Праўшоў год, другі — і як некалі, пасля замужжа, раптам расцвіла, узарвалася маладымі сокамі, так раптоўна, навідавоку стала вянуць, блякнуць яе краса і жаноцкая вабнасць. Прычына, пэўна, у тым, што не было дзяцей. Жанчына павінна выконваць абавязак, наканаваны ёй прыродаю, а за падман прырода заўсёды помсціць жорстка і бязлітасна. Радзіць яна ні за што не хацела, ды і ён не настойваў — чакалі, пакуль Антаніна Акімаўна пойдзе на пенсію. Магчыма, то проста была зачэпка, бо калі не адважваліся думаць, гаварыць услых, то, мусіць, дзесятым пачуццём разумелі, наколькі хісткія, ненадзейныя створаныя Ротарам Пятровічам парадкі, наколькі двухсэнсоўнае, ілюзорнае іх стэрыльнае, бесканфліктнае шчасце…
Ротар Пятровіч, праўда, пакуль што мірыўся, маўчаў, толькі зрэдку рабіў закіды наконт унука, але, адчувалася, яго цярпенне канчаецца, сёння-заўтра грукне кулаком: нагуляліся — і баста! Давай наследніка!..
Таліна прыходзіла ў адчай ад кожнай новай маршчынкі ля вуха, сухасці скуры, пачала ўжываць касметыку, і гэтыя крэмы, мазі, маскі, прымочкі выклікалі ў ім холад, нават брыдлівасць. Яна не разумела, не заўважала гэтага, а мо і разумець, заўважаць не хацела, з нейкай настырнай, феадальна-ўласніцкай настойлівасцю патрабавала, каб яго каханне заставалася нязменным, безаглядным, сваімі непамернымі жаданнямі, да жаху рацыянальнай і будзённай гатоўнасцю ў любы час аддавацца ўцехам кахання, бы гэтыя ўцехі былі апошнімі, гасіла ў ім тую безагляднасць і высакавольтнасць, выклікала прыкрасць, нават гідлівасць.
У сваіх звычках, учынках, складзе характару яна рабілася нейкай адчайна аднолькавай, аднастайнай, вечнай і непарушнай, як сузор’е Вялікай Мядзведзіцы. Беспамылкова мог угадаць, што яна думае, што зробіць праз хвіліну, праз гадзіну, дакладна ведаў, што заўтра, паслязаўтра, праз месяц, праз год будзе такая ж, як і сёння, і гэта выклікала няўцешны сум і нуду. Усё часцей і часцей светлым супроцьпастаўленнем з’яўлялася Люба, Лірыка — таемная і загадкавая, пазнаць і прадугадаць ход думак якой было проста неспасцігальна, і брала сусветная туга, востры, цягучы боль спапаляў душу.
Развязка наступіла летам, калі Ротар Пятровіч і Антаніна Акімаўна адпачывалі ў Сочы, і была гэтая развязка да крыўднага прымітыўнай, як зацяганы, зашмальцаваны анекдот. Раней, чым планавалася, вярнуўся з камандзіроўкі — і застаў Таліну з нейкім вайскоўцам.
Не абурыўся, не рабіў сцэн, хоць, канечне , мала прыемнага, калі табе настаўляе рогі нават нелюбімая жонка. Спакойна, з нейкім прасвятленнем і палёгкаю, не сказаўшы ні слова, павярнуўся і пайшоў прэч. Ноч правёў на вакзале…
Назаўтра са спакойным сумленнем напісаў і занёс у суд заяву на развод, а пакуль усё вырашыцца, з дапамогай знаёмага інжынера будтрэста прыстроіўся ў інтэрнат будаўнікоў.
Праз тыдзень — адразу ж пасля вяртання з Сочы — на работу пазваніў Ротар Пятровіч.
— Дзе ты шляешся? — як ні ў чым не бывала, спытаў ён.— Чаму дома не бачу?
— А вы ў сваёй дачушкі пацікаўцеся чаму…
— Ладна! — не заўважыў на дзёрзкасць Ротар Пятровіч.— Во так! На месяц нельга выпусціць з-пад нагляду! Што я вам — нянька?! Зараз жа прыходэь!..
Гята быў ранейшы, самаўпэўнены, грозны голас Гаспадара, аслухацца, пярэчыць якому — крый божа! Не-е, скончылася твая ўлада, дарагі цясцёк… Цяпер ты мне не ўказ. Шукай іншага дурня, хто будзе хадаіць перад табой на задніх лапках, служыць верай і праўдай…
— Мне… у вас… няма чаго… рабіць! — сказаў, падкрасліваючы кожнае слова, паклаў трубку.
Праз хвіліну тэлефон зазваніў зноў. Уздрыгануўся, падумаў, рашыў не браць трубку, хоць сам не ведаў, чаго баіцца. Зараз ён вольны казак, рукі кароткія ў гатага… I сказаць так па тэлефоне — гэта куды прасцей, чым бачыць яго перад сабою… Аднак рука зноў і зноў маладушна падымала і апускала трубку на рычажкі. 3 прыкрасцю лавіў, што ўсё жыве, варушыцца ў ім страхавітая, халопска-ўгодніцкая залежнасць ад Гасладара. Значыць, сур’ёзна гаварыць, гаварыць на роўных пакуль не гатовы, зараз размова была б не ў яго карысць. Для таго, каб гаварыць на роўных, патрэбен час, патрэбна адкараскацца ад агіднай халуйскай падпарадкаванасці, аддаліцца на небяспечную адлегласць, выйсці з-пад уплыву і ўздзеяння гіпнознай сілы Гаспадара…
У шэсць пятнаццаць замкнуў кабінет, намерыўся гадзіну-другую развеяцца ў парку, і — вочы на лоб палезлі, нешта анямела ў душы: ля рэдакцыйных прыступак чакаў Ротар Пятровіч, заклапочаны, хмурны, злы.
— Што за фокусы?! — з ходу накінуўся ён.— Доўга яшчэ будзеш сваволіць?!
— Колькі трэба — столькі і буду! — ваўкавата глянуў Андрэй, праклінаючы сябе, што не прадугледзеў магчымасць такой сустрэчы ды абачліва не плітануў праз двор.