Выбрать главу

— Прахадзіце…

Чамусьці раптам падалося, што не хапае паветра, больш таго, з’явілася жаданне схапіць свае чаравікі, ірвануць назад, на вуліцу, дзе дыхаецца так вольна і лёгка.

3 суседняга пакоя выйшаў гаспадар — буйны, вальяжны, у камізэльцы. Спыніўся, засунуўшы рукі ў кішэні, быццам папярэджваючы: а рукі я табе не падам, гэта яшчэ заслужыць трэба…

— Ну, здравствуй, молодой человек…— нарэшце напята сказаў ён, свідруючы бясколернымі калючымі вочкамі. I гэты праніклівы, іранічна-паблажлівы, але насцярожаны, суровы позірк, здавалася, усталёўваў дыстанцыю, даваў зразумець, хто ёсць хто.— Значит, вот ты каков!.. Проходи, проходи, не стесняйся… Меня, как видимо, тебе известно, величают Ротором Петровичем. Ну, а тебя — я знаю…

«Ротар?» — здзівіўся Андрэй, ніякавеючы, што не даўмеўся спытаць Таліну, як яе па бацьку. Значыць, Таліна Ротараўна… Не заеумуеш…»

— Что, удивлён? — толькі вуснамі ўсміхнуўся Ротар Пятровіч.— Не ты первый. Эта ў дваццатыя — трыццатыя годы надзвычай модна было даваць отпрыскам ультрарэвалюцыйныя імёны. Вот і нараклі продкі Ротарам — займалася зара электрыфікацыі. Дачка, як табе вядома,— Раманаўна па отчаству. А я не хацеў мяняць: жыццё пражыта, сёе-тое, канечне, засталося ў аналах гісторыі — і тут ні адняць, ні прыбавіць… Ну, прахадзі, прахадзі…

Зайшлі ў прыцемкаваты пакой, застаўлены цёмнага колеру паліцамі з кнігамі — пераважна падпіснымі і мемуарнымі выданнямі. Асобную паліцу займала двухсоттамовая «Библиотека всемирной литературы» — блакітная мара кожнага кнігамана.

Мусіць, заўважыўшы, як бліснулі яго вочы, Ротар Пятровіч усміхнуўся задаволена, паблажліва, пераможна:

— Люблю рэдкую і вартую кнігу… Тут адзін чудзік прапаноўваў тры з палавінай тысячы. Ха! Дудкі! Гадоў праз дзесяць ім цаны не будзе…

— Да-а…— абы нешта сказаць, пагадзіўся Андрэй. Яму не спадабаўся, насцярожыў, такі паварот — падобна, гаспадар здалёку, хітра зандзіруе, намацвае яго цікавасць да іх маёмасці. Перамагаючы прыкрасць, падумаў: ды будзьце спакойны — нічога вашага мне не трэба…

Ротар Пятровіч сеў за пісьмовы стол, прапанаваў крэсла насупроць і, збіраючы параскіданыя паперкі, між іншым заўважыў:

— Во, над успамінамі свайго жыцця працую… Так што мы з табою ў нечым нават калегі…— I, заўважышы, што гэта не зацікавіла Андрэя, маўкліва сабраў паперы, паклаў у шуфлядку стала, нахмурыўся: — А цяпер, як я разумею, у нас павінна адбыцца мужчынская размова… Я правільна панімаю?..

Андрэй не ведаў, якой у такіх выпадках павінна быць мужчынская размова, збянтэжана маўчаў. Маўчаў і Ротар Пятровіч, бы сваім маўчаннем загадваў у нечым прызнавацца, і гэтае маўчанне рабілася амаль што варожым.

— Значыць, спакусіў дачку і заднім чыслом прыйшоў прасіць рукі?..— з грубаватай праматой нарэшце пачаў Ротар Пятровіч.— Во, арол!.. Рашыў паставіць перад фактам!..

Андрэя кінула ў пот: значыць, і пра гэта расказала!.. I нейкае нядобрае пачуццё да Таліны варухнулася ў душы: хм, гэта яе трэба спакушаць…

— Ну, ладна: што адбылося — таго не паправіш…— памякчэў Ротар Пятровіч.— Дзела яно мужчынскае… Я ў свой час,— прыклаў палец да губ: — Т-с-с… таксама быў не промах… Ладна! — I адразу ж перамяніў тон:— Дык што вы рашылі?..

— Пажаніцца…— здранцвела сказаў Андрэй, адчуваючы палёгку: нарэшце скончылася гэтая брыдкая цягамотная гульня, ці як яе — мужчынская размова…

Ротар Пятровіч заклапочана ўстаў, закінуўшы рукі назад, неспакойна прайшоўся ў сваіх мяккіх пантофлях, зноў вярнуўся да стала, сеў, і ад Андрэевага погляду не магло схавацца, што гэта яго хваляванне і заклапочанасць робленыя — будучы цесць іграе сваю рытуальную ролю, папросту ламае камедыю…

— Яны, бачыце, рашылі! — наіграна абурыўся Ротар Пятровіч.— А як жыць, на якія шышы, дзе жыць, у рэшце рэшт, вы падумалі?

— Не хвалюйцёся — не ў вас…— абрыдла гэтая недарэчная гульня Андрэю, і спахапіўся, нават спалохаўся за сваю дзёрзкую непачцівасць, рашыў змякчыць:— Мо кватэру знойдзем…

Гаспадар зыркнуў на яго строгім позіркам, прымірэнча ўсміхнуўся:

— А ты мне станоўча падабаешся. 3 характарам!

Андрэй палічыў за лепшае прамаўчаць.

— А бацькі твае як на гэта глядзяць?

— Звычайна…— паціснуў плячыма Андрэй — яму не хацелася прызнавацца, што бацькі яшчэ нічога не ведаюць.— Мне ж не семнаццаць…

— Радзіцелі, канечне, месныя?

— Так. Бацька — механізатар, маці — калгасніца. Жывуць у вёсцы…

— Яно і відно па твайму праізнашэнію…— паморшчыўся ён, але тут жа спахапіўся: — А-а, лічы, і нас таксама можна лічыць меснымі, ці як там па-вашаму — тутэйшымі. Як аселі пасля вайны, так бязвыезна і пражываем у гэтым цудоўным, зручным для жыцця горадзе. Можна сказаць, асіміліраваліся…— I рэзка павярнуў на іншае: — Бацьку то як завуць?