Выбрать главу

— Спяць нешта ў шапку твае землячкі,— праглядваючы зводку, сказаў загадчык сельгасаддзела.— Во, махні мо ды расчахвосці па-зямляцку…— Але тут жа перадумаў: — Не, табе не з рукі… Сам падскочу на тым тыдні… А ты вазьмі-і…— Пачаў шукаць, куды па-слаць яго.

Андрэй у суботу збіраўся дадому — ужо з месяц ніяк не ўдавалася вырвацца.

— Рыгор Іванавіч, а давайце ўсё ж «Прагрэс». Мне якраз трэба…

— Ну, як хочаш…— згадзіўся Рыгор Іванавіч.— У панядзелак — матэрыял на стол. Паставім у нумар за чацвер.

Часта, сядаючы адпісвацца пасля спешнага візіту ў які калгас, з прыкрасцю лавіў сябе: гэтага не хапае, таго — не даўмеўся запытаць, у тым — сумняваецца, тое — не можа даказаць фактамі, і хоць ты назад мчы. А матэрыял — у нумар… I калі яшчэ Рыгор Іванавіч, Цімох Гаўрылавіч ці сам рэдактар, правячы, пачыналі ўзмацняць крытыку — аж дых займала, з тыдзень не меў спакою…

Зараз, калі ён два дні прагойсаў па палях роднага калгаса, назіранняў і фактаў было ўдосталь — на тры артыкулы хапіла б. I за дакладнасць быў спакойны, як ніколі, таму пісалася лёгка, на адным дыханні. Пісаў, і ўвесь час свідравала думка, каб часам не западозрылі, быццам робіць паблажкі землякам…

Як і думалі, амаль на паўпаласы крытычны артыкул выйшаў у нумары за чацвер. Матэрыял спадабаўся ўсім. Нават з райкома пазванілі рэдактару: своечасова і правільна. Артыкул павесілі на «чырвоную дошку». Была, вядома, радасць…

Наступныя субота і нядзеля выдаліся вольнымі, і, каб не сноўдацца без справы, рашыў з’ездзіць у вёску: пахадзіць ля рэчкі, дзе ўзарвалася кіпенню чаромха, надыхацца яе п’янога водару, словам, адпачыць і мо, калі ўдасца, прыйдзе натхненне напісаць пару вершаў, за якія даўно не браўся… Ну, і, вядома, смактала цікаўнасць, праўда, трохі страхавітая: як жа землякі зрэагавалі на артыкул?..

Дома застаў адну маці. Выгляд у яе быў адчужаны, позірк — задумлівы, скрушлівы. Уразіла, што спаткала без звычайнай радасці.

— Што здарылася, мама?

— Ты зноў наводзіць крытыку прыехаў? — Глянула сур’ёзна і нязвыкла строга.

«Ах, вунь яно што!..» — падумаў ён, усміхаючыся:

— У мяне работа такая, мама…

— Каб яна згарэла з гэтакаю работай! — з тою ж адчужанасцю, нават роспаччу сказала маці.— Крытыкаваў бы, дзе цябе не ведаюць, не чапаў сваіх…

— Ну-у, мама…

— Што, мама?! — не памякчэла яна.— Табе што: прыехаў-паехаў, а нам? На старасць гадоў у сабакі вачэй загадаеш пазычаць?

— А што такое, мама, ну-у, растлумач…— зрабіў спробу прыкінуцца някемным прасцячком — гэта заўжды дзейнічала, выручала ў непрыемныя моманты.

— Ах, ён не ведае што?! — яшчэ больш занервавалася маці.— Рэйдаеш абы-што, і не ведаеш… Думаеш, тут рады тваёй пісаніне? Працьсядацелю, аграному, брыгадзіру, думаеш, падабаецца? Ды ім выгавары панавешвалі. Думаеш, дзякуй скажуць?! А суседзям як у вочы глядзець? Той жа Магдзе…— Уздыхнула цяжка і няўцешна.— Лепей бы ты не ездзіў сюды, калі маеш такую работу…

Яму хацелася пасмяяцца з яе клопатаў, растлумачыць, што ніхто не пасмее крыўдзіць іх, бо гэта будзе заціск крытыкі, помста за крытыку, а за такія рэчы можна і пад суд трапіць, але заўважыўшы, што да іх накіроўваецца цётка Магда, паспяшаў плітануць з хаты. Каму-каму, а ціхай і добрай цётцы Магдзе ніякавата было глядзець у вочы. Вагаўся, пішучы, нават ужо ў наборы хацеў выкрасліць цётчына прозвішча сярод гультаёў і абібокаў, але пабаяўся — падумаюць, выгароджвае сваякоў, яшчэ хто напіша рэдактару альбо ў райком: усё ўгледзеў, апроч дзялкі сваёй роднай цёткі…

Пасноўдаўшыся па загуменні, пранік у гародчык ля хаты — карцела падслухаць: пра што ж яны там будуць гаварыць? Ціха забраўся ў густы бэзавы куст пад самым акном, навастрыў вушы: спачатку чутно было толькі нейкае бубненне, але калі яны пераселі на лаву — можна разабраць кожнае слова.

— Жыцця няма, Настачка,— хваравіта ўздыхала цётка Магда.— Поедам есць брыгадзір, а мне сагнуцца немач. Спраўку з больніцы даю — слухаць не хоча. А тут яшчэ твой хлопец, як на якое ліха…

— Ты ўжо выбач, Магдачка: малады, дурны як бот. Хіба ж мая воля на яго цяперака! На свой харч пайшоў… Выгаворвала, крычала, як толькі прыехаў. Уцёк некуды, цябе забачыўшы — самому нябось устыдна…

Бадай, ніколі яшчэ не каяўся, не праклінаў сябе так, як зараз, седзячы ў гэтым сховішчы. Трэба было менш думаць, а выкрасліць!.. Хто-хто, а ён ведаў, якая працаўніца цётка Магда. Вечна шчыруе, як мурашка. Лічы ўсё жыццё аддала ферме, два ордэны, чатыры медалі зарабіла. Сам некалі пісаў нарыс. Цяпер скруцілі цётку хваробы, толькі што вярнулася з бальніцы, памагчы апалоць дзялку няма каму… Але ж хто мог падумаць, што адно ўпамінанне прозвішча так кране цётку?