Іншамоўны Пегас, між тым, аказаўся куды больш капрызны і наравісты — брыкаўся, кусаўся, цэліў убрыкнуць капытом пад дых… 3 маскоўскіх выданняў папрасілі вершы ў арыгінале. Падзівіўся: навошта? Што яны зразумеюць?..
Неўзабаве адна за адною пасыпаліся рэцэнзіі, ад якіх аж у пот кідала: вершы слабыя ў арыгінале, бездапаможныя ў перакладзе, аўтар кепска валодае і адной і другой мовамі, творы, напісаныя па-руску, «не вытрымліваюць ніякай крытыкі — голыя дэкларацыі, зацяганыя фразы, злінялыя вобразы, набор нежывых, сцёртых газетных штампаў і стэрэатыпаў». Раілі, як і некалі ў вучнёўстве, чытаць і вучыцца ў класікаў, дасканала авалодаць роднай мовай…
Гэта было крушэнне, гэта быў тупік…
Трэ было сур’ёзна думаць, як жыць далей…
Хадзіў як у ваду апушчаны, учарнелы, як ноч. А тут яшчэ цесць даводзіў да істэрыкі сваімі мемуарамі. О, як хацелася парваць на шматкі, спаліць, развеяць з балкона гэтую ненавісную пісаніну! Умольваў, прасіў: давайце пачакаем, няма настрою, нездаровіцца, аднак Ротар Пятровіч і слухаць не жадаў, нерваваўся, звягаваў, ледзь не сілком заганяў да стала даваць устаноўленую ім дзённую норму.
Зрабіўшы норму, гадзінамі, доўгімі гадзінамі ляжаў з заплюшчанымі вачыма, прыкінуўшыся, што спіць, а сам думаў і думаў пра сваё няскладнае жыццё… Падобна было, што гэта не часовая, як спачатку здавалася, палоса непрыемнасцей і няўдач, якія калі-нікалі здараюцца ў кожнага. Гэта было нейкае няўмольнае зачараванае кола, у якім незразумелая сіла бясконца круціць яго. Думаў і думаў, як выбрацца з гэтага зачараванага кола, адкараскацца ад гэтай няўмольна-фатальнай сілы, пакутаваў, упадаючы то ў глыбокую дэпрэсію, то ў нейкую хваравіта-апантаную эйфарыю, і не бачыў выйсця. Іншы раз, праўда, наведвалі даволі цвярозыя, разважлівыя думкі: не рабі трагедыі, глянь на сябе самакрытычна, узваж свае магчымасці, як гэта некалі меў смеласць зрабіць Янка Вялеська. Не кожнаму наканавана асядлаць Пегаса, тым больш — прарвацца на ўсесаюзную арэну. Набірайся мужнасці, сілы волі, як колісь Янка, шукай сваю гавань у гэтым бурлівым, няўтульным, няласкавым свеце. У цябе ёсць дыплом, спецыяльнасць, калі на тое найшло, то добры публіцыст — не горш, чым сярэдняй рукі паэт. Табе, урэшце, куды лягчэй і прасцей, чым некалі было Янку Вялеську. Ёсць мінская прапіска, дах над галавою. Вялеська вунь ледзь не два гады перабіваўся ў розных шматтыражках, ведамасных бюлетэнях, блукаў з інтэрната ў інтэрнат, з прыватнай на прыватную, пакуль, нарэшце, не прыбіўся да «Інтурыста», дзе і займеў законную прапіску і такое ж законнае месца ў інтэрнаце…
Калі быў на малодшых курсах, даволі часта сустракаліся, па-ранейшаму трохі дружылі. Янка сяды-тады нешта перакладаў з нямецкай, іспанскай, французскай і — нават наадварот.
— Слухай, дык гэта ж твой хлеб! — узбуджана казаў Андрэй.— Праз год-два, глядзіш,— і ў Саюзе пісьменнікаў!..
— Ат, глупства ўсё гэта! — махнуў рукою Вялеська.— 3 мяне літаратурны перакладчык… Проста падхалтурваю, як, помніш, любіў казаць наш колішні шэф… На бясптушшы і варона салавей…
Быць ці не быць літаратурным перакладчыкам — гэта, канечне, яго асабістая справа. Але не па-сяброўску зрабіў Янка, не па-сяброўску. Наадрэз адмовіўся закінуць слова аднаму ўплывоваму літаратару, з якім добра знаўся — перакладаў кніжку для выдавецтва.
— Ведаеш што, стары, падыдзі да яго лепш сам,— адмахнуўся Вялеська.— Мы з ім на такія тэмы ніколі не гаворым. Ён не любіць… Адно, што магу: папрасіць, каб прыняў цябе, выслухаў уважліва…
Крыўдна было, вядома. Ад гэтага літаратара шмат што магло залежаць… Ён быў са сваімі вершамі ў яго і зараз ад Вялеські хацеў не яшчэ адну сустрэчу, а прыхільнасць і слова гэтага ўплывовага чалавека. Падумаў: ну і чорт з ім — сам выб’юся…
Пасля гэтага сустракацца сталі ўсё радзей і радзей. А калі Янка ажаніўся, зніклі апошнія агульныя інтарэсы, непрыкметна згубілі адзін аднаго — тыповая гісторыя ў наш тлумны, малакамунікабельны век…
Паўгода назад выпадкова сутыкнуліся на вуліцы і ледзьве пазналіся. Як ён змяніўся! Што робіць з чалавекам час! Памажнеў, пасаліднеў, з’явіліся залысіны і лёгкая сівізна ў чупрыне, хіба толькі вочы засталіся былымі — жывыя, вясёлыя, хоць усё ж гэта былі далёка не тыя вочы таго бесклапотнага, шалапутнага Вялеські. Янка быў з двума светлагаловымі дзяўчынкамі, вельмі падобнымі на яго.
Загаварылі пра творчыя справы. На пытанне, ці піша, жартаўліва паказаў на дзяўчынак:
— Во — мае самыя лепшыя творы…— Усміхнуўся паблажліва, але трохі сумотна: — Мы ўсе ў дзяцінстве перахворваем паэтычным адром…