Выбрать главу

Андрэй даўно пераканаў сябе, што нечага вартыя публіцысты, валадары дум, каралі рангу Гіляроўскага, Уласа Дарашэвіча даўно вымерлі, як маманты. Паціху знікаюць, як усурыйскія тыгры, і газетчыкі старой закваскі, самаахвярныя працаўнікі журналістыкі, яе чорнарабочыя, паўпрэды. Рэдакцыі сёння запаланіла розная драбяза, бездары, кан’юнктуршчыкі. На што яны здатныя, што ўмеюць? Пэцкаць доўгія, нудныя, жалезабетонныя, алілуйныя справаздачы ды душыць, не даваць падняцца маладым талентам. О, тут яны здольныя, майстры экстра-класа! Адна ўцеха — не за кан’юнктуршчыкамі, чынадраламі, падхалімамі будучыня. Усё прыгадаецца, усіх паставяць на строгі суд нашчадкаў. А там відно будзе, хто быў Саўчук і хто — Андрэй Чарапіца…

Вуліца паступова набывала ўсё больш прыстойны выгляд: роўны, без выбоін, па ўсім бачна, не так даўно пакладзены асфальт, даволі акуратны тратуар з квадратных цэментных плітак, люмінесцэнтныя ліхтары на кожным слупе. Падобна было, недалёка цэнтр горада.

Усе шляхі вядуць у Рым. Усе вуліцы ў раённых пасёлках выводзяць на гарадскую плошчу. Плошча — твар раённага гарадка. Тутэйшы круглы «твар» пабліскваў лужынамі холадна і няветла.

Андрэй спыніўся, агледзеўся, і раптам ахапіў яго нейкі неспакой. Здалося, нават не здалося, а фізічна адчуў: за ім сочаць нечыя вочы. Насцярожыўся, чуйна прыслухаўся, адчуваючы міжволі, як замірае сэрца, ледзянее кроў.

Закалыханы манатонным шэптам восеньскай імжы, гарадок, між тым, спаў моцным, здаровым сном, і ў гэтай трохі адчужанай, але мірнай, спакойнай дрымоце не было і не магло быць ніякай небяспекі. Падумаў: і праўду кажуць, што ў страху вочы вялікія, аднак усё роўна прыбавіў кроку, як паратунку, як збавення цікуючы запаветную шыльду «Гасцініца».

На плошчу выходзілі рэстаран, райунівермаг, дом быту, прадмаг, вузел сувязі, кіёск «Саюздруку», трохі воддаль, за невялікім скверыкам, велічна і змрочна ўзвышаліся муры не то царквы, не то касцёла.

Гасцініцы не было, і дзе яе шукаць — не меў ніякага ўяўлення.

Хоць бы якая жывая душа трапілася!

Вакол было глуха і бязлюдна, як у пустыні, як у мёртвым горадзе, які нядаўна паказвалі ў тэлепраграме «Клуб кінападарожжаў». Рабілася жудасна.

Павагаўшыся, збочыў на вуліцу з аднолькавымі, расцягнутымі ў шырыню двухпавярховымі цаглянымі дамамі. Такія дамы на шаснаццаць кватэр будаваліся ў першай палове шасцідзесятых гадоў, і гэтыя архітэктурныя ансамблі наклалі свой адбітак на аблічча ўсіх без выключэння раённых цэнтраў, нечым упадобілі адзін да аднаго: індустрыяльная стандартызацыя. Сярод гэтых ансамбляў у тыя гады звычайна «садзілі» такія ж выцягнутыя ўздоўж двухпавярховыя гасцініцы без камунальных выгод. Сям-там яны служаць і да сённяшніх дзён. Магчыма, і тут…

Мураваныя дамы, між тым неўзабаве скончыліся, а з імі — і асфальт. Пачаўся брук, драўляныя местачковыя хаты з платамі і агародчыкамі — прыватны сектар. Канечне ж, шукаць тут гасцініцу — што вудзіць рыбу ў калодзежы. Хацеў быў павярнуць наўад, аднак усё ж рашыў прайсці яшчэ метраў пяцьдзесят — да ліхтара пад старым таўшчэзным дрэвам, што выступала на паўтратуара. Цікава, што гэта за волат: таполя, клён ці ліпа? I — ледзь не прысеў ад рэзкага, як стрэл, хвосткага, як удар бізуна:

— Стой!

Значэўку нават не сцяміў, адкуль гэта: з-за дрэва ці з-за суседніх веснічак? Інстынктыўна падаўся рвануць назад, маланкай мільгануў выпадак, калі толькі ногі ўратавалі яго ад хуліганаў у цёмным мінскім завулху. З-за дрэва выскачыў міліцыянер — і Андрэй ледзь не закрычаў ад радасці:

— Здрасьце! — Падумаў: ну во, нарэшце пашанцавала...

— Здрасьце…— Міліцыянер стаяў, засунуўшы руку ў кішэню, недружалюбна, падазрона, нават варожа аглядваў яго з ног да галавы, і Андрэй не мог узяць уцям: з якой нагоды гэтая варожасць? — Не дурыць! Вы акружаны! — Зайшоў збоку, адразаючы шлях да адступлення.