Бачыў, што робіць абсалютна марную, пустую работу, таму яна тройчы каштавала нерваў, ішла марудна, цераз пень-калоду.
Міналі тыдні, месяцы, а ён усё нікак не мог прывыкнуць да тутэйшых парадкаў, змірыцца, прызвычаіцца да сваёй прымацкай долі. Іншы раз прыходзіла дзіўнаватае адчуванне, быццам ён не жыве, а іграе ролю ў нейкім блазненскім спектаклі, дзе ўсё задумана, распісана да драбніцы Ротарам Пятровічам. І яшчэ са страхам заўважаў, што паступова, спакваля нешта выхалошчваецца, камянее, мяртвее ў душы, усё цяжэй і цяжэй, а то і проста немагчыма быць самім сабой. Гэтая раздвоенасць, душэўная няўтульнасць прыгнечвала, наводзіла тугу і жуду. Мо не так адчуваў бы ўсё гэта, каб ладзілася, каб мог спачыць душою на рабоце. Калі ў чалавека не ладзіцца з работай, то, мусіць, з'яўляецца схільнасць усё перабольшваць, бачыць у змрочных танах. Няма радасці на рабоце — няма яе і ўвогуле...
Другі год тырчэў у шматтыражцы, і на нешта лепшае не было ніякага прасвету. І ў рэдакцыі, і на заводскім радыё амаль усе былі выпускніцы ўніверсітэта, якія ў розныя гады спешна павыскоквалі замуж за мінчан, каб не ехаць па размеркаванню. Праўда, некаторыя адразу паразводзіліся, але займелі права звацца мінчанкамі. Толку ад іх было мала: то ў дэкрэтах, то дзеці хварэюць, то самім нездаровіцца. Самае вялікае шчасце, нават для саламяных удоў — займець бюлетэнь, не ісці на работу. А калі і прыходзяць, то абы дзень да вечара, абы адбыць чаргу — словам, ні спору, ні ўмалоту. Таму хочаш не хочаш, а круціцца даводзілася: газетка хоць і выходзіць раз у тыдзень, але пражэрлівая, вымагае сіл не менш, чым раёнка. Праўда, грэх сказаць, што ўлягаў лішне: якая газетка — такая і работка.
Гняла і гэтая жаночая кампанія, і — асабліва тое, што лёс кожнай гэтай няўдаліцы хочаш не хочаш, а падобны на яго лёс. Выводзілі з сябе і іх кепікі, і зычлівасць накшталт: ну мы, а ты, мужчына, чаго тут гібееш?.. Што ён мог сказаць?!
Але больш за ўсё псавалі нервы сустрэчы са знаёмымі, што паўладкоўваліся ў салідных выданнях. Гэтыя сустрэчы заўсёды пакідалі цяжкі астой. Непрыемна было бачыць іх трохі спагадлівыя, трохі паблажлівыя позіркі, ледзь не скурай адчуваць абразлівую дыстанцыю, якая звычайна ўзнікае між прыласканымі і нялюбымі падданымі багіні Фартуны. Гонар не дазваляў шукаць у іх дружбы і падтрымкі, чаго, пэўна, яны вельмі хацелі б. Каб яшчэ больш узвысіць сябе ў яго вачах, прынізіць яго. Моўчкі перапальваў у сабе крыўду, спадзеючыся, што яшчэ наступіць і яго зорны час…
Між тым, нічога не хацела мяняцца. Па-ранейшаму хадзіў на работу, як на катаргу, яна стамляла, спустошвала. Астатак сіл і вечары забіралі ненавісныя цесцевы мемуары. Пералапачванне, перапіска іх даводзіла да адчаю, поўнага атупення. На свае вершы ўжо не заставалася ні сіл, ні настрою. Не пісалася, пэўна, яшчэ і таму, што, апроч шматтыражкі, нідзе друкаваць не хацелі. Нібы згаварыліся ўсе наўкол: слаба, паўтарэнне даўно адкрытага, бедная, калькаваная, анемічная газетная мова, няма настраёвасці, свежасці фарбаў і пачуццяў. Лічыў, што гэта проста прыдзіркі. Параўноўваў і знаходзіў, што вершы не горшыя, мо нават лепшыя за тыя, што друкуюцца ў газетах, часопісах, кніжках.
Перасварыўшыся і нажыўшы ворагаў амаль ва ўсіх выданнях, затаіў лютую злосць і рашыў прабівацца на ўсесаюзную арэну. Каб тыцнуць носам, паздзекавацца з усіх гэтых правінцыйных эстэтаў, якія, як сказаў адзін масціты крытык, з-за сваіх хутароў свету божага не бачаць.
Ніколі не думаў, што пераклад уласных вершаў такая няпростая справа. На кожным радку даводзілася спатыкацца то на рыфме, то на рытміцы, то слова ні за што не «лезла» ў страфу — мела лішнія склады і зусім іншы сэнс, то патрэбнага слова не знаходзілася, вымушаны быў ламаць радкі, строфы…
Пакаштаваўшы нялёгкага перакладчыцкага хлеба, падумаў, што, пэўна, усё ж мае ў нечым рацыю Ротар Пятровіч: сапраўды, які сэнс траціць час на пераклады, мардаваць сябе, калі можна пісаць адразу…