I журналістыку, і «Інтурыст» ён даўным-даўно пакінуў, зараз займае нейкую пасаду ў таварыстве аховы помнікаў, перакананы, што там робіць хоць нешта вартае, карыснае…
А мо і яму махнуць рукою на гэтую журналістыку ды падацца ў якую кантору? А што ён умее, што можа, апроч журналістыкі?! Вялеська хоць замежныя мовы ведаў, а ён і родную забыўся грунтоўна… Не-е, няма ў яго выйсця, нічога няма, апроч журналістыкі. Журналістыка — яго крыж, яго лёс. I, мусіць, смешна ў такія гады ганяцца за паэтычнымі жураўлямі ў небе. За розум пара брацца, сталець і перш за ўсё — вырвацца, чаго б там ні каштавала, з апастылелай шматтыражкі. Без чыёй бы там ні было дапамогі, спадзеючыся толькі на ўласныя сілы…
Выбар выпаў на маладзёжную газету, дзе трэ было навясці кантакты (творчыя і не творчыя), рыхтаваць плацдарм… Выбраў маладзёжную не таму, што вабіла тэматыка ці падабалася сама газета. Маладзёжка — добрая прыступка, салідная рэкамендацыя і візітная картка… I, што немалаважна,— вакансіі тут часцей адкрываюцца…
Надрукаваў паўдзесятка ладных карэспандэнцый, невялікі нарыс, праблемны артыкул пра дыскатэкі, зачасціў у рэдакцыю, завёў блізкія знаёмствы, а з сім-тым — нават прыяцельскія адносіны. Усё ішло як мае быць: неўзабаве і ў рэдактара ўдалося вырваць абяцанне, што першая вакансія — яго…
Але, як кажуць, бог плануе, чорт — руйнуе. Калі, нарэшце, жаданая вакансія стала рэальнаю, нечакана ўсплыў канкурэнт — студэнт-пяцікурснік. Ведаў гэтага хлопца яшчэ па універсітэце, дакладней — па універсітэцкім літаратурным аб’яднанні, дзе некалі разам бывалі на пасяджэннях. Ён пісаў прозу, падаваў надзеі, меў публікацыі ў часопісе, нават быў заўважаны сур’ёзнай крытыкай. У апошні год даваў у газету артыкул за артыкулам, нарыс за нарысам, і нікому ў галаву не прыходзіла, для чаго гэта яму трэба…
Гэта быў рэальны канкурэнт, настолькі рэальны, што давялося сур’ёзна пахвалявацца. I было чаго: рэдактар раптам стаў дужа неахвотна ўспамінаць пра сваё абяцанне, ніякавата муляўся, калі згадваў, адказваў няпэўна, ухіліста, нават раздражнёна: паглядзім, параімся…
Тут і дурню было ясна: можна застацца з носам. Трэ было рабіць нейкія тэрміновыя захады. Але якія?.. Можна, канечне, паскардзіцца куды след: такі-сякі рэдактар, не хоча трымаць слова… Хм, паскардзіся — знарок не возьме, тысячу прычын знойдзе, і ніхто сілком не змусіць. Увапрэцца: у нас ёсць больш дастойны кандыдат, а Бяскуднікаў, калі хоча, хай чэсна выйграе творчае спаборніцтва… Паспрабаваў бы сам выйграць, каб на шыі вісела шматтыражка!
Можна, вядома, як то ні брыдка, прасіць падтрымкі ў былых знаёмых, напрыклад, у таго ж Грышкі Багдзевіча, які нядаўна вярнуўся з вобласці на ўплывовую камсамольскую работу. Не-е! Ніколі, ні пры якіх абставінах не апусціцца да такога самапрыніжэння… Да каго, да каго, а да Грышкі, які так жорстка абразіў, прыляпіўшы гэтага праклятага «графа Паскуднікава», ніколі, ні за што, як бы туга ні было, на паклон не пойдзе…
А што рабіць? Дзе выйсце?! Быў, канечне, варыянт, але ведаў, што гэта таксама ніколі, ні за што не зробіць… Забараніў сабе нават думаць…
Мінуў дзень, другі, тыдзень, і, па меры таго як змяншаліся шанцы, знікалі апошнія надзеі, усё настойлівей, назойлівей лезла ў галаву тое здарэнне, падмываючы, ломячы катэгарычную забарону нават думаць пра яго…
На другім курсе яго канкурэнт уліп у нейкую гісторыю і трапіў у міліцыю, потым разбірала камсамольскае бюро…
Ну і што?! Высветлілі ў рэшце рэшт, што невінаваты быў, а калі і была якая віна, то не такая і не настолькі, каб караць…
Але, калі што, паспрабуй сёння дакажы, была ці не была віна: факт прыводу ў міліцыю застаўся. А гэта…
I спалохаўся самога сябе: не-е-е… Толькі не гэта… Ды паважаць сябе перастане… Не-е… Не было, ведаць не ведае ніякай гісторыі…
Аднак праходзіў нейкі час, і другі, пакрыўджаны, абражаны голас пачынаў пад’юджваць, падцкоўваць: гэ, а цікава выходзіць! Ты чакаеш, табе цвёрда абяцаюць, і калі нарэшце дачакаўся — з’яўляецца на гатовенькае, пераступае табе дарогу нейкі геніяльны выскачка. I ты павінен без бою — гэндэ гох… Ён сядае на тваё законнае месца, а ты гібей да скону дзён у шматтыражцы… Дзе ж тут логіка, дзе ж тут справядлівасць?! Калі на тое пайшло, то чаму б не пасядзець гадок-другі гэтаму хлопчыку ў шматтыражцы? На самай справе — чаму?! Ён жа, Андрэй, адсядзеў столькі ў раёнцы і во ўжо два гады ў шматтыражцы! А гэты што бачыў?! То хто мае большае маральнае права? Ён, хто чатыры гады аддаў нізавой прэсе, ці гэты, што яшчэ і вучобы не закончыў, дыплома ў вочы не бачыў?! Ён не супроць, не — хай бяруць, калі хочуць, і гэтага будучага генія, але пасля таго, як возьмуць яго, Андрэя. Хай пакуль што ідзе ў шматтыражку, на яго месца, ды пакажа сябе…