Выбрать главу

— Вы ж сказалі, што халасты? — выцягваў жылы маёр.

— Халасты… Быў жанаты. А цяпер разведзены…

Маёр, адчувалася, не надта паверыў:

— А чым можаце даказаць?

«Сапраўды, чым?» — разгубіўся Андрэй.

— Пашпарт, напрыклад, ёсць?

— Пры сабе няма — на замене…

— На замене, значыць,— хмыкнуў маёр.— Дзявочае прозвішча, значыць… То мо і барада дзявочая, па жонцы, так сказаць?

— Слухайце! — абразіўся Андрэй.— Канчайце гэтую камедыю! Я ж вам ясна сказаў: быў на жончыным прозвішчы, развёўся, вярнуў сваё, пашпарт знаходзіцца на замене, пасведчанне пакуль што не паспеў памяняць. Ды, чорт пабяры, паслеплі ўсе, ці што?! Не бачыце фотакартку, пячатку?!

— А вы спакойней, спакойней, грамадзянін, як там вас, Чарапіца, Бяскуднікаў… А вы ніколі не былі па жонцы Дранчыкам, Бяссонавым, Шамурыным? Ці мо… Шушалем?..— Паглядзеў доўга, дапытліва, здзекліва.

— Ды што вы-ы! Абалдзянелі, ці што! Якога вы мне Шушаля, чорт пабяры! — закалаціла Андрэя.— Ды вы! — Грукнуў кулаком па стале.

— Без нерваў! — узвінціў пісклявы голас маёр.— А то зараз супакоім… Не забывайце, дзе знаходзіцеся, і будзьце ласкавы ясна і дакладна адказваць на пастаўленыя пытанні.

— Ладна…— стрымана сказаў Андрэй, хоць усяго калаціла ад прыкрасці і гневу.— Слухаю вас…

— Во так,— пахваліў маёр.— Адкуль прыехалі?

— Аб гэтым няцяжка здагацца з пасведчання, што трымаеце ў руках,— з’едліва адказаў Андрэй.— А як трапіў ноччу ў ваш горад — можаце, калі не ведаеце, справіцца на аўтавакзале. Там дакладна скажуць, калі прыбывае мінскі аўтобус. Магу прад’явіць білет…

Маёр унікліва вывучаў праязны аўтобусны білет, і на твары яго пісалася расчараванне, ніякаватасць. Андрэй прыкінуў: самы час рушыць у наступ.

— У сваю чаргу, я хацеў бы даведацца,— цвёрда і афіцыйна запытаў ён,— чаму без санкцыі пракурора, без прад’яўлення прычыны мяне арыштавалі і ноч пратрымалі пад арыштам у кампаніі невядомых мне грамадзян?

Маёр трохі збянтэжыўся, але і не думаў здавацца:

— Значыць, вы — супрацоўнік газеты і прыехалі сюды ў камандзіроўку? Так?

— Так,— пацвердзіў Андрэй.

— Пакажыце камандзіровачнае пасведчанне.

— Няма, — зноў быў змушаны зніякавець Андрэй, з прыкрасцю падумаў: няўжо давядзецца прызнацца, чаго прыехаў? — Я тут па асабістай справе…

— Не разумею: то вы ў камандзіроўцы, то раптам — па асабістых справах? — паціснуў вузкімі плечукамі маёр.— Нешта вы цямніце, даражэнькі. Да каго прыехалі?

Андрэй згараў ад прыкрасці, што не ўдаецца ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, загнаць у кут гэтага маёра. Наадварот — з яго працягваюць рабіць вярблюда!..

— Прыехаў у рэдакцыю, ясна?!

— Да каго канкрэтна? — не адставаў маёр.

— Да рэдактара.

— Зараз праверым…— Пачаў набіраць нумар. Тэлефон не адказваў.— Хто вас яшчэ ведае?

— Ніхто.

— Дзіўна…

— А вы пазваніце ў нашу рэдакцыю — там скажуць…— Назваў нумар.— Дарэчы, гэта тэлефон Саўчука, якога, спадзяюся, вы павінны ведаць…

Гэта падзейнічала. Маёр, канечне, званіць не стаў, адразу ж палагаднеў, аддаў пасведчанне, трохі вінавата, з панібрацкімі ноткамі сказаў:

— Што ж вы маўчалі? Адразу б сказалі, што вы ад Аляксандра Сяргеевіча. Ну як ён там? Прывыкае да сталіцы?

— Нічога, працуе…— адчужана буркнуў Андрэй, прыкідваючы, якую б кару прыдумаць гэтаму міліцыянеру.

— Ай, які цудоўны чалавек! — лапатаў маёр.— Каб вы ведалі, як яго ў нас паважалі і любілі! Залаты чалавек! Во не далі толькі развярнуцца… У нас заўсёды так: з’явіцца харошы чалавек — раз-два і пацягнулі ў цэнтр. У нас тут усе яго шкадавалі… А вы ўжо выбачайце, Андрэй Пятровіч, за недаразуменне… I парада вам: дакументы трымайце ў парадку…

— Улічу,— суха сказаў Андрэй.— А цяпер мо дазволіце растлумачыць: чаму мяне затрымалі?

На маёравым твары мільганула ўжо зусім вінаватая і разгубленая ўсмешка, разам з тым адчувалася, як не хочацца яму прызнаваць свой прафесійны «пракол».

— Вінаватыя будуць строга пакараны. Ад імя міліцыі выказваю вам спачуванне і яшчэ раз прашу дараваць за гэты інцыдэнт.

— Нішто сабе інцыдэнт! Вы тут што, з кожным прыезджым так абыходзіцеся? Нішто сабе, гасцінна…

— Не з кожным,— не зразумеў іроніі маёр.— Падвёў ваш дакумент і знешнасць, дакладней — барада.

— Значыць, вы толькі з барадатымі так? А хто без барады?

— Па аператыўных даных,— зноў не зважаў на сарказм маёр,— у нашых краях заявіўся рэцыдывіст Шушаль, па ўсесаюзным пошуку. Прыкметы, даруйце, зусім супадаюць з вашымі. А тут яшчэ дакумент: на фота вы без барады. Барада, ведаеце, як мяняе… Во і завяло ў зман… Ды самі паглядзіце…— Выняў са стала стандартную лістоўку ўсесаюзнага пошуку з партрэтам барадатага чалавека.— Чым не ваш двайнік?