Выбрать главу

Можа, і застаўся б… Каб не той сакрэт, з-за якога цяжка было адкрыта і шчыра глядзець у даверлівыя Янкавы вочы. Пазбавіцца ад каменя за пазухай можна было толькі расказаўшы пра ўсё Вялеську…

Аднак ён не меў права расказваць…

Цяпер, калі сышліся блізка з Вялеськам, рэдактар, здавалася, яшчэ больш шкадаваў, што прагаварыўся. У яго дапытліва-змоўніцкім позірку Андрэю штодня бачылася: ну, паглядзім-паглядзім, які ты мужчына, як умееш трымаць язык за зубамі…

Мажліва, усё ж не паглядзеў бы ні на што, расказаў бы. Каб не ведаў Вялеськавага характару. Янка не ўмее трымаць сакрэты і свае эмоцыі. Скажы — успыхне ак свечка, кінецца да шэфа высвятляць адносіны. Чым гэта усё скончыцца — няцяжка здагадацца. Не для Вялеські, канечне. Для Вялеські горш не будзе. Для яго, Андрэя, дабром не скончыцца. Пакліча рэдактар і скажа: Бялоцкая выходзіць на работу, так што — будзь здароў, Чарапіца! Ідзі ў калгас, праяўляй працоўны гераізм, паказвай прыклад, заваёўвай маральнае права выступаць у газеце…

Вялеська Вялеськам, а рэдактар ёсць рэдактар…

IV

Карцёжнікі і не думалі класціся спаць, курылі — мусіць, і на самай справе сабраліся даканаць яго гэтым едкім дымам. Трываць, прыкідваючыся, што спіць, далей было невыносна — і, хапаючы паветра, зайшоўся доўгім астматычным кашлем.

— Ты што, не спіш? — гукнуў дзяцюк з азызлым тварам.

— Ну й накурылі ж! — мякка, каб не ўзлаваць ды не наклікаць бяду на сваю галаву, сказаў Андрэй.— Хоць тапор вешай…

— Прывыкай! Не ў цешчы на блінах…— недружалюбна прагундосіў маладзейшы — здаравяк з фігурай атлета.— Во інтэлігент пайшоў…

— Ну, ладна! — заступіўся дзяцюк (па ўсім відно — іх завадатар) і загадаў самаму маладзейшаму, шчупленькаму: — Косцік, фортку адчыні! А то і ўпраўду ачурыжыцца да свету…— Пацягнуўся, пазяхнуў.— Дый нам лягаць трэ, зрання мо шчэ на работу пагоняць…

Шчупленькі без ахвоты ўстаў, штурхнуў атлета:

— Падсадзі!

Здаравяк падхапіў яго і лёгка падняў да акенца пад столлю. Косцік прасунуў руку між кратамі, штурхнуў рамку — і ў памяшканне, клубячыся, паваліла свежае сырое паветра. Падняўшыся на локаць, прагна хапаў яго адкрытым ротам, як выкінутая на бераг рыба. I неўзабаве стала лягчэй, пасвяжэла ў галаве, нават настрой падняўся. Ён не ведаў, што больш спрыяла гэтаму: свежае паветра ці ўспаміны, на якія нарэшце выбіўся. Пэўна, і тое, і другое. Адно бясспрэчна: згадкі пра свой раннерэдакцыйны перыяд заўсёды выклікаюць светлыя, настальгічна-шчымлівыя пачуцці, вяртаюць да вытокаў, да самога сябе, ратуюць ад роспачы і адчаю. Канечне ж, то была самая шчаслівая часіна, самая яркая старонка ў яго кнізе жыцця. Нават студэнцкія гады не ў лік. Студэнцкія гады — лірычныя адступленні ў гэтай суровай кнізе, яны толькі зрэдку ўспыхваюць стракатымі матылямі. Тады ж была аснова, грунтоўная паэзія і проза, зара-зараніца маладосці, калі жывецца лёгка і проста, верыцца, што ўсё яшчэ наперадзе…

Ён вельмі любіў дзяжурыць па нумары, знаходзіць у друкаваным тэксце і выпраўляць карэктарскімі знакамі памылкі — на рэдакцыйным жаргоне «лавіць блох». Рабіў гэта надзвычай сур’ёзна, з нейкай проста такі хваравітай апантанасцю, з-за чаго меў часта сутычкі з карэктарам, нават адказным сакратаром. Не ўсё, канечне, што «лавіў», выпраўлялі, але заўсёды хвалілі за пільнасць, ставілі ў прыклад іншым дзяжурным, асабліва — Янку Вялеську, які па сваёй расхрыстанасці, вечнай паспешлівасці і прыблізнасці не заўважаў самую элементарную непісьменнасць. Работнікам друкарні, праўда, больш падабалася, калі дзяжурыў Вялеська — пры ім ніколі няма затрымак газеты, бясконцых нервовых пералівак, калі лінатыпістка выпраўляе адну — робіць дзве новыя, яшчэ больш недарэчныя памылкі.

I яшчэ падабалася прастойваць ля лінатыпа, назіраць, як ператвараецца ў металічныя радкі, калонкі яго артыкул. Заўсёды ўспамінаўся Васіль, праз каго ледзь сам не падаўся ў лінатыпісты, і зараз разумеў Васілёва захапленне гэтай сапраўды дзівоснай машынай. Ды неўзабаве гэтае прастойванне ў лінатыпнай успрынялі ў друкарні як падбіванне кліноў да лінатыпісткі Леначкі — балбатлівай, з кірпатым носікам бландзіначкі. Калі пра гэтыя жаночыя пагалоскі з хітраватай усмешкаю сказаў Янка Вялеська, збянтэжыўся, разгубіўся, пачаў клясціся-бажыцца, што цярпець не можа гэтую бесталковую Леначку, якая ў слове з чатырох літар робіць пяць памылак.

— Канечне, то — не кадра, не аб’ект,— з разуменнем падміргнуў Янка.— Ды яшчэ ў сваім доме! Зарубі біблейскі запавет: воўк у сваім статку авечак не чапае… Хочаш, вечарком павесялімся — во кадры!..

Андрэй тады яшчэ не знаўся з дзяўчатамі — ніяк не мог звыкнуцца, што дарослы, самастойны, можа, не саромеючыся, заляцацца з кім хоча, дзе хоча, як хоча, Неяк Янка Вялеська зацёг у сваю кампанію. Там была і для яго дзяўчына — высокая, гнуткая, як індыйская танцоўшчыца. Гэта была самая-самая сімпатычная дзяўчына, якую ён сустракаў. Ва ўсякім разе тады так падалося. Ад дотыку яе рукі таемна і салодка заходзілася сэрца, аж нешта стукала ў скронях. 0, як зайздросціў ён Янку, які проста, нават трохі развязна вёў рэй, налева-направа сыпаў жарты, дасціпныя экспромты! А ў яго чамусьці язык прымярзаў да зубоў, апаноўвала нейкае незразумелае здранцвенне. Асабліва — калі пачалі танцаваць пад магнітафон. Ён не ўмеў танцаваць і лічыў, што гэтым псуе настрой усёй кампаніі. Дзяўчыне было сумна, у вачах яе ўсё выразней і выразней узнікала адчужанасць, нават насмешка. Як праклінаў сябе, што не навучыўся танцаваць! Як востра, балюча адчуваў сваю няўклюднасць, непаўнацэннасць! Ставіў на магнітафон, адкручваў нанова, калі прасілі, танцавальныя мелодыі, а сам дачакацца не мог, калі ўсё гэта скончыцца.