Выбрать главу

— Ат, збрыднела! За дзеда прымаюць…

— Го, дзеда! За папа могуць прыняць. Нічо-ога, за-раз мы з вас чалавека зробім. Амаладзім на гадоў пяцьдзесят…

Андрэй глядзеў, як шкамутае бараду цырульнік, змрачнеў, заўважаючы, што там, дзе была шчэць, вылузваецца амаль нездаровая белізна, кантрастуе з носам, ілбом. Сам не свой, зрэдку падтакваў цырульніку, які цяпер ужо адкрыта і смела выказваў свае пагардлівыя адносіны да розных хіпікаў, з жахам думаў, як пакажацца з такой паласатай фізіяноміяй на людзі. Хоць ты ідзі ў паліклініку ды прасіся пазагараць пад кварцам!

Даў цырульніку рубель, не ўзяўшы рэшту, ачмурэла выскачыў на вуліцу. Нязвыкла абдало холадам, шчокі, падбародак, шыя гарэлі, і здавалася, увесь свет вылупіў вочы, покатам качаецца: паглядзіце, паглядзіце на гэта пярэстае страшыдла!

Дзяжурная ў гасцініцы ніяк не зважала на яго фізіяномію — пэўна, падслепаватая, не надзела акуляры. Пакасіўся на трумо, крадком аглядваючы сваё незнаёмае аблічча, і аж разгубіўся: ад былой пярэстасці не засталося і следу — шчокі разрумяніліся, і ўвогуле, твар стаў маладжавы, вабны. Адлягло ад сэрца, аж нейкая слабасць прайшла ў ногі… Дзяжурная падала картку, прысеў за столік — і спатыкнуўся на першай графе: прозвішча? Простае, як аднаклеткавая амёба, пытанне зараз здалося насмешкай, здзекам, хітрай пасткай. Не напішаш жа Чарапіца! Запатрабуюць дакумент…

Дрыжачай рукою вывеў ненавіснае «Бяскуднікаў», спешна запоўніў іншыя графы, падаў разам з пасведчаннем і грашыма дзяжурнай, тупа глядзеў, як яна разбірае яго пісаніну, унікліва і доўга вывучае, бы здагадваецца, бы нешта ў яе выклікае падазрэнне… Няведама ад чаго рабілася млосна, нешта халоднае, агіднае варочалася ў душы, садніла, дзерла вострымі кіпцюрамі…

— Трынаццаты пакой, на другім паверсе…— нарэшце працягнула ключ з круглай алюмініевай бірачкай дзяжурная.— Пачакайце, зараз выпішу квітанцыю…

— Потым…— і стрымгалоў кіцуўся наверх.

Уставіў ключ у замочную адтуліну, і — як токам кальнула: трынаццаты?! I хоць ніколі не зважаў, не верыў у забабонную магію лічбаў, ахапіў нейкі падсвядомы страх.

Нумар быў адзіночка, па мясцовых мерках люкс — з пісьмовым сталом, канапай, двума мяккімі крэсламі, нават тэлефонам. Пад акном мацавалася батарэя паравога ацяплення, але справа ля дзвярэй выступала напалавіну і кафляная печка-стаяк — адна на два пакоі. Распрануўся, паставіў сакваяж, стомлена прысеў на канапу і падзівіўся, адкуль гэткая стома. Вядома ж, дае знаць прыкрая бяссонная ноч, нервовыя перагрузкі… Пасядзеў нерухома, і праз хвіліну стаў заўважаць, што стома знікае, з’яўляецца незразумелае нецярпенне, хваляванне, неспакой. Зноў падзівіўся: ад чаго б гэта? Сядзець між тым рабілася не пад сілу. Нешта цьмянае выклікала душэўную няўтульнасць, доўгі, цягучы боль, клікала да нейкага невядомага, неасэнсаванага дзеяння. Падышоў да акна, глянуў ува двор, спрабаваў узбадзёрыцца, падняць дух: ну во, і ўсё скончылася… Пачынаецца новае жыццё, вяртанне да вытокаў, як гаварыў Алесь… Усё будзе добра, не горш, чым у Саўчука… Аднак нешта ўпарта супраціўлялася заглыбіцца гэтым думкам, выштурхоўвала іх на паверхню, як паплаўкі… Хм, новае жыццё з пасведчаннем «Бяскуднікаў»!.. О, божа літасцівы?! За што, дакуль гэты Бяскуднікаў будзе праследаваць, як цень, як змрочны прывід?! Няўжо яшчэ мала наздзекаваўся, натаптаўся ў душы?

А мо… Думка, што мільганула раптам, была настолькі нечаканая, жудаснаватая, што анямеў, бездапаможна асунуўся ў крэсла. А калі над гэтым прозвішчам, што прыняў, выракшыся свайго, вісеў нейкі праклён?! Мо роду Бяскуднікавых, які сабраўся прадоўжыць, самою прыродаю было наканавана выраджэнне? Мо гэтае прозвішча і стала тым злавесным антыталісманам, магнетычнай сілай, што прыцягвае розныя беды-няшчасці?!

Ускочыў як уджалены, падумаў, ці не звіхаецца?! Не, на самай справе, трэба звіхнуцца, каб паверыць у нейкія прымхі, магнетычныя сілы, антыталісманы! А пасведчанне ў бакавой кішэні між тым нясцерпна муляла, пякло крапівою. 3 асцярогаю, бы гэта магло выклікаць немаведама якую небяспеку, дастаў адглянцаваную, трохі пацёртую кніжачку, паклаў на стол, уставіўся ачмурэла, бы на скручаную ў кольцы гадзюку. У галаве брадзілі нейкія сапраўды вар’яцкія думкі, і што дзіўнае — нё палохаўся іх. Схапіў кніжачку, кінуўся да печкі, у момант вока сунуў у шызую горку попелу і, старанна атрасаючы рукі, задаволена падумаў: во так даўно б! Во туды яму і дарога!.. А калі прыбіральшчыца ўздумае не запальваць, а выграбаць попел? Знойдэе — і вернецца, як Кашчэй Бессмяротны… Гэта было верагодна: попелу сабралася — даўно пара выграбаць. Кінуўся назад, разгроб, выхапіў кніжачку, адглянцаваная паверхня якой здалася халоднай, слізкай, як мядуза. Шпурнуў на стол, пачаў хадзіць з кута ў кут, прыкладваючы розум, што рабіць з ёю. Разумеў, наколькі смешна, недарэчна ўсё гэта, аднак нейкі незразумелы дух знішчэння браў верх над цвярозай разважлівасцю. Здавалася, менавіта тут, у гэтай кніжачцы, як Кашчэева бессмяроцце ў яйку, схаваны ўсе тыя цёмныя магнетычныя сілы, што прыносяць беды-няшчасці, і варта толькі адкараскацца, знішчыць гэты злавесны антыталісман, як вызваляцца, вырвуцца на прастору светлыя сілы… Перамагаючы агіднасць, сунуў кніжачку ў кішэню, ачмурэла кінуўся да выхада, пераскокваючы прыступкі, памчаў уніз, і было адчуванне, што ў кішэні міна з падпаленым бікфордам. Завярнуў ува двор, ачумела ўляцеў у гасцінічны туалет, з асцярогаю зачыніўся на зашчэпку, выхапіў пасведчанне і шпурнуў у дзірку, зларадна падумаў: ну во, цяпер усё! Цяпер то ўжо ніхто не знойдзе, ніхто не дастане! Там яму і месца!.. А як хто спытае дакумент? У рэдакцыі, напрыклад… Ці запатрабуюць, каб вярнуў пры звальненні? Ат, чорт з ім! Скажа, што згубіў ці выпусціў незнарок… Хай едуць, вылаўліваюць, калі не вераць…