Выбрать главу

Прачнуўшыся, кінуўся да стала прачытаць, што напісалася. Гэта было да страхавітасці новае, нязвыклае — аж не верылася, аж сам разгубіўся ад справы рук сваіх. Такога яму яшчэ ніколі не ўдавалася! Ачмурэла глядзеў, ледзь сунімаючы хваляванне, не ведаў, што рабіць з гэтым цудам… У друк, неадкладна ў друк, хаваць такое, не паказаць людзям — злачынства! Канечне ж, дадуць з фоткай, біяграфіяй, падборкай… Во, хай пачытаюць універсітэцкія разумнікі, за локаць сябе пакусаюць, каго адлучылі ад журналістыкі!..

3 дванаццаці напісаных выбраў дзевяць вершаў — тры падаліся занадта інтымнымі. Акуратна перапісаў на чыставікі…

У невялікім рэдакцыйным пакоі было чалавек з дзесяць, двое сядзелі за сталамі, астатнія — на крэслах дзе хто папала. Весела аб нечым гаманілі. Андрэй хацеў быў падацца назад, пачакаць у калідоры, але высокі, хударлявы, з сівымі валасамі чалавек, што сядзеў за сталом справа і якога, здавалася, недзе бачыў ці сустракаў, ветла і весела запрасіў:

— Праходзь, праходзь — не саромся! Вершы прынёс?

— Та-ак…— адказаў Андрэй, нясмела затаптаўшыся на месцы.

— Ну, то паказвай, што прынёс? — Прыязна глянуў шэрымі дапытлівымі вачыма.— А прозвішча як тваё?

— Чарапіца…

— А-а-а, прыпамінаю, прыпамінаю…

Ён пагартаў лісткі і нечакана прапанаваў:

— Хлопцы, а давайце разам паслухаем малады талент! — I звонкім, выразным голасам пачаў чытаць…

Сціскалася сэрца, здавалася, вось-вось спыніцца ад хвалявання, горла здушыла нейкая спазма. Спадылба назіраў, як рэагуюць прысутныя, многіх з іх пазнаваў па фатакартках, партрэтах, і было да страхавітасці незвычайна бачыць адразу гэтулькі вядомых паэтаў. Ды што бачыць! Яны слухаюць яго, Андрэя Чарапіцы, вершы і, здаецца, успрымаюць прыхільна. Адзін — ён пазнаў яго адразу, нават не можа ўсядзець, узмахвае рукою, перабівае:

— Во-во! Ды гэта ж — паэзія! — Глядзіць на яго добрымі цёплымі вачыма: — Малайчына!

Амаль усе вершы ўхвалілі, сёе-тое параіўшы «дацягнуць», паправіць і прыслаць разам с фатакарткай, кароткай біяграфічнай даведкай.

Акрылены, не памятаючы, на якім свеце жыве, выскачыў на вуліцу, без разбору пабрыў, куды неслі ногі. Грудзі распірала радасць, хацелася скакаць і, канечне ж, некаму пахваліцца. Гэта было такое шчасце, у параўнанні з якім усе непрыемнасці здаваліся мізэрнымі, нікчэмнымі...

Не заўважыў, як апынуўся ў парку. Карцела яшчэ раз перачытаць, глянуць радкі, якія сказалі паправіць, магчыма, удасца тут жа, неадкладна. Сеў на лаўку, выцягнуў з кішэні паперку.

— Прывет студэнтам! — Ля лаўкі стаяў і усміхаўся былы сусед па ложку, што засыпаўся на сачыненні.

— Здароў! — абрадаваўся Андрэй, успамінаючы, як завуць хлопца: здаецца, Васіль…— Ну, як ты? Сядай расказвай…

— Пра мяне — пасля. Як ты? Канечне ж, усё ў ажуры? Давай лапу!

— Можаш павіншаваць: пагарэў на дойч, як швед пад Палтаваю. Словам, цвай — пара…

— Ну да-а?..— засумняваўся сябар па няшчасцю.— Так і паверу! Не ззяў бы, як медны тазік…

— Э-э-э! — махнуў рукою Андрэй.— У мяне іншая радасць. Вершы напісаў, і во толькі што з рэдакцыі. Прынялі да друку. Расхвалілі… У часопісы дадуць. Хочаш, пачытаю?

— Ну, давай…— без асаблівай ахвоты згядзіўся хлопец, трохі здзіўлены гэтай прапановай.

Андрэй чытаў узнёсла, натхнённа, падражаючы сівому паэту, які толькі што трымаў гэтыя лісткі ў сваіх руках, і пасля кожнага верша ўзбуджана пытаўся ў хлопца: ну, як? Той хваліў, але, адчувалася, мала кеміць у паэзіі, бо хваліў якраз тыя радкі, мясціны, якія сказалі перарабіць. I ўвогуле, было відно, яму карціць гаварыць не пра вершы. Гэта трохі крыўдзіла і злавала, але не падаваў знаку.

— То як жа гэта так? — збольшага пахваліўшы апошні верш, занепакоена запытаў хлопец.— Ты ж такую папку прывалок, што без экзаменаў трэ было прымаць… Чорт ведае што! Ну, я — зразумела, а каб цябе-е!..

— Ат, ну іх! — адмахнуўся Андрэй. Зараз апроч вершаў, апроч тых шчаслівых хвілін у рэдакцыі ён нічога не хацеў ведаць, ні пра што не хацеў думаць.

— Ну а рабіць што сабраўся? — са шчырай заклапочанасцю не адставаў хлопец.

— А чорт яго ведае…— паціснуў плячыма, злуючы, што ад высокай паэзіі зноў трэба вяртацца да невясёлай празаічнай рэальнасці.— Не думаў пакуль што… А ты?