Але ішоў час, размовы і здагадкі пра магчымыя кандыдатуры аціхлі, усё пачало ўлягацца, уваходзіць у сваё былое рэчышча. Па-ранейшаму хадзіў у ЧВА, дакладваў за аддзел на планёрках, «лятучках», правіў і візіраваў рукапісы, сам сяды-тады пісаў, нават даверылі перадавіцу. Раман Фёдаравіч перастаў чапляцца, пры ўсіх падхвальваў іншы раз — і зноў адрадзілася, заціўкала кволая надзея… Падаграваў яе, канечне, добры Арсен Захаравіч. Нічога, суцяшаў ён, памыкаюцца-парыпаюцца і нікуды не дзенуцца — лепшай кандыдатуры ім усё роўна не знайсці, дакумекаюць у рэшце рэшт, што не шукаюць ліха ад дабра… Па сакрэту шапнуў, што яшчэ раз была гаворка наконт яго з «жалезабетонным Раманам» і той быццам бы схіляецца…
I на табе! Менавіта на гэты час — разрыў з сям’ёю, развод… Захмялелы ад набытай свабоды, і не падумаў, што развод закрэслівае ўсе шанцы на вылучэнне, а калі падумаў, дапетрыў — жахнуўся. Не, тут каб і хацеў прыдумаць — не прыдумаеш такі збег акалічнасцей, такое супадзенне! Лёс нібы знарок падкаравульваў, каб ударыць дуплетам… I сам таго не хацеў, а спадцішка пачалі даймаць здрадлівыя думкі: магчыма, пагарачыўся, мо варта было хоць для блізіру, хоць для адводу вачэй памірыцца, пакуль усё праясніцца… Ва ўсякім разе, праявіць разумную стрыманасць і дыпламатычнасць з Ротарам Пятровічам, не паліць гэтак адразу ўсе мосцікі і кладачкі. Спаліць мосцікі і кладачкі ніколі было не позна… Каб гэта ж падумаў, каб гэта ж мог прадбачыць! А мо?.. I палохаўся: не-не, ніякіх «мо»! Аднак супроць волі, насуперак жаданню ўсё настойлівей пад’юджвала неверагоднае, непрымальнае: а мо «пад’ехаць» далікатненька да Таліны ды адкласці пакуль што?..
Ён пакутаваў ад гэтых думак, не знаходзіў сабе месца, не меў спакою ні днём ні ноччу. I — як гром у асеннюю ноч, як землятрус: назначаюць загадчыка аддзела! Не яго, Андрэя, канечне, не са сваіх увогуле, не з мінчан, нават не з абласных, а нейкага раёншчыка. Да раёншчыкаў ва ўсіх было трохі пагардлівае стаўленне — не той узровень, таму навіну ўспрынялі, як выбух бомбы, яна не проста ўразіла, а глыбока абразіла іх прафесійны гонар. Праўда, калі даведаліся, што гэта Алесь Саўчук, праблемна-публіцыстычныя артыкулы і нарысы якога ахвотна бралі не толькі салідныя рэспубліканскія, а нават маскоўскія выданні, а летась у выдавецтве выйшла ягоная кніжка, на якую і іх газета адгукнулася рэцэнзіяй, трохі супакоіліся, аціхлі. Апроч, вядома, яго, Андрэя. Хоць, па праўдзе кажучы, і ён у нечым быў рады — ва ўсякім разе, нарэшце ўсё праяснілася, стала на сваё месца, можна супакоіцца, быць задаволеным, што ўтрымаўся, не нарабіў глупства…
Канечне, было балюча і крыўдна. I не таму, што адверглі яго — да гэтага, у рэшце рэшт, быў псіхалагічна падрыхтаваны. Страх браў, што гэты Алесь Саўчук — студэнцкі таварыш, адзін з тых, хто некалі прыляпіў ганебную мянушку, якая дапаўзла і сюды…
Во як, во як, думаў няўцешна. Во які падаруначак, во якую пілюльку падсунуў лёс: Саўчук — твой непасрэдны шэф! Будзе камандаваць, павучаць, правіць, як захоча, і нічога не паробіш, нікому не паскардзішся… Хто б мог падумаць! Але чаму, чаму ўсё ідзе гэтак шыварат-навыварат?! Як магло стацца, што Саўчук, які не вылучаўся ніякімі талентамі, зараз на сёмым небе зоркі зрывае, а ён, першы сярод іх, паэтычная надзея універсітэта, аказаўся ля разбітага карыта?! Лёс, чаму ты такі несправядлівы і неміласэрны?! Каму-каму, а Саўчуку, здавалася, навечна наканавана доля раёншчыка сярэдняй рукі, а ён за нейкіх пяць гадоў прайшоў ад радавога карэспандэнта да рэдактара, публіцыста, чые матэрыялы ідуць пад зялёнае святло ў самых рэспектабельных выданнях. А цяпер во на белым кані ўязджае ў сталіцу, каб камандаваць ім, Андрэем Чарапіцай… Зрэшты… Зрэшты, усё правільна, як кажуць: кесару — кесарава… Саўчук пісаў нарысы, публіцыстыку, выдаваў кніжкі, а ён чатыры гады ўбіў на нікому не патрэбныя Гаспадаровы мемуары. Во так. I Алесь, і Грышка Багдзевіч, і Васіль Гарошка, і нават Коля Мікітчук на кані, паспелі, нечага дамагліся ў жыцці, адзін ён, што і меў, разгубіў, як жабрак з пустою торбаю, ні кала ні двара… Эх доля-доля, чаго ж ты такая няладная, чаму ж ты такая няскладная?! За што, за якія грахі такая нелітасцівая?!
«Жалезабетонны Раман» да просьбы перакінуць у другі аддзел паставіўся з разуменнем, паабяцаў пры першай жа магчымасці… Праўда, неўзабаве і сам пашкадаваў, што напрасіўся: падобна было, што Саўчук не пратрымаецца. Надта ж задзірліва і бесцырымонна павёў ён сябе. Ужо на другой ці трэцяй «лятучцы» набраўся смеласці раскрытыкаваць, з’едліва высмеяць матэрыялы, адзначаныя як лепшыя, рэкамендаваныя на «чырвоную дошку», і, як трэ было чакаць, адразу ж счапіўся з «жалезабетонным Раманам». Раман успрыняў гэтую крытыку як дзёрзкі, бестактоўны выпад супроць сябе, зрабіўся змрочны, як восеньская ноч, у вачах палыхнула чорнае полымя. Толькі правінцыялу Саўчуку невядома было, што значыць гэтае чорнае полымя ў вачах «жалезабетоннага Рамана», што значыць ігнараваць субардынацыю і ўстаноўленыя парадкі… О, каша заварыцца, задаволена паціраў рукі Андрэй. От жа мамаева пабоішча пачынаецца! Яму аж не па сабе рабілася ад гэтай затоена-злараднай радасці: усё ж Саўчук стары студэнцкі таварыш, нельга быць такім злым, помслівым… Нічога-нічога, гэта яму на карысць, добрая навука, а то прывык, што лёгенька ўсё даецца: прыйшоў, убачыў, пермог. Хай трохі зведае, па чым фунт ліха — гэта яму не раёнка… I ўсемагутны Раман хай палюбуецца, каго прыцёг, на каго прамянялі… Пагрызуцца, пацягаюцца за чубы, а там, глядзіш…