Выбрать главу

Андрэй глянуў — і, заморгаўшы, адхіснуўся: на лістоўцы быў яго партрэт! Гэта было неверагодна, гэта была нейкая галюцынацыя! I барада, і лоб, і нос, і прычоска, і нават губы… Хіба толькі авал твару, бародаўка на шчацэ — і то, калі ўважліва прыгледзецца. Ну і, канечне, вочы — бяздумныя, халодныя, злыя. Прачытаў: Шушаль (ён жа Дранчык, Шамурын, Бяссонаў), 1953 года нараджэння, рост сто семдзесят тры сантыметры… Адклаў, не дачытаўшы — не мог: нутро выварочвала нейкае мярзотнае пачуццё. Каб не маўчаць, ледзянеючым голасам пацікавіўся:

— А што ён натварыў, гэты Шушаль?

— Дакладна невядома. Ёсць звесткі, на родную маці падняў руку… 3-за грошай. Закончаны падонак…

На дварэ вісела, кісла ўчарашняя нудная мжа, воглая, змрочная, беспрасветная, як і яго настрой. Да ўсяго ўзяўся, прадзімаў наскрозь агідны, пранізлівы ветрык.

Аглушаны толькі што ўбачаным, пачутым, Андрэй прыбіта стаяў ля міліцэйскага ганка, не могучы ўспомніць, ці развітаўся з маёрам, а галоўнае — ці папрасіў заказаць нумар у гасцініцы. Пра гасцініцу, здаецца, была гаворка. Была — дакладна. Маёр яшчэ пазваніў, папрасіў асобны нумар… А дзе яна, гасцініца, не спытаўся…

Цяжкі, невідушчы позірк слізнуў па шчыце — і бы токам торкнула: на яго глядзелі аж тры партрэты Шушаля! Застыў, паралізаваны незразумелай сутаргай. Нейкая невядомая сіла ўладна падштурхоўвала падысці, яшчэ раз зірнуць, пераканацца, высадзіць шкло, садраць, парваць на шматкі, утаптаць у гразь гэтыя ненавісныя, мярзотныя партрэты, і ледзьве стрымліваў сябе, каб не падначаліцца гэтай неразумнай сіле. Паспрабуй толькі — у лепшым выпадку адкараскаешся штрафам, а то на тыдні два зацюлюкаюць у кампанію начных знаёмых…

Спіною адчуў нечы насцярожаны, няветлы позірк. Азірнуўся: з другога боку вуліцы на яго глядзелі дзве дзяўчынкі-падлеткі ў школьнай форме. У іх акругленых вачах застыла здзіўленне, спалох. Спрабаваў усміхнуцца, аднак дзяўчынкі сарваліся з месца, подбегам панесліся прэч, час ад часу азіраючыся. Падумаў: зараз увесь горад падключаць на аблаву Шушаля. Глядзі, чаго добрага, схопяць, намнуць бакі ды зноў прывалакуць у каталажку…

Разгублена моргаў і сам сабе здаваўся зацкаваным, абкладзеным з усіх бакоў зверам. Нябось гэтымі партрэтамі ўсе слупы ўклеены. Рвані, пакуль цэлы-здаровы, назад у Мінск,— на першым жа прыпынку ссадзяць. I зноў высвятляй адносіны, спавядайся перад чарговым начальнікам міліцыі. Тут хоць Саўчук выручыў, а там?.. Хутчэй у гасцініцу! Ды як у гасцініцу з такой фізіяноміяй ды чорт ведае з якім дакументам совацца? Тым больш — у рэдакцыю… Дзеці на вуліцы і тыя глядзяць як на бандзюгу, разбойніка з вялікай дарогі…

I барада, што гадаваў з такім стараннем, барада, якая была адметнай, элітарнай прыкметай любімцаў муз, зараз здалася ганебным кляймом, мо нават прычынаю ўсіх прыкрых бед-няшчасцяў, што падпільноўваюць на кожным кроку, звальваюцца, як снег на галаву. Больш таго, узнікла нейкае дзіўнаватае адчуванне, быццам варта толькі збавіцца гэтай агіднай шушалеўскай барады, як усё пачнецца па-іншаму…

Завурчэў, выехаў з варот і спыніўся ля пад’езда матацыкл з двума міліцыянерамі. Кінуўся да іх:

— Дзе тут у вас цырульня?

Міліцыянеры насмешліва, нават здзекліва агледзелі яго з ног да галавы, той, што быў за рулём, паказаў:

— Во там, на плошчы. Проста і проста, нікуды не зварочваючы…

Стрымгалоў кінуўся направа, намагаючыся не заўважаць нікога, не зважаць ні на што. Вуліца была бязлюдная, аднак здавалася, з кожнага двара, з кожнага акна на яго глядзяць. сотні вачэй, тыцкаюць пальцамі: Шушаль, Шушаль, Шушаль…

Яшчэ здалёк прыкмеціў непамерна вялікую вывеску: «Парикмахерская», не пераводзячы дыху, узбег па сходках на другі паверх, тузануў дзверы…

О жах — яны былі на замку!..

Учора, садзячыся ў аўтобус, верыў, што, як толькі выедзе за Мінск,— усе беды-нягоды, бы пералётныя касыя восеньскія дажджы, застануцца ззаду, у мінулым. Спадзяваўся, што ў раённым гарадку, куды гнаны лёсам, ехаў пачынаць новае жыццё, набудзе жаданы спакой, раўнавагу, упэўненасць у сабе, якіх даўным-даўно не мае па нечай злой волі ці проста такім дзіўным збегу акалічнасцей. Быццам усе і ўсё, нават сама прырода, супроць яго, бы нехта ўсясільны, усемагутны, немаведама за што помсцячы, праследуе неадступна, праследуе, каб удосталь насмяяцца, наздзекавацца. Во і кроку не паспеў ступіць, каб пачаць новае жыццё — і анекдатычнае затрыманне, начлег у КПЗ, мярзотны барадаты двайнік… Нават цырульня на замку! Падобна, што змрочная палоса бед-няўдач, ад якой намерыўся ўцячы, пацягнулася шлейфам, насцігла, і няма ад яе ні збавення, ні паратунку. Можна падумаць, што чорны чараўнік, злая фея падсунулі яму нейкі антыталісман… Тут хочаш не хочаш, а можна паверыць у чартаўшчыну альбо звіхнуцца…