Выбрать главу

Ніхто гэтай прытчы не чуў, дружна папрасілі расказаць, і Арсен Захаравіч, як заўсёды трохі іранічна, бясстрасна і манатонна пачаў:

— Стварыў Бог, значыцца, Чалавека, усіх жывых істот і задумаўся: які ж ліміт на жыццё кожнаму з іх адпусціць? Памаракаваў-памаракаваў і рашыў паступіць па справядлівасці, нікога не крыўдзячы — падзяліць пароўну. Паклікаў Чалавека і кажа: будзе твой век, як і усіх братоў тваіх меншых, роўна сорак гадоў.

«Усяго-о?! — засмуціўся наш продак.— Чаму так мала? Дабаў трошкі, а-а?..»

«Не магу»,— развёў рукамі Бог.

«Ладна, не скупярдзяйнічай — калі захочаш, то можаш. Ты ж — усемагутны, усясільны…» — дамагаўся зморам Чалавек.

«Сказана: не магу, значыць,— не магу! — насупіў бровы Тварэц.— Рашэнне прынята, падзелена ўсім чэсна, пароўну — і амінь!»

Замаркоціўся Чалавек, галавой панік, ведаючы, што з Богам, як і ўсялякім начальствам, не надта паспрачаешся: прыйдзеш са сваёй думкай, выйдзеш — з яго, начальнікавай…

I паклікаў затым Усявышні Каня ды кажа: жыць табе наканую сорак гадоў.

«Так многа?! — жахнуўся той.— Сорак гадоў цягнуць хамут? Дзе ж я выцягну?! Надарвуся. Дальбог, надарвуся… Скасці, Тварэц, хоць напалавіну скасці…»

«Аддай мне, калі ён не хоча…— нясмела папрасіў Чалавек, узрадаваны, што знайшоўся дурань: праўду кажуць, што галава вялікая, як цабэрак, а розуму — кот наплакаў».

Бог паглядзеў, падзівіўся і строга сказаў: а ці ведаеш ты, што, узяўшы яго палавінку, будзеш дваццаць гадоў цягнуць конскую лямку? Ты падумаў пра гэта?

«Згодзен, згодзен! Толькі аддай…» — узмаліўся, не падумаўшы, наш продак.

«Глядзі сам…— паціснуў плячыма Тварэц.— Сам сабе выбіраеш долю… I запомні: я цябе не змушаю, не навязваю. Каб потым мне…»

«Дзякуй, божа, дзякуй, божа! Алі-і-лу-у-уя-я…»

Паклікалі потым Сабаку. «Сорак гадо-о-оў?! — заскуголіў цюцька.— Ці ж прабрашу, правартую дом столькі?! Зубы зносяцца, зяпа асіпне… Божачка, збаў хоць напалавіну?!»

«Аддай мне яго долю...— ужо трохі смялей закінуў Чалавек.— Я згодны…»

«Бяры — што мне, думаеш, шкада…— яшчэ больш здзівіўся Тварэц,— Сам будзеш расхлёбваць…»

А потым была Малпа. Самі ведаеце, што за сімпатычная гэта істота, аднак і частку яе долі выцыганіў наш скванны і прагны да жыцця продак…

Адтуль і павялося: да сарака чалавек жыве за сябе і для сябе, вычэрпвае свой ліміт, паступныя дваццаць — цягне лямку, як уладзімірскі цяжкавоз, на дзяцей і ўнукаў, якіх трэба ставіць на ногі, вучыць, жаніць… А пераваліць за шэсцьдзесят — наканавана сабачая доля: дом сцерагчы. Ну, а яшчэ праз дваццаць, калі дацягне, упадабляецца да далёкай сваячкі… Так што, хлопчыкі, я перабраў ужо конскі ліміт, час і дом сцерагчы прываліў… Не заўважыў, як дзеці павырасталі, то хоць на ўнукаў наглядзецца…

— Ды кіньце вы прыбядняцца! Вы яшчэ — ого! — запратэставалі дружна, хоць, пэўна, кожны разумеў, што і на самай справе Арсен Захаравіч — слаўная, але ўжо старонка прачытаная… Сёння-заўтра новую перагорне іншы…

Так яно, уласна кажучы, неўзабаве і сталася. Арсен Захаравіч падаў дакументы на пенсію і, пакуль вырашыцца, паехаў у санаторый, заявіўшы, што на загадчыцкую пасаду больш не вернецца. Як і заўсёды, часова выконваць абавязкі прызначылі яго, Андрэя, і на гэты раз усім было ясна, што назначэнне ўжо не часовае…

У канцы чэрвеня Арсена Захаравіча ўрачыста праводзілі на пенсію. Ён звольніўся, каб маглі плаціць, а праз дзён дзесяць вярнуўся ў аддзел пісьмаў: упрасіўся пасядзець нейкі час на спакайнейшай рабоце, каб не адразу, а паступова адыходзіць ад рэдакцыйнага тлуму — старым людзям шкодна рэзка мяняць звыклы уклад жыцця.

У Андрэя нарэшце развязаліся рукі — цяпер без аглядкі на былога шэфа можна заводзіць свае парадкі: новая мятла мусіць і мясці па-новаму. Не сказаць, каб гэта былі нейкія вялікія перамены, але перамены ўсё ж былі. Завёў, каб прыходзілі ўсе да дзевяці, мелі дакладныя планы на тыдзень, штодня дакладвалі, хто што зрабіў учора, што будзе рабіць сёння. Новаўвядзенне было ўспрынята даволі спакойна, хоць сёй-той і пахіхікваў пазавуголлі.

Прайшоў месяц, другі, а з афіцыйным прызначэннем чамусьці марудзілі, і гэтае непаўнацэннае ЧВА пачынала не на жарт непакоіць. Зрабіў асцярожны закід Раману Фёдаравічу, але той прыкінуўся гэткім прясцячком, быццам разумець не разумее намёку. «Нездагадлівасць» жалезабетоннага Рамана не проста насцярожыла, а затрывожыла ўсур’ёз. Колькі ні біўся ў здагадках, не мог прыкласці розуму: у чым жа затрымка? Няужо ўзніклі нейкія сумненні? Але чаму? Якія сумненні? Хіба ён не спраўляецца?! Не меў ні адное заўвагі, ні аднаго папроку… Што ж можа быць? На добры лад, даўно пара...