Выбрать главу

— Са мно-ою — усё ясна,— ажывіўся хлопец.— Іду ў вучылішча паліграфістаў. Ёсць такое ў Мінску. Надавумілі добрыя людзі.

— Прафтэхвучылішча?!

— Так… А што? — сумеўся Васіль (зараз дакладна ўспомніў, што завуць яго так).— Гэта якраз тое, што трэба. Ты бачыў калі-небудзь лінатып?

— Не…

— Не бачыў?! — здзівіўся Васіль.— Ну-у-у… Во, брат, машына! Сядзіш сабе, на клавішах шчоўкаеш, як на піяніна, а жоўценькія літаркі вылятаюць, вылятаюць, складваюцца ў радок. Націскаеш рычажок — адліваецца ў цынку, яшчэ цёпленькі, ляціць уніз, кладзецца адзін да аднаго, а гэтыя жоўценькія літаркі другі рычаг, як бусел, забірае, акуратненька нясе на самы верх, сартыруе кожную на сваё месца. Во, брат, машына! Я, калі хочаш, праз яе і на журналістыку падаўся — думаў, там вучаць. Аказваецца, рыпнуўся не туды, трапіў не па адрасу. Да пісання я не мастак, як ты. Адны траякі меў па сачыненнях, часцей за ўсё — спісваў не ў тых, у каго трэба…— I аж прыўстаў ад нечаканай думкі: — Слу-у-у-хай! А давай разам у вучылішча! А?!

— Ну што ты…— паціснуў плячыма Андрэй. Прапанова яму здалася проста недарэчнай.

— Хм, дзівак! — як на ненармальнага, глянуў на яго Васіль.— Мо скажаш, у калгас ці вучнем слесара ў прамкамбінат лепей?.. Тут — праз год спецыяльнасць. Размеркаванне — пераважна ў Мінск… А там, калі так няймецца, можна ў свой універсітэт рыпнуцца. На завочнае ці на стацыянар…

А гэта і сапраўды была геніяльная ідэя. Ну чым не выйсце?!.

Лёс нібы збавенне падсунуў яму гэтага добрага шчырага хлопца, і ўвогуле, сённяшнім днём літасцівы лёс кампенсаваў усе яго перажытыя пакуты…

Пераначавалі разам у інтэрнаце. Праўда, Васіль нелегальна — неўпрыкмет упусціў у акно на першым паверсе, калі сцямнела.

Назаўтра здалі дакументы ў вучылішча, пахадзілі па горадзе і, дамовіўшыся трымацца адзін аднаго, разам пасяліцца ў інтэрнаце, развіталіся і раз’ехаліся да восені па сваіх вёсках.

Рашыў нікому нічога не казаць. Запытаюць — скажа: паступіў. Пакуль разбяруцца, што да чаго, пройдзе год, а там — і на факультэце журналістыкі. Хай тады менцяць языкамі, колькі ўлезе… Хіба толькі рэдактару па сакрэту, і то, калі спытае…

Рэдактар не ўхваліў яго выбару. Хітра ўсміхнуўся і рашуча сказаў:

— Сядай і пішы заяву! 3 сённяшняга дня будзеш працаваць у нас…

— Як у вас?..— не паверыў сваім вушам Андрэй, разгубіўся.

— А во так,— падміргнуў рэдактар, задаволены зробленым эфектам.— Пазамяшчаеш на час дэкрэту Бялоцкую, а там відно будзе… Таго ж Вялеську ў рэшце рэшт куды-небудзь сплавім…

— Вялеську??! — анямеў Андрэй. Ён лічыў Янку Вялеську самым таленавітым ва ўсёй рэдакцыі.— Чаму Вялеську?..

— Сам убачыш чаму…— трохі зніякавеў і спахмурнеў рэдактар, спахапіўшыся, мусіць, што неабачліва ляпнуў тое, пра што жаўтаротаму навічку ведаць неабавязкова, увогуле не трэба ведаць.— Аднымі яго вершамі газету не запоўніш. Я не супроць вершаў, канечне, іх друкавалі і будзем друкаваць. Але не яны галоўнае, не яны робяць пагоду ў газеце.— Паглядзеў дапытліва, падумаў і строга папярэдзіў: — Ты ж глядзі: каб пра нашу размову нікому — ні гу-гу… Я не люблю гэтага. Што тут гаворыцца — мёртва.

Такога павароту ўявіць не магла нават самая смелая яго фантазія. Шчасце валіла ў рукі, ды яшчэ якое шчасце! Працаваць у рэдакцыі, на пасадзе, дзе трэба універсітэцкая адукацыя!.. Такое не магло і прысніцца. Са зларадствам уявіў, якая б міна была ў дэкана, у таго ж старшыні прыёмнай камісіі, каб даведаліся… А што: мо і даведаюцца…

Праўда, як стрэмка сядзеў, садніў той рэдактараў сакрэт. Навошта ён сказаў?! А цяпер, выходзіць, з-за яго пачнуць выжываць Вялеську. Вялеська ж — яму таварыш, амаль сябар, Вялеська, лічы, зрабіў з яго журналіста… Непрыгожа неяк…

Але хіба ён прэцца на жывое Вялеськава месца? Ідзе замяшчаць Бялоцкую, а Бялоцкая невядома яшчэ колькі прабудзе ў дэкрэце. Мо к таму дню якраз і падаспее час здаваць уступныя экзамены — і само сабою вырашыцца… Быць таго не можа, каб не паступіў, працуючы ў рэдакцыі!.. Усур’ёз трэба заняцца нямецкай мовай — за год не тое што нямецкую, а кітайскую можна асвоіць… Ды, калі на тое пайшло, хіба ён вінаваты, што рэдактар мае зуб на Вялеську? Хіба сказаў рэдактару пра Вялеську хоць адно кепскае слова?! Вялеська, калі на тое пайшло, не прападзе — у яго ёсць дыплом, а з дыпломам дзе хочаш можна ўладкавацца. А хто і куды возьме яго, Андрэя?

3 Вялеськам іх пасадзілі ў адным кабінеце. У першы ж дзень перайшлі на «ты». Два тыдні, пакуль знайшоў сабе куток, жыў на Янкавай халасцяцкай кватэры. Янка настойваў, каб заставаўся назаўсёды: маўляў, месца хопіць, будзе весялей, амаль па-студэнцку…