Гэта была такая нечаканасць, такі аглушальны ўдар, што не мог апамятацца, уцяміць, што да чаго. Ачмурэла хадзіў, не верачы ў рэальнасць таго, што адбылося. Хацелася паверыць, што гэта нейкі жахлівы, кашмарны сон. А мо на самай справе нейкая памылка? Мо перадумаюць, дазволяць здаваць яшчэ раз?.. Мо сам дэкан заступіцца: як гэта так, скажа, гатовага журналіста ды «зарэзаць» на нейкай нямецкай?..
I хоць разумеў, што шанц нешта паправіць, перайначыць у яго не большы, чым саломінка для тапельца, усё роўна не рашаўся забіраць дакументы, спадзеючыся на цуд. А каб уратавацца ад абразлівых спачуванняў, на якія так шчодрыя і ахвочыя шчасліўчыкі, уцякаў у горад. Як зайздросціў, як ненавідзеў усіх гэтых шчасліўчыкаў, што па іроніі лёсу ў адзін момант узняліся над ім! Бадзяючыся па тлумных вуліцах, сярод незнаёмага люду, дзе ніхто не соваецца з недарэчнымі спачуваннямі, ілжыва-аптымістычнымі супакаеннямі, знаходзіў хоць які паратунак, суцяшэнне і збавенне ад рэальнасці. Пераконваў сябе, што трэба, не марудзячы, пакуль не позна, ісці да дэкана, мо нават да рэктара, паказаць свае публікацыі, прасіцца пераздаць. Але каб гэта была ўпэўненасць, што пераздасць! А можа, яны самі, падбіваючы бабкі, спахопяцца, дакумекаюць, каго варта вучыць у першую чаргу…
Страшней было па вечарах. Інтэрнат, які яшчэ дзень назад кішэў як вулей, звінеў вясёлымі галасамі, здаваўся такім вабным, ужо амаль родным домам, зараз зглух, асірацеў, спахмурнеў, і гэтая нязвыклая, насцярожлівая цішыня прыгнечвала, гнала прэч, выклікала абвострана-горкае пачуццё несправядлівасці, непапраўнай страты, уласнай непаўнацэннасці, нікчэмнасці. Ведаў, наколькі смешна, бязглузда туляцца тут, чакаючы, пакуль вытураць, аднак зноў і зноў вяртаўся, на нешта ўсё яшчэ спадзеючыся і ні на што ўжо не спадзеючыся… Наперадзе быў тупік, і ён не бачыў выйсця з яго. Пра вяртанне ў вёску, канечне, не магло быць і гаворкі. I не таму, што палохаўся сялянскай работы, не! Гатовы быў на самую цяжкую, самую брудную работу, каб… Каб можна было не бачыць насмешлівыя, здзеклівыя позіркі вяскоўцаў, чуць іх глыбакадумныя развагі накшталт: во, бачыце, лічылі самым разумным, а розуму то, відаць, не дужа, раз не ўзялі вучыцца. Той паступіў, той паступіў, а ён, пісацель,— быкам хвасты падкручвае. Думалі ого што, а шыш атрымаўся…
Упершыню на яго галаву зваліліся такія сур’ёзныя, складаныя праблемы, праблемы, якіх ніхто за цябе рашыць не можа. Разгублены, бездапаможны, адчуваў, што гэтыя дарослыя праблемы абрушыліся на яго, як горны абвал, прыдушылі, і ён бяссільны што-небудзь зрабіць. Увесь дзень прахадзіў па аддзелах кадраў — нідзе не бяруць без мінскай прапіскі. Прачытаўшы аб’яву на шчыце, рашыў завербавацца, паехаць на Далёкі Усход, але і тут чакала глыбокае расчараванне: вярбуюць тут мінчан і жыхароў сталічнай вобласці. Яму трэба звяртацца па месцу жыхарства… 0, каб забралі ў армію! Але ў армію прызавуць толькі праз год…
Няўжо вёска?! Няўжо абразлівыя, зняважлівыя позіркі?!
Спустошаны ўшчэнт, учарнелы за гэтыя дні, тупа падумаў: чаму быць — таго не мінуць, калгас дык калгас… Пайшоў на вакзал, аднак білеты былі толькі на заўтрашні вечар.
Прыгнечаны, пабрыў у пусты інтэрнат, цвёрда рашыўшы, што гэта апошняя ноч. На душы было пуста, як і ў гэтым ужо ненавісным інтэрнаце. Адразу ж заваліўся спаць, здаецца, і ўздрымнуў хвілінку, аднак, калі за акном аціхлі галасы і манатонны аўтамабільны гул, нейкая невядомая сіла змусіла ўскочыць з ложка, уключыць святло, не клапоцячыся, што яно кінецца ў вочы вахцёрцы і каменданту. Пахадзіў сюды-туды, з’яўлялася адчуванне, што зараз павінна нешта здарыцца. Наступала нейкае прасвятленне, нечага хацелася, а чаго — сам не разумеў. Сеў за стол, абхапіўшы галаву рукамі. У душы адбываўся нейкі зрух, смактала нешта няўлоўна-таемнае, амаль што радаснае, выклікаючы жаданне пісаць, і гэтае жаданне нарастала, павялічвалася, вырастала ў неадольную патрэбу выліць на паперу ўсё, што накіпела, набалела на сэрцы. Яшчэ не ведаў, што будзе пісаць: заяву рэктару ці развітальнае пісьмо перад тым, як выкінуцца з акна на чацвёртым паверсе, ва ўсякім разе, ведаў,— не вершы. Вершаў не пісаў даўно, падумваў увогуле закінуць іх, узяцца за сур’ёзную прозу, публіцыстыку, бо паэзію мала хто чытае, сам ён і то не надта ахвочы да чужых вершаў, паэтычныя зборнікі гадамі пыляцца ў кнігарнях і бібліятэках — маленькія, непатрэбныя, вартыя жалю…
На дзіва, пайшлі, нават не пайшлі, а паліліся з самай душы вершы, паліліся лёгка, проста, як колісь у дзяцінстве. Словы, рыфмы, здавалася, аж звінелі, ёмка, ажурна клаліся ў радкі, строфы, і было адчуванне, што з кожным словам, кожным радком душа ачышчаецца, спадае цяжар, дыхаецца лягчэй. Бадай, першы раз пісаў не для друку, а проста так, для аблягчэння душы, пісаў, як хацеў, што хацеў, што балела, і разумеў: выходзіць здорава. Згубіў адчуванне прасторы і часу, знаходзячыся ў нейкім трансе, эйфарычным стане, і толькі калі з-за суседняга высотнага дома ўдарылі ў акно тугія промні сонца, стомлена адкінуўся на спінку крэсла, выключыў непатрэбнае святло, зваліўся на ложак, заплюшчыў вочы. Ахутала прыемная млявасць, лёгкая спустошанасць, спакой…