Зімою нарэшце ў часопісе з’явілася чаканая падборка. Ніхто з пачаткоўцаў, нават масціты Янка Вялеська, не забіраўся на такую паэтычную вышыню. Цімох Гаўрылавіч прапанаваў перадрукаваць падборку ў сваёй газеце, спачатку згадзіўся і рэдактар, але потым перадумаў, разважыўшы: а ўсё ж няёмка, нясціпла — свой работнік, прытым некаторыя вершы ўжо друкаваліся… Абмежаваліся невялічкай заметкай на літаратурнай старонцы: творы члена нашага літаб’яднання надрукаваны ў рэспубліканскім часопісе…
Гэта быў яго зорны час, роўнага якому зведаць ніколі больш так і не давялося. Усе вакол толькі і гаварылі пра публікацыю, расцэньваючы яе як выхад на шырокую паэтычную прастору, прамы шлях да ўласнай кніжкі. На Янку Вялеську, які дагэтуль на мясцовым паэтычным небасхіле ззяў зоркай першай велічыні, сталі паглядваць з жалем, як на няўдачніка, мо нават графамана. Усё гэта, вядома, кранала, яшчэ як кранала Янкава самалюбства, асабліва — калі рэдактар пачаў распісваць паэтычную пошту не яму, як звычайна, а Андрэю. Праўда, ён па-ранейшаму заставаўся кіраўніком літаб’яднання, аднак ні для каго не было сакрэтам, хто тут аўтарытэт, хто тут фактычны лідэр. Усе, як адзін, пачаткоўцы неслі свае творы не да Вялеські, а да яго, і ён, пераймаючы манеру сівога паэта, чытаў услых, выносіў свой прысуд. Памалу і Янка Вялеська змірыўся са згубай паэтычнага лідэрства, маўкліва прызнаў верх над сабою, неўзабаве і сам пачаў паказваць свае новыя вершы: паглядзі, што атрымалася… Раней гэтага ён ніколі не рабіў. I Андрэй разбіраў дэталёва, даваў заўвагі, парады… У сваю чаргу Янка настойліва раіў:
— Не ўлягай гэтак на газетчыну. Не разменьвайся на дробязях. Рабі літаратуру. У цябе вялікі, светлы талент…
Янка нават хадзіў да рэдактара — настойваў, патрабаваў, каб далі большую магчымасць яму, Андрэю, для творчасці, у прыватнасці, вызвалілі ад абавязковых арганізаваных артыкулаў. I дамогся — Іван Сцяпанавіч згадзіўся…
Што праўда, то праўда: страшэнна не любіў гэтых, так званых, арганізаваных, дакладней — напісаных за некага, матэрыялаў, не мог узяць уцям, навошта і каму гэта патрэбна. Ну, зразумела, калі папрасіць у некага, каб напісаў, а потым, калі трэба, паправіць. Гэта — адна справа. Але калі чалавек не хоча пісаць, адбіваецца рукамі-нагамі, калі чалавеку сказаць няма чаго? Выдумляй, пішы нешта за яго… Каму гэта трэба?! Тым не менш, на кожнай лятучцы адно і тое ж: не выконваецца план па арганізаваных матэрыялах, мала выступае кіруючых работнікаў, спецыялістаў, радавых працаўнікоў і гэтак далей. Быццам для некага сакрэт, што гэтыя казённыя, зробленыя абы з рук матэрыялы мала хто чытае…
Было, канечне, заманліва адкараскацца ад іх — яны давалі, бадай, больш клопатаў, чым уласныя, аднак адчуваў, што гэта ў рэдакцыі нікому не спадабаецца, і, падумаўшы, адмовіўся, прытым адмовіўся прыгожа, пры ўсіх: не прыму ніякіх паблажак!..
Янка анямеў ад нечаканасці, разгублена заморгаў і, як толькі закончылася лятучка, адразу ж зацёг у цёмны кут:
— Ты што, ашалеў ці…— пакруціў пальцам ля скроні.— Зрух па фазе?! Асёл! Табе літаратуру трэба рабіць, а не гэтыя дурацкія артыкулы. На якога ж чорта я хадзіў, уламваў шэфа?!
— А хто цябе прасіў? —- буркнуў, падумаўшы: а мо ён знарок хацеў супроцьпаставіць калектыву?
Вялеська нічога не сказаў, толькі глянуў выразна, дакорліва, і стала сорамна за свае непрыгожыя падазрэнні: канечне ж, Янка дамагаўся для яго ад шчырага сэрца, па-сяброўску…
Янка пакрыўдзіўся, надзьмуўся, але ненадоўга: таіць крыўду ён не ўмеў, увогуле, нешта таіць было не ў яго характары.
Назаўтра паклікаў рэдактар, па-бацькоўску абвяў за плечы і пахваліў: малайчына! Мудрацоў на чужым гарбу ў рай ехаць нідзе не любяць. Сцвярджай сябе, заваёўвай пазіцыі…
I ён самасцвярджаўся натхнёна, апантана, удвая, утрая перакрываючы план і па арганізаваных артыкулах, і сваё прозвішча з паўдзесяткам актыўных псеўданімаў не знікала з палос. Неўзабаве, на здзіўленне ўсім, выбіўся ў чэмпіёны па ганарару — абышоў нават свайго шэфа Рыгора Іванавіча, які дагэтуль заўсёды трымаў пальму першынства. Які там ганарар у раёнцы, дробязь, канечне, але і гэтая дробязь шмат што значыла — ва ўсякім разе, вылучала ў лік самых пладавітых, самых патрэбных газеце работнікаў.
Праз нейкі час, сам бачыў, яго аўтарытэт і пазіцыі ў рэдакцыі ўмацаваліся настолькі, што будучае перастала хваляваць, вісець дамоклавым мячом. Бялоцкай да выхаду з дэкрэту заставалася месяцы тры. К таму ж, яна збіралася яшчэ браць водпуск за свой кошт — значыць, наступіць жнівень — ехаць паступаць. Быць таго не можа, каб у гэтым годзе не паступіў! Да практыкаў ставяцца інакш, чым да тых, хто са школьнай парты… Праўда, усё ж смактала страхавітае: а раптам зноў які партыцып устане пнём на дарозе… Ведаў: трэба брацца за навуку…