Выбрать главу

— Якія дзяўчаткі? — трохі насцярожыўся Андрэй.

— Ды тут, дзве цаніцелькі мастацтва… Ты што, супроць?

— Ды не…— стаў здагадвацца Андрэй, адчуваючы нейкае таемна-страхавітае пачуццё.

На свежапабеленых вапнаю сценах віселі акварэлі ў просценькіх рамках, уздоўж сцяны на лаве размясціліся рознага памеру скульптуры ў пластыліне, гіпсе, метале. Ні адна з Эдзевых работ не рабіла ўражання, аднак пераходзіў ад адной да другой, разглядваў збдізку і здалёку, у профіль і анфас, глыбакадумна заўважаючы: у гэтым нешта ёсць… Здорава!..

Эдзя цвіў, як мак.

У меншым пакойчыку стаяў стары зашмальцаваны стол на дзве тумбы, яшчэ больш зашмальцаваныя крэслы і табурэткі, пацёртая скураная канапа, нешта накшталт стэлажа з грубых дошак, дзе як папала валяліся пэндзлі, заляпаная папера, фарбы, іншае шмаццё. Падлога была брудная, даўно не падмятаная, з плямамі засохлай фарбы, рэшткамі бычкоў у тамаце, хлебнымі крошкамі, скуркамі сала, каўбасным лупіннем і яшчэ бог ведае чым. Усё гэта ўражвала непрыемна, гнятліва. Падумаў: як гэта ён асмеліўся запрашаць сюды дзяўчат?! Пэўна, такія дзяўчаты…

У дзверы пастукалі.

— Да-да! — па-свойску крыкнуў Эдзя.

Зайшлі дзве дзяўчыны, маладыя, нішто сабе, асабліва — адна. Эдзя распрануў, павесіў іх паліто ў шафу. Абедзве засталіся ў світэрках і джынсавых штоніках у абцяжку, і гэтая адзежына асабліва выразна падкрэслівала іх дасканалыя формы. Адна, адчувалася, тут была свая, другая, каторая сімпатычней,— па ўсім відно, першы раз. Яна чулася ніякавата, трохі скавана, здзіўлена, але стрымана агледзела незнаёмую, нязвыклую абстаноўку. На безгаловае цела глянула толькі мяльком, цнатліва зардзеўшыся, перакінула позірк на акварэльны малюнак. Андрэй краем вока сачыў за ёю, і тут, на фоне гэтай неахайнасці, убогасці, яе загадкавая, стрымана-скептычная ўсмешка на прыпухлых сакавітых вуснах здавалася ўсмешкаю рафаэлеўскай мадонны, «Невядомай» Крамскога. 3 салодкаю млосцю ўявіў пякельную страсць яе вуснаў, ціск налітых гарачым сокам рук, пакуль што схаваных пад шэранькім світэрком у абцяжку. На нейкі міг іх позіркі сутыкнуліся — і перахапіла дыханне, застукала ў скронях. Аднак у той жа момант стала брыдка за свае думкі: канечне ж, гэта прыстойная, вельмі прыстойная дзяўчына, не з тых, хто шмат дазваляе…

Адно было незразумела: як трапіла яна сюды? А раптам гэта з яе ляпіў безгаловае цела альбо пісаў сваю Фартуну Эдзя?! Здагадка торкнула непрыемна, глухое расчараванне, горкая крыўда на момант апалілі душу. Не-е, канечне, не! I сляпому відно, што яна тут у першы раз. Пэўна, зманіла сяброўка ці проста знаёмая, абяцаючы немаведама які шэдэўр мастацтва. Во таму выпадкова і трапіла ў гэтую бярлогу. Як ён мог падумаць!.. Ды на такую толькі любавацца, маліцца! Як на Венеру Мілоскую, як на рафаэлеўскую мадонну. Яна сама — найвышэйшае мастацтва, найдасканалейшая гармонія прыроды…

Дзяўчына мела рэдкае імя — Таліна, і гэтае прыгожае імя загучэла для яго, як музыка…

— А цяпер усе сюды!..— урачыста, з ледзь схаваным хваляваннем запрасіў Эдзя ў маленькі пакойчык.

Там ён, пакуль яны разглядвалі эцюды і скульптуры ў першым пакоі, паспеў паставіць на мальберт сваю карціну, прыкрытую кавалкам шэрай матэрыі. Эдзя змусіў нейкі час пастаяць, пачакаць, падрыхтавацца, засяродзіцца, і калі нецярпенне дасягнула патрэбнага накалу — рэзкім рухам сарваў з карціны шэрую матэрыю… I — анямелі, інстынктыўна адступіўшы крок назад, уражаныя, збянтэжаныя, нават напалоханыя. 3 карціны, ашчэрыўшыся, глядзела нейкая пачвара з праваленым носам, гнілымі зубамі, злымі халоднымі вочкамі, мярзотнымі гнайнікамі і струпамі на зямлістым твары. Таліна машынальна закрыла вочы далонямі, уздрыгнуўшы, адвярнулася. Андрэя амаль фізічна праняло халоднай магільнай мярзотай. Толькі Тома (так звалі другую) глядзела на карціну спакойна, нават абыякава.

Эдзя пераможна і трохі паблажліва ўсміхаўся, задаволены зробленым эфектам. Даў нейкі час ачомацца і нецярпліва запытаў:

— Ну як? — I ў яго пытанні быў адказ: канечне ж, каласальна.— Што скажаш?

Андрэй не ведаў, што сказаць. Эдзева «Фартуна» здалася яму насмешкай над мастацтвам, кашчунствам, нейкім вывіхам змрочнай фантазіі, абсурдам, шарлатанствам.

— Карціна, вядома…— Памуляўся, пераступаючы з нагі на нагу.— Уражвае…— Не хацелася крыўдзіць гаспадара.— Настолькі ўражвае, што немагчыма выразіць, сказаць. Трэба час, каб асэнсаваць…

— Чысты, голы рэалізм заўсёды ўражвае, дзейнічае на розум, эмоцыі, псіхіку. Чысты рэалізм — як чорны хлеб, ніколі не прыядаецца…— гучна і завучана прадэкламаваў Эдзя.— Гэта, калі хочаце, зараз маё творчае крэда, мой новы этап! I, запомніце, ён, новы этап, пачаўся з «Фартуны»!..