Выбрать главу

З тыдзень сідзеў як на шыле, нарэшце не вытрымаў, зайшоў да Рамана, сказаў без усякіх намёкаў, адкрытым тэкстам.

Той паморшчыўся, бы мыла з’еўшы, глянуў адчужана, не без іроніі:

— Ты пра работу думай, а не пра пасады…

Апанаваў панічны страх, глеба захадзіла пад нагамі, а ў такім стане заўсёды кепска кантралюеш сябе, робіш глупствы. Замест таго каб падумаць, узважыць, цвяроза ацаніць сітуацыю, рашыў дзейнічаць, пакуль не позна, дамагацца справядлівасці. Словам, рынуўся на скрут галавы да шэфа…

Рздактар выслухаў моўчкі, не дужа ўважліва, быццам усё гэта настолькі малаістотнае, дробязнае, што і не варта яго ўвагі. Напусціў на сябе звычанную непраніклівую саліднасць, мовіў няпэўна:

— Ты справай дакажы, а мы пагледзімо, параімся...

Толькі цяпер дайшло, дайшло з усёй трагічнай выразнасцю, якога маху даў, рызыкнуўшы на гэты абсалютна нікчэмны візіт. Хіба не ведаў, што рэдактар без «жалезабетоннага Рамана» нічога не рашае? Хіба не мог здагадацца, што зараз пакліча Рамана і з’едліва скажа: маўляў, прыходзіў Бяскуднікаў прасіцца ў загадчыкі… А для самалюбівага Рамана — гэта ўжо інтрыжка, падкоп пад яго аўтарытэт. Не даруе, ні за што не даруе, касцьмі ляжа, пуп расперажэ, каб не дапуспіць, даказаць, што Бяскуднікаў не пацягне аддзел, што Бяскуднікаў — настырны кар’ерыст… Во так: з-за аднаго дурнога візіту можна закрэсліць усё, без дай прычыны з’ехаць на бзік…

Рабіць між тым нічога не заставалася, апроч таго, што цярпліва чакаць, спадзявацца ды, закасаўшы рукавы, улегчы ў работу.

Але, мусіць, заўсёды так: чым больш стараешся, вылузваешся са скуры — тым горш выходзіць. Бы знарок, бы на грэх і здзек, пайшлі зрыў за зрывам, ляп за ляпам. Не паспеў ачомацца, залізаць раны ад прачуханца за блытаніну прозвішчаў у рэпартажы, як прываліла абвяржэнне: так і так, вы крытыкуеце за прастой камбайнаў, а як жа, дазвольце запытаць, яны могуць не прастойваць, калі льюць праліўныя дажджы? Фармальна-бюракратычны падыход у вас, паважаныя таварышы. Гэтак можна і пасярод зімы за прастой сеялак крытыкаваць…

Андрэй сам быў, на свае вочы бачыў, што ў той дзень не было ніякага дажджу, дождж пайшоў толькі назаўтра к вечару, аднак «жалезабетонны Раман» і слухаць нічога не хацеў.

— Верхаглядства! Легкадумства! Правакацыя! Падрыў аўтарытэту газеты! — грымеў на «лятучцы» ён, заварваючы, па ўсім відно, густую кашу, і разгублены, збянтэжаны Андрэй не ведаў, як апраўдацца, даказаць сваё…

Уляпілі вымову, праўда, ад ЧВА пакуль што не вызвалілі, але і дурню было ясна, што ягоныя шанцы падняцца мізэрныя, як ніколі, мо нават роўныя нулю. Хацеў бы кінуцца ў раён, знайсці тых, з кім сустракаўся, гутарыў у той дзень, дакументальна, пісьмова пацвердзіць: не было ніякага дажджу, дамагчыся адмены несправядлівай вымовы. Ёсць жа праўда на свеце! За праўду трэба змагацца. Але падумаў: каму патрэбна яго праўда… Раман, канечне, сціснуўшы зубы, змушаны будзе адступіць заўтра, каб… удосталь адыграцца паслязаўтра. Хоць і кажуць, быццам кепскія адносіны з начальствам — як нашатыр: дыхаеш — цверазееш, трымаеш сябе ў байцоўскай форме, але паспрабуй дыхні супроць «жалезабетоннага Рамана» — зрэнкі з арбіт павылазяць. 3 Раманам трэба інакш: ласкавым цялём падкаціцца, клясціся ў вернасці і адданасці, падпускаць лёстачкі — ён гэта любіць. А хто не любіць? Не раўня Раманам млеюць ад фіміяму, не раўня Раманам клююць, заглытваюць самы прымітыўны падхалімаж…

«Жалезабетонны Раман» слухаў моўчкі, не перапыняў, аднак адчувалася, што да ўсіх яго лёстачак ставіцца недаверліва, падазрона, нават, здаецца, насмешліва. Потым захваляваўся і сказаў:

— Слухай, Бяскуднікаў: няўжо так можна ўніжацца з-за нейкай там пасады? Во запісаць бы на магнітафон ды пракруціць табе праз нейкі час! Ці перадаць па радыё — ніякая гумарыстычная перадача не дакажа…— Уздыхнуў з трохі робленай горыччу і больш да самога сябе, чым да яго, мовіў: — А ўсё ж якая гэта страшная рэч — кар’ерызм…

Выскачыў ад Рамана як апараны і ўвесь астатак дня не мог ачомацца ад шоку: калаціла ўсяго, дрыжэлі рукі, ніколі яшчэ не быў такі агідны сам сабе. Браўся чытаць рукапісы — нічога не бачыў, не мог улавіць нават сэнсу, не кажучы, каб правіць. Свінцовы боль напаўняў скроні.

Увечары паднялася тэмпература, амаль усю ноч прамучыла бяссонніца, аднак раніцой пайшоў не ў паліклініку, а на работу, невядома чаго чакаючы, невядома на што спадзеючыся…

Фартуна і на гэты раз адварочвалася ад яго. Што ж, думаў, нічога не папішаш, нічога не паправіш, патроху пачаў звыкацца з думкай: не выгарала — і лях з ім! Не такі ўжо мёд гэтая загадчыцкая пасада. Мо нават і лепш, што так сталася: будзе час на творчасць, не пасада ўпрыгожвае журналіста…