Выбрать главу

Гэтая недамоўленасць, рэзкі паварот насцярожылі Андрэя, нутром адчуў: чакай нейкую каверзу…

— Пётр… Пётр Паўлавіч Чарапіца…

— А дзеда хоць па бацьку ведаеш як?

— Павел…— спатыкнуўся на секунду.— Адамавіч… Павел Адамавіч.

— А прадзеда?

— Адам… Ада-ам…

— Во, бачыш…— паблажліва, з лёгкім дакорам падхапіў Ротар Пятровіч.— Для вас, маладых, прадзед — ужо ледзь не праайцец Адам. А між тым ад праайца Адама да твайго прадзеда Адама — ого які ланцужок працягнуўся! Забываць не хара-а-шо-о… Ці ведаеш ты, што навукай даказана, што мы жывем не з моманту нашага нараджэння, а жылі, існавалі ў генах продкаў мо да сотага, тысячнага калена, як, дарэчы, продкі жывуць у нас, будуць жыць у нашых нашчадках. Мы чуем покліч продкаў не толькі ў колеры валасоў, скуры, вачэй, форме лоба, падбародка, але і ў складзе характару, талентах, нават хваробах, злачынных схільнасцях… Цікавая тэорыя! Абсалютна верная! Яна дазваляе да спрадвечнай праблемы бессмяротнасці душы падысці навукова, без рознай містыкі. Бессмяроцце душы — гэта не што іншае, як бессмяротнасць генаў. Душы бяссмяротныя датуль, пакуль нехта не абрывае ланцужок…— I нечакана прапанаваў: — Хочаш, раскажу пра сваю радаслоўную? Ты, дарэчы, павінен ведаць, з кім парадняешся, у якой камбінацыі сабраўся рэалізаваць гены… У нас старынная і слаўная фамілія. Шмат пра што зараз быццам і ўпамінаць непрыстойна, але, як кажуць, з песні слова не выкінеш… I выкідаць не трэба! Кожны абавязаны ганарыцца сваёй радаслоўнай, нават — калі яе складаюць простыя сяляне-земляробы…— Каменьчык быў ясна ў чый агарод…

I ён пачаў натхнёна і доўга расказваць пра сваё генетычнае дрэва, не ўпускаючы ніводнага адгалінавання, ніводнага сучка, нават калі той сучок засох…

Сама па сабе еўгеністычна-генная тэорыя Ротара Пятровіча яму падалася цікавай, ва ўсякім разе, арыгінальнай, у нечым — спрэчнай, у нечым — слушнай, але аж вушы заклала ад бясконцага пераліку імён і слаўных спраў Бяскуднікавых, даўно збіўся з тропу і, каб уздумалі перапытаць, ні за што не сказаў бы, каторы і па якой лініі быў тайны саветнік імператара, каторы — вядомы дзеяч славянафільства, каторая — выходзіла замуж за ўнучатага пляменніка графа Бенкендорфа, каторы — іграў нейкую прыкметную ролю ў саюзе ці таварыстве Міхаіла Архангела… Яму ўсё гэта было да нуды нецікава, мо нават трохі шакіравала, аднак дзеля прыстойнасці, а мо проста каб не прагнявіць будучага цесця, рабіў выгляд, што слухае ўважліва, нават сяды-тады ўдакладняў нешта пра некага, бы і на самай справе яго дужа зацікавіў нейкі там пляменнік Ротара Пятровіча па мацярынскай лініі. Калі што і праўда цікавіла, то — што сталася з гэтымі шматлікімі пляменнічкамі пасля 1917 года, аднак, як і належыць чалавеку выхаванаму, далікатна маўчаў…

— I я ўяўляю сабе: публіцыст Андрэй Бяскуднікаў! Пісацель Андрэй Бяскуднікаў! — нечакана павярнуў Ротар Пятровіч, падміргваючы па-змоўніцку.— Гучыць то як! А?! Вясома, зрыма! Мошч то, сіла якая! Як узрыў прыбоя! Як раскат грому! Як водгук артылерыйскай кананады! I параўнай: Чарапі-і-ца…— Паморшчыўся, фыркнуў, развёў рукамі.— Даруй, кровельны матэрыял…

«Дык во-о-о куды ён гне! — дайшло нарэшче да Андрэя.— Во для чаго спатрэбіліся ўсе гэтыя святцы! Во якую камбінацыю генаў захацеў! А камбінацыю з трох пальцаў ты не жадаеш?!»

— Думаю, не адмовішся прыняць нашу фамілію,— як аб справе вырашанай, сказаў Ротар Пятровіч.— За гонар будзеш…

— Не! — спыніў яго Андрэй, інтанацыяй падкрэссліваючы нетактоўнасць, непрымальнасць таго, што надумаў будучы цесць.— I давайце не будзем пра гэта…

Ротар Пятровіч ці то на самай справе засмуціўся, ці то прыкінуўся, падышоў да акна і з роспаччу сказаў:

— Я разумею цябе… Няёмка, канечне, нязвыкла… Але пастарайся ўзняцца над гэтымі «нязвыкла», «няёмка», зразумець і нас. Меў бы я сына — і размовы не было б. К няшчасцю, няма — і тут нічога не паробіш… У свой час жонка пасля аперацыі не магла больш мець дзяцей. Во так і застаўся без прамога наследніка, прадаўжальніка роду, захавальніка фаміліі. А я, зразумей мяне правільна, не магу, не маю права адысці, не пакінуўшы на зямлі Бяскуднікавых, перад памяццю продкаў не маю права абарваць ланцужок… Ты разумееш? Так што прашу: уваж. Ты — наша апошняя надзея…

— Таліна можа застацца на сваёй фаміліі…

— Не-е, гэта — не тое! — катэгарычна адверг кампрамісны варыянт Ротар Пятровіч.— Ты сам, дзеці і дзеці дзяцей вашых павінны быць Бяскуднікавымі!..