Андрэй спярша думаў: прыкідваецца, нясе нейкую абракадабру, але калі Янка выцягнуў са стала «Ноес Дойчлянд», пачаў лёгка чытаць, свабодна перакладаць на беларускую мову — аж вочы акругліліся. Гэта было неверагодна! Заварожана глядзеў на Вялеську, быццам бачыць яго першы раз, і рабілася сорамна за сваю самаўпэўненасць, якая засціла вочы, заклала вушы, не дазволіла заўважыць, распазнаць, хто побач з табою. Але хто мог падумаць, хто мог здагадацца, што ў Вялеську хаваюцца такія таленты, дрэмлюць такія арыгінальныя, сталыя думкі, што прасцякаваты, трохі зацюканы Янка, каго даўно спісаў з рахункаў, на дзве, ды што на дзве — на дзесяць галоў вышэй кожнага, хто акружаў цябе, на дваццаць галоў вышэй за цябе, самаўпэўненага дурня?!
V
Карцёжнікі нарэшце ўгаманіліся, распаўзліся па сваіх лежбішчах. Палягчэла на душы: во цяпер то, можа, удасца заснуць…
Неўзабаве на самай справе стаў падкрадвацца не то сон, не то проста нейкае трызненне, як пры хваробе, калі ўзнікаюць, абрываюцца, мільгаюць, як у калейдаскопе, рэальныя, напаўрэальныя, нерэальна-кашмарныя падзеі, твары і дакладна не ведаеш, дзе тут сон, дзе — ява… Храп карцёжнікаў, мулкія нары… Янка Вялеська… Зуброжка нямецкіх слоў… Змоўніцкая размова з Янкам па-нямецку, здзіўленыя позіркі вакол: замежныя турысты?! Цётка Магда дакорліва: ці ж можна так, пляменнічак… Пяцёрка на ўступным экзамене па нямецкай мове… Дэкан… Інтэрв’ю з германскім канцлерам… Барадаты, грозны праайцец Абрам ля бочкі з півам: то што ж гэта ты, нягоднік, га?!.
Нехта тармасіў за плячо. Гэта, здаецца, была рэальнасць. Усхапіўся, не разумеючы, дзе ён і што з ім.
Ля нараў стаяў міліцыянер.
— Пад’ём! Да начальніка…
Споўз уніз, працёр кулакамі вочы, атрасаючы астаткі сну, звыкла прыгладзіў ускудлачаную бараду, Не спяшаючы, пабрыў за міліцыянерам, наперад адчуваючы, якога зараз дыхту дасць усім гэтым местачковым шэрлак-холмсам…
Начальнік міліцыі — невысокі, шчупленькі, ад чаго стандартныя маёрскія пагоны на кіцелі здаваліся занадта вялікімі,— недружалюбна змераў вокам, надзьмуўся, напусціў на сябе салідны і суровы выгляд. Можна было падумаць, што не яго работнічкі, а ён, Андрэй, натварыў у гэтую ноч чорт ведае чаго. Зараз ты ў мяне запяеш лазара, са зларадствам падумаў Андрэй, ураз спадзе твая напыжанасць…
— Прозвішча, імя, імя па бацьку? — афіцыйна і трохі задзірліва спытаў маёр. У яго быў амаль пісклявы голас, і высокія, пагрозлівыя ноткі, якія ён узяў, здаваліся смешнымі, камічнымі.
— Чарапіца, Андрэй Пятровіч, тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят трэці год нараджэння, з сялян, адукацыя вышэйшая, сямейнае становішча — халасты, не судзімы…— з сарказмам адказаў Андрэй.— Што яшчэ вас цікавіць? Мо, дзе хрысціўся, прозвішча папа, які хрысціў, даведка з радзільнага дома аб прывіўцы воспы?..
— Значыць, Ча-ра-пі-ца?..— не зрэагаваў на яго сарказм маёр.— Ваша прозвішча, значыць, Ча-ра-пі-ца?..— Дапытліва і недаверліва паглядзеў у вочы, кажучы: ну што, як я цябе?!
— Так, Чарапіца…— ужо без іроніі і былой упэўненасці пацвердзіў Андрэй, ніякавеючы…
Яго ўразіла жыллё Бяскуднікавых. Перш за ўсё — нейкай халаднаватай музейнай чысцінёй, падкрэсленай значнасцю кожнай рэчы. I яшчэ: пахам ці то нафталіну, ці то старой сатлелай паперы, які таксама бывае хіба ў музеях і кнігасховішчах. Адразу ж злавіў гаспадынін позірк на сваіх паношаных чаравіках, і ў гэтым позірку было не проста здзіўленне, а страх, жах, каб раптам госць, якога прывяла дачка, не ўздумаў пайсці дратавацца па дыванах сваімі неахайнымі чобатамі. I яшчэ ўразіла: гаспадыня звярнула больш увагі на чаравікі, чым на яго самога.
— Мама, пазнаёмся: гэта — Андрэй…
Гаспадыня — дзябёлая, пышная кабета з тонкімі, капрызнымі (зусім не такімі, як у дачкі) вуснамі насцярожана, трохі адчужана зрабіла ласку глянуць у твар, суха, кіўком галавы прадставілася:
— Антаніна Акімаўна…— I, ледзьве хаваючы спалох, кінула дачцэ: — Таліна, дай госцю тапачкі…
Андрэй паспешліва расшнураваў, садраў з ног, паставіў ля сцяны свае чаравікі, і гэтыя разбітыя, сям-там зморшчаныя, з задранымі насамі чобаты, якія шмат чаго пабачылі на сваім студэнцкім вяку, глядзеліся тут асабліва ўбога і недарэчна.
Антаніна Акімаўна перавяла свой насмешлівы, грэблівы погляд з чаравікаў на дачку, выразна гаворачы: во дакацілася, даражэнькая, потым вымучыла нешта накшталт абавязковай прыязнай усмешкі: