Спачатку начальства энергічна ставала на абарону маладога здольнага супрацоўніка, але, як кажуць, кропля камень крушыць… 3 цягам часу абарона рабілася ўсё больш вялай, няўпэўненай, з агаворкамі і нарэшце пала: начальства таксама рызыкуе, ігнаруючы думку большасці…
I — пайшла пісаць губерня… Як толькі маглі, як толькі хацелі перакройвалі, крамсалі на свой лад хлопцавы матэрыялы, пакуль не дамагліся свайго, пакуль не пачаў пісаць, як і ўсе, жалезабетоннымі канструкцыямі, пакуль не зрабілі па свайму падабенству шэранькага рамесніка…
I яго, Андрэя, сям-там намерваліся браць падобнай методай. Хто ведае, мо і зламалі б, каб не хапала розуму ў час змывацца. Хто-хто, а ён без ілюзій ведаў, на што здольна нахрапістая і агрэсіўная пасрэднасць…
Насцярожыўся: карцёжнікі загаманілі на павышаных танах, крылі мацюкамі самага шчупленькага — змахляваў. Аднак лаяліся незласліва, і не прайшло некалькі хвілін, як бура ў шклянцы вады аціхла.
Разумным і таленавітым заўсёды жывецца нялёгка — ухапіўся за перарваныя думкі Андрэй. Што такое розум і талент? I раптам стала заносіць на нейкі ўрачыста-ўзвышаны лад, бы збіраўся выступаць з трыбуны. Розум і талент, думаў ён,— перш за ўсё неардынарнасць, нязвыкласць, навізна. А новае, свежае, нестандартнае заўсёды з болем і крывёю прадзіраецца скрозь джунглі закасцянеласці, руціннай звыкласці, кансерватызму. Шэрасць, пасрэднасць і міліметра не ўступяць без бою, падножак, езуіцка-інквізітарскай благачыннасці. Колькі талентаў загублена імі, колькі светлых розумаў спалена на кастрах, згноена ў змрочных казематах, падведзена пад шыбеніцу і кулю! За тое, што яны ўзвышаліся Гуліверамі, што думкі і справы іх не ўкладваліся ў пракрустава ложа закасцянеласці. Але што б там ні было, а яны, Гуліверы духу, прадвызначалі, прадвызначаюць і будуць прадвызначаць прагрэс цывілізацыі. Справы і думкі іх неадольныя, як само жыццё, як гістарычная неабходнасць з’яўлення ўсё новых і новых Гулівераў, як і непазбежнасць рэгенерацыі пасрэднасці ва ўсіх яе мутацыях. Так было, так ёсць, так будзе…
Ён здзівіўся, узрадаваўся гэтым нечаканым і арыгінальным думкам, шкадуючы, што нельга іх запісаць, Трэба запомніць! Такія думкі наведваюцца не часта. Гэта ж, лічы, гатовы публіцыстычны артыкул! Ды што артыкул — тэма для сур’ёзнага даследавання, кандыдацкай дысертацыі! Развіць, падмацаваць цытатамі, гістарычнымі фактамі, аформіць у канцэпцыю — і…
Захваляваўся, і гэта было прыемнае хваляванне, як ад раптам знойдзенай рыфмы, яркай метафары, таго адзінага ёмістага слоўца, што ўсё ніяк не хоча давацца… Гэта была геніяльная ідэя: абараніць дысертацыю, уладкавацца на факультэт журналістыкі. Там дзвюма рукамі хопяцца за практыка з вучонай ступенню: у іх на пальцах пералічыш, хто пакаштаваў рэдакцыйнага хлеба. Як гэта толькі раней не цюкнула?! Даўно ж ходзяць пагалоскі, што нарэшце збіраюцца трохі пацясніць так званых чыстых тэарэтыкаў. Тэ-а-рэ-э-тыкі! Нафталіншчыкі, псаломшчыкі, талмудзісты — во хто гэтыя тэарэтыкі! Сам пераканаўся… Дзесяцігоддзямі далдоняць пра даўно забытую «Окопную правду», «Копейку», без канца мусоляць найардынарнейшыя публікацыі трыццатых гадоў — і ўсур’ёз вераць, што, нашпігаваўшы студэнцкія галовы датамі, назвамі і зместам газет, лістовак, што даўно канулі ў лету, рыхтуюнь немаведама якіх прафесіяналаў. Потым у рэдакцыях плачуць ад гэтых прафесіяналаў. На перыферыі — што не дачакаліся, у сталіцы — што прыдбалі. А якія работнічкі — такія і газеты. Каго вучаць — тое і маюць. Хто сёння ідзе ў журналістыку?.. Тыповая гісторыя — мроіла дзеўчанё стаць артысткай, урачом, сцюардэсай, манекеншчыцай, таваразнаўцам, бог ведае яшчэ кім, пакуль выпадкова не забрыла на кінафільм, дзе малады, рэспектабельны бэйбус з дыпломам журналіста з любоўнымі прыгодамі катаецца па Сібіры, затым дабіраецца аж да Парыжа, робіць «вялікую палітыку», элітарна працягваючы вінцо ў перапынках з такою ж рэспектабельнай заакіянскай каляжанкай. Каласальна, заманліва — аж дых займае. Глядзіш — і адбылася прафарыентацыя: дзеўчанё і слухаць ні пра што не хоча, апроч журналістыкі. Што ж, усе дарогі адкрыты — выбірай любую, чаму б на самай справе не выбраць журналістыку, калі так няймецца… I пайшло-паехала: заметачкі ў піянерскую альбо раённую газету, а калі ў суседнім пад’ездзе жыве трохі знаёмы журналіст — то і клапаціцца не трэба. Выпускныя экзамены, атэстат сталасці, выпускны вечар — прамым ходам на факультэт журналістыкі. Кароценькае вучнёўскае сачыненне пра вобраз Пячорына альбо Анегіна з кропкамі, коскамі на сваіх месцах, адчаканіць пра мяккія і цвёрдыя зычныя, станоўчых і адмоўных герояў у «Горе от ума», не зблытае партыцып айн і партыцып цвай, не разгубіцца сказаць, колькі гадоў працягвалася Стогадовая вайна — і стопрацэнтная кандыдатка ў журналісты. Праўда, ёсць яшчэ так званы творчы конкурс, але на ім нават не ставяць адзнакі. Ёсць дзве-тры заметачкі пра піянерскія зборы — і добра. Галоўнае — балы. Набрала прахадны бал — і можа рыхтаваць сябе для Парыжа… Пяць гадоў набівае галаву назвамі і зместам дапатопных газет, лістовак. сяк-так асіліць залікі, экзамены, вымучыць дыпломную работу ў выглядзе дзве тысячы першай варыяцыі на тэмы «Окопной правды», канечне, здасць (яшчэ ніколі ніхто не правальваў) дзяржаўныя экзамены — і гатовы спецыяліст. Адно — думаць, пісаць не навучылі, дый хіба навучыш, калі мама не дала… I тут пачынаюцца трагедыі, крушэнні мар: не тое што Парыж, як таму кіношнаму бэйбусу, а нават абласны цэнтр не свеціць. Раёнка, і то на глыбокай перыферыі. Жах, слёзы, канец свету… Канечне, у тым выпадку, калі своечасова не паспела выскачыць замуж за мінчаніна. А калі дала маху, тут цяжэй: пошук уплывовых знаёмых, пратэжэ, размахванне перад рэдактарскімі насамі новенькім дыпломам, амбітная поза наконт канстытуцыйнага права на працу…