Выбрать главу

Але як толькі сядаў за падручнік, незразумелыя суфіксы, прэфіксы, пэрфэкты, плюсквампэрфэкты пачыналі ўпарціцца, ні за што не хацелі лезці ў галаву. Адкладваў падручнік, рашыўшы, што сёння стамлёны, не ў гуморы — засядзе ўсур’ёз заўтра. Аднак і заўтра, і паслязаўтра, і цераз пяць, цераз дзесяць, дваццаць дзён ніяк не мог перасіліць сябе. Чым больш змушаў вучыць, тым большую агіду, ледзь не паталагічную неўспрымальнасць да гэтых прэфіксаў і суфіксаў адчуваў у сабе. Ну і чорт з імі, думаў, адчаіўшыся. Зараз — не тое што летась. Зараз і без універсітэта не прападу — любы рэдактар возьме. Вунь, кажуць, на Віцебшчыне ў кожнай рэдакцыі вакансіі. Зрэшты, і свой, пэўна, не адпусціць — казаў жа пра Вялеську… Узважыць, ад каго большая карысць газеце…

А міжвольная віна перад Вялеськам усё яшчэ працягвала вярэдзіць сумленне. Праўда, не так востра, як раней, але нейкі нядобры астой быў. Хоць не раз думаў: а ў чым яго віна перад Вялеськам? У чым? Калі Вялеська хоча, каб не вытурылі — хай больш шастае па калгасах, а не па вечарынках, хай дае газеце столькі, колькі ён. Не гоніць хай цяп-ляп, абы з рук, каб чахвосцілі ў хвост і грыву на кожнай лятучцы… Зрэшты, мусіць, і хвалюецца дарма: Вялеська, здаецца, і не баіцца страціць сваю пасаду…

Вядома, не ўсё і не заўсёды ішло гладка і ў яго. Было б нават дзіўна, каб у рэдакцыі абыходзілася без гузакоў. У рэдакцыі кожны дзень чакай непрыемнасцей: то недагледзелі пасля машыністкі нейкую лічбу, то не тую літару паставілі ў прозвішчы, то пакрытыкавалі не таго, каго трэба — ды хіба ўсё пералічыш! Жыццё — як на вулкане. Але як прыходзяць нечакана-неспадзявана непрыемнасці, так і забываюцца, ва ўсякім разе ніхто з іх трагедый не робіць…

Урэзаліся ў памяць, хіба, два выпадкі…

Неяк на яго дзяжурстве ў друкарскі цэх прымчаў узбуджаны і заклапочаны Цімох Гаўрылавіч.

— Чарапіца, да рэдактара! — напята і са спачуваннем сказаў ён, і на твары было напісана: непрыемнасці…

У Андрэя ёкнула сэрца: пэўна, нейкае сур’ёзнае абвяржэнне, за нязлоўленую «блыху» рэдактар, канечне, не клікаў бы…

Іван Сцяпанавіч сядзеў хмуры, злы — дабра не чакай, і аж дых заняло, прабеглі дрыжыкі.

— Слухай, а дзе ты працуеш? — грозна насупіў бровы шэф.— Мо ўжо да іх перайшоў? — Тыцнуў на абласную газету.— Ці сабраўся абставіць усіх халтуршчыкаў? Са свайго загадчыка бярэш прыклад? А?

Андрэй зразумеў усё, і адлягло ад сэрца: то не самае страшнае — ён чакаў горшага…

Іван Сцяпанавіч глядзеў коса, калі хто друкаваўся ў абласной ці рэспубліканскіх газетах. У яго быў прынцып: спачатку забяспеч сваю родную газету, дзе табе плоцяць зарплату, а потым ужо можаш даваць, як ён казаў, на халтурку, на экспарт. Але паколькі рэдакцыйны партфель рэдка калі быў поўны, «экспартаваць» не было чаго. Каб збіць шэфа з панталыку, хаваліся пад псеўданімы, аднак і гэтыя хітрыкі рэдка калі праходзілі — у рэдактара быў проста такі незвычайны нюх на аўтараў і аўтарства.

— Даруйце, Іван Сцяпанавіч, больш не буду…_ палічыў за лепшае каяцца, хоць, як і ўсе ў рэдакцыі быў катэгарычна не згодны з шэфам наконт «халтуркі» і «экспарту»: журналіст павінен расці, выходзіць на абласны, рэспубліканскі ўзровень, і, калі ён выходзіць, радавацца трэба, а не папракаць.— Упрасілі — не ўстаяў… Вінаваты-ы…

— Хм… упрасі-і-ілі! Хм, вінава-а-аты! — перадражніў рэдактар, не перастаючы нервавацца, але, адчувалася, злосць ужо скіравана больш на калег з абласной газеты, з якімі ў яго даўно складаныя адносіны.— Упрасілі! Во мудрацы на чужым карку выязджаць! Самі рыбалку ды такіх дурняў, як ты, пісаць крытыку шукаюць. Нябось станоўчае не папрасілі…— I перакінуўся на яго: — А ты-ы?! Сваю галаву на плячах пара мець!.. Бачыце, яго можна ўпрасіць, бачыце, ён такі мякенькі!.. А хто ты такі, каб судзіць, павучаць увесь раён? Хто цябе, дазволь запытацца, упаўнаважваў увесь раён судзіць?! Знайшоўся мне Дабралюбаў! — I трохі з дакорам, трохі з болем, трохі з прыкрасцю вылаяўся: — Тво-орцы, растакую вашу! Халтурыце, а мне за вас…

Андрэй маўчаў, прыкусіўшы язык: пярэчыць шэфу, калі той не ў гуморы,— утрая зарабіць на арэхі… I, канечне, рабіў для сябе высновы…

А неўзабаве зноў уліп у гісторыю, якая, пэўна, назаўсёды засядзе ў памяці. Пра гэтую гісторыю, праўда, так ніхто ў рэдакцыі і не даведаўся, але для яго яна была куды больш прыкрая і непрыемная, чым тая шэфава прачуханка…

Здарылася гэта вясною, калі адсеяліся, пачалі догляд пасеваў. Вясна ў той год выдалася халодная, зацяжная. Толькі ў сярэдзіне мая адразу ўдарыла цяплынь. Прыгнечаная прырода чакала яе — за дзень вылупіліся зялёныя лісцікі на дрэвах, палезлі, як на дражджах, трава і рознае пустазелле. Сталася так, што ў цэлым неблагі калгас «Прагрэс» пачаў замыкаць раённую зводку па праполцы цукровых буракоў.