— Ат, ты проста перабольшваеш… Гэта яшчэ невядома, хто выйграў, хто прайграў. Раён, згадзіся, добрая школа, веданне жыцця дае…
— Дае, канечне, дае…— іранічна ўсміхнуўся Вялеська.— Гледзячы што дае… Канечне, зведаеш па імені і бацьку кожнага старшыню калгаса, агранома, заатэхніка, брыгадзіра, дарогу да кожнай вёсачкі, дзе на цябе ўжо і сабакі не брэшуць, прымаючы за свайго. Будзеш, вядома, ведаць кожны бор, дзе растуць баравічкі, кожную рачулку, у якой пакуль што не звялася рыба… Але хіба гэта тое жыццё, якое табе патрэбна? Гэта — турысцкае бачанне жыцця. На сапраўднае жыццё хочаш не хочаш, а прызвычаішся глядзець вачыма рэдактара, загадчыка аддзела, адказнага сакратара, штодзённымі патрэбамі пражэрлівага молаха па імені газета, якому, адплачваючы за хлеб надзённы мусіш служыць верна і аддана. На першы погляд, і праўда штодня сутыкаешся з жыццём, ведаеш яго дасканала, але гэта толькі ілюзія. Сапраўднае жыццё сочыцца, уцякае, як дробненькі пясочак са жмені, у руцэ застаюцца розныя камякі ды смецце…
Андрэя страшэнна здзівілі гэтыя нечаканыя, арыгінальныя Янкавы думкі. У іх, канечне, было нешта слушнае, разумнае, аднак…
— Ладна,— зразумеў яго Вялеська.— Магчыма, я перабольшваю, згушчаю фарбы, але ў прынцыпе яно так і ёсць, як бы мы ні цешылі сябе…— I адразу ж перавёў на іншаё: — Так і быць, адкрыю табе па-сяброўску: іду ў адпачынак — і бывайце здаровы, жывіце багата… Словам, зматваю вуды. Наклёўваецца адно месцейка — дзякаваць богу, што ёсць сябры, якія не забываюць…
Андрэй, калі пазнаў бліжэй Янку, заўсёды трохі скептычна ставіўся да яго пражэктаў, а зараз паверыў: гэта надумаў сур’ёзна. На момант уявіў сабе рэдакцыю без вечна расхрыстанага, імпульсіўнага, шумлівага, трохі зацюканага Вялеські — і сціснулася сэрца, стала да болю тужліва, мабыць, упершыню так выразна адчуў, як яму будзе не хапаць гэтага блізкага чалавека, якога не цаніў, несправядліва думаў чорт ведае што…
— Во такія справы, стары! — нечакана ўзбадзёрыўся Янка.— Матай на вус — мо пойдзе на карысць мой невясёлы вопыт. Павер, гэта несусветнае глупства, быццам чалавек даходзіць да ісціны выключна праз свой уласны вопыт, быццам набітыя гузакі — самы дасканалы спосаб пазнання рэчаіснасці. Каб кожны арыентаваўся на ўласны вопыт, уласныя гузакі, чалавецтва і сёння не вылезла б са звярынай скуры, самай дасканалай прыладай лічыла б каменны тапор… I яшчэ скажу табе абсалютна шчыра: будзь сёння я на тваім месцы — ні за што не пайшоў бы на факультэт журналістыкі. Куды хочаш — у настаўнікі, урачы, аграномы, толькі не ў газетныя падзёншчыкі. Пісаў бы, калі мне хочацца, пра што хочацца, як хочацца, і толькі тады, калі не пісаць немагчыма… Зрэшты, глядзі сам — пісьменніка, нават журналіста там з цябе не зробяць, але і шкоды вялікай не будзе. Адно ясна: калі ісці — то, несумненна, на стацыянар!
— Яно, канечне: стацыянар ёсць стацыянар…— уздыхнуў Андрэй, згаджаючыся.— Але як зноў на якім-небудзь партыцып цвай зрэжуся? Сам бачыш: рыхтавацца сур’ёзна няма калі, што ведаў — забыў… На завочнае мо паступіць лягчэй…
Вялеська заклапочана пахадзіў сюды-туды, нешта прыкідваючы, раптам прасвятлеў, рашуча ляпнуў па плячы:
— Ладна! Дойч я бяру на сябе!
— Што, здаваць за мяне пойдзеш ці мо экзаменатарка — твая сяброўка дзяцінства? — недаверліва, іранічна глянуў Андрэй.
— На жаль, не, і гэта нам не падыходзіць,— спакойна і разважліва сказаў Янка.— Вучыць будзем. Дакладней, вучыць будзеш ты пад маім чулым кіраўніцтвам.— Падміргнуў гарэзна.— Калі будзеш прылежным вучнем, фірма гарантуе: праз месяцы два зашпрэхаеш — хоць пасылай інтэрв’юіраваць самога германскага канцлера…
— О-о, гэр профэсор! — зарагатаў Андрэй.— Скажыце, вы — гэта той буйны спецыяліст па вывучэнню замежных моў у сне?
— А ты не смейся! — задумліва спыніў яго Янка.— Я на самай справе нямецкую няблага ведаю. Вучыўся некалі на курсах перакладчыкаў — рыхтаваў сябе ў журналісты міжнароднага класа. Што з гэтага атрымалася — сам бачыш. Але ва універсітэце ніжэй пяцёркі ніколі не меў. Там, дарэчы, і іспанскую вывучыў — жыў па суседству з кубінцамі. Прыгожая, пявучая мова. Зрэшты, кожная мова — унікальны, непаўторны цуд. Калі хочаш ведаць душу народа — вывучы яго мову. Культурны, цывілізаваны чалавек, калі ён такім хоча быць на справе, а не пускаць пыл у вочы, павінен валодаць некалькімі мовамі. Яшчэ Карл Маркс казаў: колькі моў ведае чалавек — столькі раз ён чалавек. Гэта толькі нашы дамарошчаныя местачковыя інтэлектуалы не тое што вывучыць чужую, а нават родную ўмудраюцца забыцца ўшчэнт. Адукацыя вышэйшая, а выхаванне сярэдняе, пасрэднае, пыхлівае невуцтва, адным словам… Я з сябе, канечне, не строю вялікага інтэлектуала, але рэгулярна чытаю «Ноес Дойчлянд», «Гранма». Спатрэбіцца ці не спатрэбіцца ў жыцці, а для сябе цікава… Не верыш? — і пасыпаў нямецкія фразы.— Антвортэ! Волен вір дойч шпрэхэн…