Прыйшлі Эдзя і Тома. Эдзя зусім асалавеў. Ён хістаўся, трымаючы «фаўст» — масіўную семсотпяцідзесяціграмовую бутэльку, п’яна гундосіў:
— Братцы, а роднай беленькай — ні грама. Во толькі імпартнае — «Чары Ніла»… Дзярбулызнем, га?!
— Ты не пі болей…— ласкава і капрызна шапнула Таліна, пагладзіла, потым шматзначна сціснула руку.— Добра-а?..
Ён не надта ўяўляў, што будзе далей. Ва ўсякім разе, Таліна вось-вось павінна сказаць, што позна ўжо, ёй пара дадому, ён, натуральна, возьмецца праводзіць яе… Аднак чамусьці яна не спяшалася.
«Чарніла» не ішло нават п’янаму Эдзю. Быў час разыходзіцца, але пустая, ладна збрыднелая гаворка доўжылася і доўжылася, і здавалася, канца-краю ёй не будзе. Не вытрываў, шапнуў Таліне: мо пара ісці? Яна ласкава і даверліва пагладзіла руку: не спяшайся, паседзімо троху…
Толькі за поўнач, калі Эдзя зусім асалавеў, Тома ўзялася цягнуць яго дадому, дзелавіта папярэдзіўшы, каб не забылі стукнуць на замок дзверы, калі будуць адыходзіць, падміргнула з разуменнем…
Тое, што яны засталіся адны, і — асабліва тое, што Таліна гэтак спакойна зрэагавала на празрысты Томін намёк, больш таго — успрыняла гэты непрыстойны намек як нешта само сабой зразумелае, даўно вырашанае, аглушыла, здалося такім неверагодным, такім непраўдападобным, што засумняваўся: а ці не падалося?
Таліна ўстала, тузанула за руку, каб і ён падымаўся, і не паспеў што-небудзь сцяміць, як шыю абвілі пругкія рукі. Зусім блізка ўбачыў прсветлены прадчуваннем шчясця прыадкрыты твар, заплюшчаныя вочы, трохі прыадкрытыя дрыготкія вусны, што чакалі, клікалі, абяцалі ўсё…
…Раніцой, прыйшоўшы ў сябе ад сну, адчуваў горыч, расчараванне, жаданне як мага хутчэй уцякаць адсюль. Дзівіўся, не мог узяць уцям, адкуль гэтае гнятлівае расчараванне. Мо прычына ў тым, што гэтак раптам зблекла, рассыпалася, знікла, як ілюзія, як міраж, учарашняя таемна-загадкавая і гордая ўсмешка рафаалеўскай мадонны, «Невядомай» Крамскога? 3 міражамі, ілюзіямі заўсёды развітвацца няпроста, балюча…
Перад ім зараз была рэальная нерэальнасць, такая ж нерэальная і ў той жа час рэальная, як гэтая агідная пачвара, што, ашчэрыўшыся, са змрочнай іроніяй глядзела маленькімі злымі вочкамі з Эдзевага мальберта…
Што Таліна ўжо была замужам, даведаўся толькі пры рэгістрацыі шлюбу, і гэтая нечаканая, абразлівая навіна не проста ашаламіла, а ўдарыла, як абухом па галаве. Першае, што цюкнула, калі ачомаўся: схапіць пашпарт, пакуль чысты, ірваць з усіх ног, без аглядкі, мчаць хоць на краЙ свету, хоць у вір, на кол, абы… Але не паспеў і падумаць, як рэгістратарка ўляпіла чорны тлусты штамп у пашпарт. Міжволі вырваўся цяжкі ўздых, бездапаможна апалі рукі… Хоць, здаецца, у той момант усё яшчэ не зусім разумеў, нават не верыў у рэальнасць таго, што адбылося, толькі недзе, нейкім дзесятым пачуццём хіба адчуваў, што ратавацца позна, адступаць няма куды — ён у пастцы…
Акружылі, сталі віншаваць, зычыць шчасця, нехта ўсунуў у рукі бакал, бухнула шампанскае, але ўсё гэта было як у тумане, як у сне — крыўда, бязмежная, горкая крыўда, і, здаецца, слёзы засцілі свет…
Прыйшоў да памяці, толькі калі апынуліся на вуліцы, сталі рассаджвацца ў машыны. Глянуў на ззяючую ад шчасця Таліну — і лютая злосць ускалыхнула душу. Як яна пасмела?! Не прызналася чаму?! Хіба так можна?! Як цяпер у вочы гляне, апраўдвацца будзе як?! Хм, што ёй цяпер — справа зроблена… Скажа: не пытаў, таму і не казала, сам вінаваты, трэ было папытаць… Во так, во так!.. Аблапошылі… Як апошняга цельпука аблапошылі… А цесць! Нябось пасміхаецца, пацірае рукі… Нашы-ы ўмовы-ы!.. Ы-ых, гад печаны!..
А потым было застолле ў рэстаране, прыкрае тым, што ніхто з універсітэцкіх таварышаў не прыйшоў, хоць іх і чакалі. Да самага апошняга моманту не верыў, што не прыйдуць. Пагрэбавалі… А тут яшчэ Ротар Пятровіч выварочваў душу:
— То дзе ж гэта твае дружкі? Несалідна. Я гаварыў…
Што ён мог сказаць?! Ды і ці трэба было казаць што? Цесця хвалявалі не сябры, а заказаныя месцы. Зрэшты, мо гэта і добра, што не прыйшлі,— хоць яны не ўбачаць, не даведаюцца… Адно — сорамна перад маці, бацькам, сваякамі: у іх свае ўяўленні і меркі, для іх — сябры не прыходзяць да самага апошняга чалавека…
А потым яшчэ застолле канчаткова азмрочыў Ротар Пятровіч. Кульнуўшы некалькі чарак, ён са сваёй прамалінейнай бесцырымоннасцю ўзяўся высвятляць адносіны, заяўляць свае выключныя правы.
— Раз ён прыняў нашу фамілію,— без адценняў на жарт грубавата паправіў маці, якую змусілі сказаць тост,— ён наш сын, і забудзьце…