якое было дзявочае прозьвішча ягонай маці — усё гэта назаўжды засталося для нас таямніцай (гэта толькі я, як дурань, яшчэ ў першы дзень выклаў пра сябе ўсю праўду — і матку, і татку, хоць і быў зь імі асабіста незнаёмы). Затое мы даведаліся ці ня ўсё пра ягоную здрадніцу-жонку й ейнага каханка, пра армянскія карані мастака Айвазоўскага, гісторыю стварэньня армянскага альфавіту і ўсё такое. Паводле шырыні ягоных ведаў было ясна, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй, хоць і прыехаў у Чэхію ў адным спартовым касьцюме. Другім па гаваркосьці й ўзросьце быў латыш — былы прафэсійны футбаліст, які паехаў у Чэхію наймацца на працу й якога адразу ж па прыезьдзе кінулі, разьвёўшы на грошы й дакумэнты (такіх у лягеры хапа­ла — адных прыбалтаў было штукі тры, і сярод іх нават адзін паляк). Між іншым, паводле нацыянальнасьці латыш аказаўся такім жа беларусам, як я, — час ад часу ён атрымліваў з дому ад маці лісты, напісаныя чыстай беларускай мовай, хай сабе й з выкарыстаньнем расейскай кірыліцы. Яшчэ ў латыша ў Латвіі была жонка, перад якой яму было ўвесь час сорамна, што ён так і не знайшоў сабе за мяжою працы, таму латыш знаходзіўся ў несупынных халерычных пошуках якога-небудзь занятку. Ну й апошнім паводле колькасьці гнілога трындзяжу й гадоў, затое першым паводле матэрыяльнай забясьпечанасьці (ня толькі ў нашым пакоі, але і ўва ўсім бараку) быў малдаванін — той у лягеры проста, кажучы ягонымі словамі, адпачываў, як у санаторыі, папрасіўшы прытулку, каб ня йсьці ў чэскую турму, куды яго хацелі запраторыць ці то за сутэнэрства, ці то за рэкет (і такіх сярод лягернікаў выявілася нямала). Малдаванін быў вэтэранам прыднястроўскай вайны, за што мы ўсе, за выключэньнем расейцаў, належна яго паважалі. Паважала яго й ахова лягера: а то б не, калі перад уязной брамай ля вахты стаялі ўсяго дзьве машыны, дырэктарава зялёная „шкода“ й малдаванінаў белы „мэрсэдэс“. Пры гэтым яго ўладальнік выглядаў сьціпла, залатых ланцужкоў (у адрозьненьне ад дырэктара) не насіў і на першы погляд нічым не адрозьніваўся ад звычайнага гастарбайтэра.

Даведаўшыся пра маё беларускае паходжаньне, усе тры мае былыя суграмадзяне, а цяпер суседзі па пакоі пачалі мне зайздросьціць, бо былі перакананыя, што хто ўжо хто, а я дык „азіл“ атрымаю аўтаматам. Армянін, на злосьць свайму доўгаму носу, нават выказаў жаданьне перакваліфікавацца ў беларусы з маёй дапамогай: з гэтай мэтай я мусіў навучыць яго азам беларускай мовы. Бадай, ці не ўпершыню ў гісторыі нехта з уласнай волі захацеў быць культурна намі (перадусім канкрэтна мною) асыміляваны! Вось дзе мне прыдалася мая няскончаная пэдагагічная адукацыя! Армянінаву прапанову стаць ягоным рэпэтытарам і гувэрнантам я сустрэў з імпэтам яшчэ й таму, што спадзяваўся зарабіць на ім крыху грошай на цыгарэты, якія з дапамогаю суседзяў у мяне імкліва заканчваліся, а да выплаты так званай сацыяльнай дапамогі заставалася яшчэ некалькі тыдняў. Аднак грошай у армяніна не было, таму я, дурань, пагадзіўся вучыць яго беларускае мове ў доўг. Тым ня менш, адчуваньне, што я прадаю радзіму за цыгарэты, усё адно мяне не пакідала. Заняткі нашыя адбываліся збольшага ў форме рэпэтыцыі будучага армянінавага допыту ў паліцыі для замежнікаў (ці як тут яго называлі — інтэрвію), каб спалучыць навучаньне армяніна мове з завучваньнем ягонай новай уцякацкай легенды: „Дык кажаце, вы зь Беларусі?“ — „Зь Беларусіі, ара“. — ,А адкуль зь Беларусі?“ — „Із Мінска, ара“. — „Чаму вы прыехалі ў Чэхію — вам што, на радзіме блага?“ — ,Да какое благо, ара! Хуёво там, да?“