Выбрать главу

Больш зарокся хадзіць у Вялеськавы кампаніі.

Рэдакцыйныя клопаты зацягвалі, як вір, не пакідаючы часу ні на паэзію, ні на гулянкі. Не да вершаў, тым больш — гулянак, калі а другой палове дня ў пятніцу атрымоўваеш заданне: кроў з носа, а крытычны матэрыял на дзвесце радкоў у панядзелак раніцой павінен ляжаць на стале ў загадчыка аддзела. А такі матэрыял з пальца не высмакчаш, не «выцягнеш» дзвесце радкоў апісаннем пагоды і прыгажосці пейзажаў… А ў панядзелак — новае заданне: рабселькораўскі рэйд, артыкул ды яшчэ дзве-тры аператыўкі-падвёрсткі на першую палосу. Не маеш у блакноце — здабудзь па тэлефоне. Апроч таго — тэкстоўкі пад фотаздымкі, якіх не ўмее рабіць фотакор…

Невялічкая газета, здаецца, а жарэ, пераварвае матэрыялу, як прорва. Часам усе ў мыле, як утрапёныя. Асабліва — у гарачыя сельскагаспадарчыя кампаніі, калі ўсе, нават рэдактар, з ранку да вечара на калёсах. Праўда, рэдактара пасылаюць упаўнаважаным, а гэта яшчэ горш: машыну трымае, а газеце практычна нічога не дае. Стамлёны, запылены вяртаецца вечарам, падпіша нумар «у свет» — і зноў мчыць на зерняток ці начную ўборку ў замацаваны калгас, за які галавою адказвае перад райкомам. Адзін адказны сакратар Цімох Гаўрылавіч — невысокі паўнаваты чалавек, вечна заклапочаны, шумлівы, нервовы,— заўсёды на месцы. Ён «лепіць газету» і ўвесь час з некім канфліктуе: то не «лезе» рэйд — адсякай «хвост», то ў «падвале» не стае радкоў пятнаццаць — сядай дапісвай, ды ў самы канец, каб не перавёрстваць, то палосу прынеслі з неспадзяванай «дзіркай» — шукай «затычку». Ледзь не за рукаў ловіць, хто б даў гэтую праклятую «затычку».

— Чаго прыстаў з нажом к горлу?! Не бачыш — заняты! — грыміць звычайна загадчык сельгасаддзела Рыгор Іванавіч, які толькі што з матацыкла, запылены, прапахлы ржаным полем.— Лічыць трэба, а не ўмееш лічыць — разбі на шпоны ці сам дапішы, газетны ты труцень!

— Сам ты труцень! — крыўдзіцца Цімох Гаўрылавіч.— Такое дзярмо, як ты даеш, я левай нагой накрэмзаю!

Самае дзіўнае, што ў жыцці яны неразлучныя сябры.

— То вазьмі і крэмзай, чаго прычапіўся як смала?!

— А ты на маё месца сядзь!

3 адказным сакратаром усе лаюцца, аднак быць у яго скуры няма ахвотнікаў. Калі Цімох Гаўрылавіч ідзе ў адпачынак — рукамі-нагамі адбіваюцца ад часовых сакратарскіх абавязкаў.

Андрэй ладзіў з Цімохам Гаўрылавічам, нават быў у яго ў фаворы. Пэўна, за тое, што ў блакноце заўсёды меў сёе-тое ў запасе і ахвотна выручаў у цяжкую хвіліну, ну і, канечне, ніколі не дазваляў сабе аднеквацца, тым больш — спрачацца, як гэта рабілі ўсе, нават Янка Вялеська. I Цімох Гаўрылавіч ставіўся да яго па-бацькоўску.

На сённяшні час нагрузка была вар’яцкая, але тады не заўважаў, працавалася лёгка, натхнёна. Пісаў апантана — не было нумара, каб не ішоў артыкул ці карэспандэнцыя, альбо нарыс, замалёўка, рэпартаж, фельетон, не кажучы пра заметкі. Розную драбязу, ды не толькі драбязу, падпісваў псеўданімамі. Іх было добры дзесятак. Часам нават не сам выдумляў, а Цімох Гаўрылавіч, бо на палосе ці нумары збягалася некалькі аднолькавых.

Сяды-тады ўрываў час і для вершаў. Часцей за ўсё для сваёй газеты: калі рыхтавалася літаратурная старонка, ці ў святочныя нумары, альбо да якіх-небудзь важных у раёне падзей, пад фотаэцюды на тэмы прыроды. Рэдактар лічыў, што святочны нумар — не святочны, калі ў ім няма бадзёрага, аптымістычнага верша. Раней пісаў такія оды Вялеська, але як, казаў рэдактар, за тры гады выпісаўся ўшчэнт, пачаў паўтараць самога сябе, альбо тварыць на грані плагіяту, і з прыходам яго, Андрэя, паэтычны сцяг святочных нумароў перайшоў у свежыя рукі…