Выбрать главу

Першы раз пра багіню Фартуну Андрэй пачуў на лекцыі грамавержца Зеўса — грознага выкладчыка антычнай літаратуры, чыё імя наводзіла і наводзіць жах не на адно пакаленне студэнтаў-журналістаў, дастойна ўслаўлена ў бясконцых легендах і байках, словам, студэнцкім фальклоры. Шкада, што гэтага фальклору ніхто не збірае, ніхто не вывучае, ніхто не выдае. А ён калі не кандыдацкай дысертацыі, то хоць якой-небудзь дыпломнай работы, напэўна, варты… Але гэта к слову…

Упершыню ўбачыў багіню Фартуну Андрэй на палатне аднаго непрызнанага генія, з кім выпадак звёў пазнаёміцца ў дыскаклубе. Дыскамузыкай, праўда, ён і аднакурснікі перахварэлі, як адром, яшчэ на другім курсе. Патрэсліся, як у ліхаманцы, апрабавалі на моц барабанныя перапонкі, сабралі багатыя калекцыі выразак з айчынных і замежных выданняў з фота і партрэтамі дыскакуміраў, а потым пакрысе сталі разумець, што апроч «дыска» на свеце ёсць шмат іншых цікавых рэчаў і заняткаў, разважаць пачалі, што «дыска», у рэшце рэшт, пройдзе, як і ўсе «міні», «максі», «платформы», сапраўдная ж музыка — застанецца. I раптам на апошнім курсе, калі даўным-даўно фотакалекцыі дыскакуміраў перакачавалі ў пакоі першакурснікаў, у яго нечакана пачаўся новы востры рэцыдыў дыскахваробы. Працякала яна, канечне, зусім не так, як колісь, калі ўсё было каласальна, непадражальна, захапляла цалкам, без астачы. Зараз даволі выразна кідаліся вушам і вачам прымітыў, фальш, невысокі густ і саміх твораў, і іх выканаўцаў. Аднак дыска-зборышчы вабілі сваёй усёраскаванасцю, багемнасцю, дзе можна на нейкі час забыцца пра ўсё на свеце, адключыцца ад малых і вялікіх клопатаў, у канвульсіўна-дрыгальным экстазе разрадзіцца ад лішку фізічнай энергіі, што накапляецца ў арганізме ў наш маларухомы, статычны век…

Эдзя адразу ж кінуўся ў вочы: маленькі, шустры, з запушчанымі каўтунаватымі валасамі, ускудлачанай рыжай барадой, апрануты па апошняй модзе — неахайна. Словам, сучасны мадэрновы інтэлігент… Сышліся адразу, хоць Эдзя быў на восем гадоў старэйшы. Дыскахвароба ў Эдзі была сталая, хранічная, як і яго канфлікт з выстаўкомам.

Звычайна гаворкі на дысказборышчах не выходзяць за межы біяграфій дыскакуміраў, звестак пра нейкія іх інтымныя пікантнасці, глыбакадумных разважанняў аб перавагах адных дыскабажкоў над другімі, утылітарна-практычных: дзе дастаць пласцінкі, магнітафонныя запісы, колькі «рэ» каштаваць будзе… Уласна кажучы, перамолваецца сто раз перамолатае. У іх з Эдзем знайшліся іншыя тэмы, іншыя інтарэсы, высветлілася еднасць ці блізкасць поглядаў на музыку, літаратуру, мастацтва, на жыццё ўвогуле. У першы ж вечар Эдзя прапанаваў махнуць да яго ў майстэрню паглядзець каласальную работу.

— Партрэт Фартуны…— таемна шапнуў ён.— Толькі што закончыў…

Андрэй адмовіўся, спаслаўшыся на позні час: хоць Эдзя і выклікаў давер, але чорт ведае, хто ён і куды завядзе…

— Як-небудзь іншым часам…

— Ладна,— пашкадаваў Эдзя.— Давай тады заўтра.— Адчувалася, яму жах як карціць хутчэй паказаць сваё геніяльнае тварэнне.— У сем вечара. Во — адрасок. I не палохайся, што падвал. Стану членам Саюза — ого якія апартаменты займею!..

Увесь дзень вагаўся: ісці ці не ісці? Агітаваў хлопцаў у кампанію, але адмахваліся: не да непрызнаных геніяў — праз тры дні экзамены…

Эдзева майстэрня займала два цокальныя пакоі. Першы — прахадны, даволі прасторны. Другі — з праёмам, але без дзвярэй, зусім катушок. Майстэрня нагадвала склад невядомага прызначэння — кругом валялася нейкае шмаццё, драўляныя каркасы, планкі, лісты фанеры, бляхі, яшчэ нейкі незразумелы друз. Як толькі перастўпаеш парог — сутыкаешся з вылепленым з пластыліну жаночым целам у натуральную велічыню, але без галавы. Яно стаяла на кукішках пасярод пакоя на невысокай драўлянай падстаўцы і нібыта малілася.

— Што, гэта твая Венера Мілоская? — жартам кіўнуў Андрэй.

Эдзя хвілін пяць не мог суняцца ад рогату, потым сур’ёзна сказаў:

— Трэці год не магу знайсці натуру.

— А гэта…— Андрэй падміргнуў на бюст і торс.— Павінен сказаць, нішто сабе…

— Ну-у, то прасцей! — махнуў рукою Эдзя.— Не праблема…

— То што, ты гэтую Фартуну хацеў паказаць?

— Ну што ты! — спалохана замахаў рукамі Эдзя.— Гэ-э, не спяшай папярод бацькі ў пекла… Да Фартуны трэба падрыхтаваць сябе псіхалагічна. Во, спачатку паглядзі, што натварыў, як жыву, як твару. А зараз прыйдуць дзяўчаткі — разам зірнем…