— Але, згадзіся, голы, анатамічны рэалізм — гэта яшчэ… не… ну, не заўсёды мастацтва…— асцярожна запярэчыў Андрэй, паглядаючы на Таліну, і ўбачыў, што яны з ёй аднадумцы.
Эдзя пакрыўдзіўся.
— А ты, аказваецца, поўны прафан у жывапісе,— задзірліва ашчэціўся ён.— Такі ж прафан, як усе гэтыя дурні, бездары, кан’юнктуршчыкі, аглабельшчыкі з выстаўкома…
Адвёўшы душу на выстаўкоме, ён трохі астыў, пачаў даказваць неад’емнае права мастака на ўласнае бачанне свету, свой стыль, манеру пісьма, быццам гэта нехта аспрэчваў, быццам у тым нехта сумняваўся. Потым зноў узвінціўся, з былой страсцю і катэгарычнасцю перакінуўся граміць рэалізм у Андрэевым разуменні, сцвярджаючы, што такі рэалізм зжыў сябе, вырадзіўся…
— Эдуард,— сціпла ўставіла сваё слова Таліна.— Вы думаеце, нехта захоча трымаць такую…— Паказала на пачвару.— У сябе дома…
Эдзя пагардліва змераў яе з ног да галавы, вочы яго бліснулі нядобра:
— Хай нацюрморты ці базарных лебедзяў трымаюць эстэткі, як ты!..
Усіх, нават Тому, шакіравала гэтая нетактоўнасць. Андрэй і не здагадваўся, што за псіх гэты плюгавенькі Эдзя, хацеў кінуцца на дапамогу Таліне, але яго апярэдзіла Тома:
— А па-мойму, ты, Таліна, памыляешся,— спяшала патушыць пажар яна.— Карціна, несумненна, наватарская, зроблена геніяльна. Толькі ўгледзьцеся: якая думка, якая іронія, які падтэкст! — I, як вопытны псіхолаг, павярнула далей ад выбухова-небяспечнай тэмы: — Эдзечка, а не адзначыць такі поспех — грэх. Праўда ж, сябры?!
Усе згадзіліся: грэх!
Узрушаны Эдзя дастаў з шуфлядкі стала бутэльку, потым, падумаўшы, яшчэ чацвярцінку (на яго жаргоне «мярзаўчык») гарэлкі, чатыры зморшчаныя з падгнілінкамі яблыкі, пажаўцелы кус сала, дзве банкі кількі ў тамаце, паўбохана хлеба, пагнутыя алюмініевыя відэльцы — пэўна, «пазычаныя» ў сталоўцы самаабслугоўвання. 3 другой шуфлядкі выцягнуў немаведама калі мытыя гранёныя шклянкі.
Дружна селі за стол, ратуючыся ад ніякаватай, трохі варожай напятасці, што ўсё ніяк не магла прайсці пасля Эдзевай выхадкі.
Эдзя на правах гаспадара разліў пітво па шклянках. Выпілі, натуральна, за яго поспех і славу першапраходца, пачынальніка новага кірунку ў жывапісе, заснавальніка новай арыгінальнай школы. Эдзя быў улагоджаны, расчуліўся, наліў яшчэ па адной, захацеў сказаць тост, пасля якога змусіў выпіць да дна нават дзяўчат…
Праз нейкі час, калі добра даў знаць хмель і тэма Эдзевай геніяльнасці вычарпалася, затухла, успомнілі пра Андрэевы таленты: узнікла жаданне «прычасціцца паэзіяй, наталіць смагу з яе гаючых крыніц». Па праўдзе кажучы, застаючыся ў цяні, пакуль гаварылі толькі пра Эдзю, ён адчуваў сябе незаслужана абыдзеным, здаецца, нават пакрыўджаным — карцела паказаць сябе ва ўсім бляску, ашаламіць Таліну.
Для прыліку аднекваючыся, устаў, абвёў усіх позіркам і, жэстыкулюючы, з пачуццём пачаў чытаць свае лепшыя вершы, краем вока назіраючы, якое ўражанне яны робяць на Таліну. Ён чытаў прачула, натхнёна, чытаў толькі для яе, яго цікавіла толькі яна, Эдзя з Томаю былі не ў разлік — яны сваім захапленнем павінны былі падымаць яго ў яе вачах.
Як і трэ было чакаць, кожны верш прымаўся пад апладысменты, і ў зеленаватых Талініных вачах заўважаў нешта большае, чым захапленне…
Выпілі за паэзію і, канечне, за яго геніяльныя творы і тут жа забыліся і пра вершы, і пра Эдзеву «Фартуну» — пачалася шумная, бязладная, хмельная гамонка, калі не асабліва зважаецца, хто і пра што гаворыць. Таліна сядзела поруч, маўчала, і калі ён казаў што ці проста лашчыў яе позіркам, апускала сарамліва вочы, лёгкая сцішная ўсмешка, што блукала на яе прыпухлых вуснах, перапынялася нейкім вельмі сімпатычным нервовым цікам. Нахіліўся, шапнуў на вуха, што цалкам згодны з ёю — Эдзеву «Фартуну» ні адзін дурань не павесіць у сябе дома, і ўвогуле, гэта нейкі маразм, а не мастацтва, будзь ён мастаком — напісаў бы Фартуну толькі ў яе вобразе…
Таліна какетна і ўдзячна ўсміхнулася, паласнула таемна-загадкавым позіркам, які выразней любых слоў гаварыў, што ён ёй неабыякавы, больш чым неабыякавы, і млосна зайшлося сэрца, здалося, закіпае кроў…
Эдзю з Томаю спатрэбілася ў другім пакоі пашукаць яшчэ пітва. Застаўшыся адны, нейкі час сядзелі, як наэлектрызаваныя. Потым нахіліўся, стаў шаптаць нейкае глупства, і губы міжволі казытнулі мочку яе вуха. Таліна даверліва, падатліва прыхінулася, машынальна лёгенька абняў за плечы, прыпаў вуснамі да вуха і адчуў, як між імі прайшоў нейкі ток, выклікаў у ім вострае хваляванне, у яе — цяжкі, працяжны ўздых, як стогн. Таліна спалохалася, рэзка адхінулася, адштурхнуўшы і яго, па-змоўніцку, гарэзна пагразіла пальчыкам: ну-ну!..