Выбрать главу

— Ты што гэна, сваток, гаворыш? — сумелася яна, ледзь не ўпусціўшы чарку.— Як гэна — ваш, забудзьце?! Хіба ты яго нарадзіў? Мо ты гадаваў яго? Мо ты, скажаш, вывучыў ва універсіцеці?

— Што гэта значыць?! Што ён рэйдае?! — задзірліва ўскочыў на падмогу ёй бацька. Звярнуўся да дзядзькоў: — Вы паглядзіце, вы толькі паглядзіце на яго!..

Захмялелыя дзядзькі паўскоквалі з месцаў, зашумелі, ваяўніча рушылі на Ротара Пятровіча, гатовыя не толькі на словах, а, калі спатрэбіцца, і на кулаках не даць сваіх у крыўду, адстаяць свае правы:

— Мы-ы табе-е зараз пакажам дзярэ-э-эўню!..

Невядома, чым усё скончылася б, каб не ўмяшалася адміністратарка, пагразіўшы паклікаць міліцыю. Хоць дзядзькі былі ў добрым падпітку, разнерваваныя, але абачліва аселі, а надзьмуты як індык Ротар Пятровіч, перамагаючы свой гонар, вымушаны быў адступіць, папрасіць прабачэння, заявіць, што яго няправільна зразумелі…

Андрэй сядзеў, саромеючыся падняць вочы, не варухнуўшыся, бы ўвесь гэты вэрхал не мае да яго ніякага дачынення. Ён нават недзе ў душы хацеў, каб дзядзькі трохі намялі бакі самаўпэўненаму і бесцырымоннаму цесцю… Потым надышло нейкае ўзбуджэнне, ачумела выпіў пяць чарак запар — і больш нічога не памятае, толькі ўрыўкамі, без сувязі. Помніць, што ноччу пабудзіла ўся ў слязах Таліна, нешта гаварыла пра былога мужа, клялася, што кахае толькі яго, Андрэя, жыць без яго не можа… Помніць таксама, што буркнуў злосна: сучка, і адвярнуўся да сцяны…

Назаўтра ні Ротар Пятровіч, ні Антаніна Акімаўна, ні нават Таліна не пайшлі праводзіць гасцей на вакзал. Бацька, маці, дзядзькі, цёткі былі змрочныя, хмурныя, панура маўчалі. Толькі ля вагона, развітваючыся, маці сказала:

— Не зракайся хоць ты сваіх, сынок. Няма шчасця таму, хто свайго роду-племені выракаецца…— I загаласіла, не саромеючыся чужых людзей: — Што ж ты нарабіў, сы-ы-ыночак?! Куды-ы ж ты ўсу-у-нуўся-я? Чаму-у не знайшоў раўні-і са-абе… Яны ж устыдаюц-ца нас, за людзей не лічаць… За што, за які-ія грахі адабралі-і сы-ы-ночка, ад роду-племені-і адлучы-ы-лі…

Яму і самому хацелаея выць…

Яго прыход у дом Бяскуднікавых, бадай, нічым не парушыў звыклага рытму і ладу, што складваліся, усталёўваліся тут гадамі. Верхаводзіў усім, не, нават не верхаводзіў, а дыктаваў сваю волю Ротар Пятровіч. Шмат што тут было нязвыклым, дзіўным, нават дзікім. Перш за ўсё, хіба, ледзь не забабонны культ Гаспадара, гаспадара нейкага старарэжымнага, дамастроеўскага заводу. Не дазвалялася, напрыклад, садзіцца есці, пакуль на тое не будзе волі Гаспадара, пакуль ён не сербане першы. Гаспадар быў тая інстанцыя, якая прымае ўсе рашэнні, нават самыя дробязныя, мізэрныя, накшталт пакупкі новага чайніка ці выбару маркі туалетнага мыла. Ім усім заставаліся дарадчыя функцыі, абавязак падтакваць ва ўсім, кадзіць фіміям і безагаворачна слухаць. Было амаль фізічнае адчуванне, што хмурная масіўная постаць Гаспадара, як цень Вялікага Інквізітара, засціла ўсё ў гэтым доме, накладвала свой адбітак на кожную рэч, на іх думкі і ўчынкі, на ўсё, што робіцца і што будзе рабіцца заўтра, паслязаўтра, некалі… Яму трэ было ведаць усё: і дзе хто быў, і што рабіў, і з кім сустракаўся, і пра што гаварылі, і што Андрэй піша па начах, уключыўшы святло на кухні, і чаму піша на «наречии», і ў чым прычына, што не ў час прыйшоў дадому, чаму не пазваніў, калі затрымліваўся… Во толькі цікава, са зларадствам думаў Андрэй, куды глядзеў, калі дачка заставалася на ноч у Эдзевай бярлозе?

У Ротару Пятровічу і на самай справе была нейкая незразумелая ўладная сіла, і Андрэй, сам таго не жадаючы, спачатку адкрыта, потым моўчкі супраціўляючыся, пратэстуючы, усё больш і больш падпадаў пад гэтую сілу. Так, пэўна, заўсёды ў рэшце рэшт прымаецца ўлада новага начальніка, падабаецца ён табе ці не падабаецца…

Не так цяжка, канечне, выходзіць курыць на балкон ці лесвічную пляцоўку, нават зусім адвыкнуць ад гэтай шкоднай звычкі, садзіцца есці па сігналу — умоўны рэфлекс. Куды цяжэй прызвычаіцца да вечнай боязі сказаць не так, неасцярожным словам, неабдуманым учынкам прагнявіць Гаспадара, дбаць патрапіць яму ў тон. Енчыць часта хацелася ад яго дробязна-настырных павучанняў, кіслай фізіяноміі, якая заўсёды наводзіла страх і беспрасветную нуду. У яго быў проста нейкі талент браць зморам. I заўжды дамагаўся свайго. Як, напрыклад, звягаваў-звягаваў, а ўсё ж у рэшце рэшт змусіў ісці да лагапеда выпраўляць свае цвёрдыя «р» і «ч», якія шакіравалі яго, Антаніну Акімаўну і — асабліва іх знаёмых… Ці: як ні выкручваўся-адбрыкваўся, а ўсё ж упрог даводзіць да ладу яго мемуары, хоць бачыў, што справа гіблая, яйка выедзенага не вартая. Гэта былі ніякія не ўспаміны на аснове нейкіх дакументаў, фактаў, уласных назіранняў, а нешта сярэдняе паміж дакументалістыкай і белетрыстыкай. Адкуль жа мог узяць тыя дакументы былы лейтэнант, амаль тылавік? Таму «успамінаў» больш пра тое, што недзе ад некага чуў ці вычытаў, альбо проста выдумляў герояў, падзеі, што, ведаў, робяць пісьменнікі, нават папулярныя дакументалісты. Да гэтых мемуараў можна было смела ставіць эпіграф: «Всё, что было не со мной — помню». І самае страшнае: ад яго ўжо немагчыма было дабіцца, што на самой справе было, што — выдумана. Пэўна, перарабляючы рукапіс, ён і сам зблытаўся, дзе праўда, дзе выдумка. Часта, удакладняючы нейкія дэталі выпытваючы падрабязнасці, Андрэй лавіў яго на гэтым, і тады Ротар Пятровіч нерваваўся, крыўдзіўся, злаваў, усё роўна, нягледзячы ні на што, настойваў, каб заставаліся эпізоды з вядомымі генераламі, маршаламі, сцэны ў Генеральнам штабе, нават у Стаўцы.