Выбрать главу

За час сваіх нягод і блуканняў па рэдакцыях ссумаваўся па сапраўднай рабоце і тут узяўся з найвялікшым імпэтам. Канечне, пры строгім і суровым сіце Арсена Захаравіча вялікага разгону для творчасці не было, аднак хапала, і дастаткова, прасторы, каб разгарнуцца, паказаць сябе.

Патроху, не высоўваючыся, асвойваўся з тутэйшымі парадкамі і патрабаваннямі. Яны аказаліся не такімі простымі і саліднымі, як падалося на першы погляд. Нават ад яго не надта спрактыкаванага вока не магло схавацца, што гэты спакой даволі абманлівы, знешні. У глыбіні, адчувалася, адбываюцца нейкія незразумелыя падспудныя працэсы, ідзе глухая, зацятая барацьба, хоць немагчыма было зразумець, хто з кім змагаецца, што каму трэба.

Рэдакцыю ў жалезным кулаку трымаў намеснік рэдактара Раман Фёдаравіч, якога за вочы звалі «жалезабетонны Раман». Яго баяліся і асцерагаліся больш, чым рэдактара — чалавека з добрым мяккім характарам, вечна занятага на розных пасяджэннях, нарадах, семінарах, канферэнцыях — прадстаўнічых і малапрадстаўнічых, нават на тых, дзе яму быць не было ніякай патрэбы. На дзіва, ён любіў сядзець у прэзідыумах куды больш, чым чытаць газету, і ў рэдакцыі быў для ўсіх ледзь не прадстаўнічай, намінальна-параднай фігурай, накшталт канстытуцыйнага манарха. Усім запраўляў Раман Фёдаравіч, і ўся яго кіпучая энергія, здавалася, скіравана, каб «насадзіць» думку, што іх калектыў самы творчы, газета — самая лепшая, да любой крытычнай заўвагі збоку прывучаў ставіцца як да падкопаў зласліўцаў і ворагаў газеты. Другім яго клопатам было глушыць у самым зародку, не даваць разгарацца розным спрэчкам, сваркам, канфліктам. Моц калектыву, на яго думку, у згуртаванасці і еднасці, усякія спрэчкі, нават творчыя, падточваюць маналітны калектыў пад корань. Творчымі справамі ён займаўся мала — у асноўным адказны сакратар, чалавек самаўпэўнены, з мухамі ў носе і непрыемным скрыпучым голасам. Яго ўсе пабойваліся, але ніхто не любіў.

Андрэй нутром адчуваў, што рана ці позна, а загнаныя ўнутр канфлікты некалі загавораць грозна, вулкан прачнецца, таму прадбачліва трымаўся ўбаку, далей ад закулісных шэптаў-нагавораў, кааліцый, бо ведаў: калі затрашчаць чубы — у выйгрышы заўсёды той, хто трымаецца нейтральнай лініі, застаецца да пары да часу ў цяні…

У сям’і гэтаксама ўсё было прыстойна, нават вельмі прыстойна — аж насцярожвала, палохала. Крыўда і злосць на Таліну за яе падман патроху перагарэла, згладзілася — час руйнуе, згладжвае горы, не то што нейкія крыўды…

Таліну і так бог не пакрыўдзіў красою, а ў замужжы імгненна расцвіла, уся свяцілася жаноцкай вабнасцю. Дзе б ні была — на вуліцы, у парку, магазіне,— яе пачыналі з’ядаць мужчынскія позіркі, і ёй, адчувалася, як, пэўна, і кожнай жанчыне, гэта даспадобы. Не сказаць, каб яму ўсё гэта падабалася, але і сцвярджаць, быццам табе дужа непрыемна лавіць на сабе нечыя зайздрослівыя позіркі, таксама было б няпраўда — што б там ні казалі, а ўсё ж прыемна мець прыгажуню, нават калі сэрца ёкае ад нечых юрлівых позіркаў…

Падзьмуўся трохі пасля вясёлля — і адышло, уважыў яе слязам, уласна кажучы, і сам не святы быў… Жылі, як кажуць, у дружбе і згодзе. Здаецца, і не было сур’ёзных канфліктаў, сварак, непаразуменняў, без чаго не абыходзіцца, кажуць, ні адна маладая сям’я. Хіба толькі сяды-тады здараліся нейкія мізэрныя непаразуменні, і то калі не было дома цесця, цешчы.

Гэтай бесканфліктнасці, канечне, спрыяла тое, што цесць і цешча не гладзілі дачку па галоўцы, ва ўсім і заўсёды бралі яго бок, за што аддаваў ім належнае. «Любі жонку — як душу, трасі — як грушу, інакш — на галаву сядзе»,— са сваёй прамалінейна-грубаватай непасрэднасцю павучаў Гаспадар. Таліна таксама добра засвоіла бацькавы прынцыпы, была ніжэй травы, цішэй вады. Калі ўжо надта хацела дамагчыся свайго, то брала толькі ласкаю, хоць, па праўдзе кажучы, час ад часу лавіў у яе вачах глухі, глыбока схаваны пратэст, і тады яе ласкавасць, пакорлівасць здаваліся робленымі, ненатуральнымі, больш таго — узнікала адчуванне, што моўчкі, спадцішка точыць кіпцюрыкі, каб у зручны момант драпнуць каварна, балюча…