Імгненна гнеў перайшоў у страх — аж прабрала нейкая калатуха.
— Нічо-ога, не хвалюйся — заўтра скажуць…— міралюбіва, з ноткамі спагады працягваў дзяцюк. — Тут яны не пашкадуюць нашага брата, як піць даць не пашкадуюць, на поўную катушку разматаюць: пятнаццаць сутак — па максімуму… Сам то скуль будзеш? Нешта не заўважаў…
У Андрэя не было ніякага жадання ўвязацца ў нікчэмную гаворку; дняцюк выклікаў не проста антыпатыю, а нейкае гідлівае пачуццё, аднак ігнараваць яго пытанне было бязглузда, мо нават небяспечна. Буркнуў:
— З Мінска…
— Ого! — з павагаю глянуў дзяцюк.— Значыць, аж з самой сталіцы заляцеў? — Уважліва паглядзеў на бараду.— 3 вучоных ці гэных… ну, святых будзеш?
На нарах зноў захіхікалі.
Гэтыя здзеклівыя смешкі былі горш за аплявуху. Панура маўчаў, не адважваючыся даць здачы. Бадай, адзінай прымальнай формай пратэсту ў гэтай сітуацыі было глухое маўчанне.
— Ну, ладна: не хочаш — не гавары. Я табе не следчы,— памяркоўна мовіў дзяцюк.— У прэферанс гуляеш?
— Не,— змусіў выдушыць з сябе Андрэй, хоць падмывала паслаць гэтага тыпа к чортавай мацеры.
— Шкада-а…— расчараваўся дзяцюк.— А то тут у нас заўтра вакансія адкрываецца. А ў «дурня»?
— Не!
Дляцюк змераў яго недаверлівым позіркам — відаць, яму ў галаву не ўкладвалася, што нехта не можа нават у прымітыўнага «дурня», прыкідваў: на самай справе не ўмее ці ганарлівец, грэбуе кампаніяй? Мусіць, спыніўся на аношнім, бо пагардліва фыркнуў, сказаўшы да сваіх:
— Нічога, братва, мо дасць бог каго вартага падкінуць… А зараз — атас! Паехалі, пакуль экіпаж у зборы…
З нараў паслухмяна спаўзлі трое: старэйшы ў фуфайцы, двое маладзейшых у куртках. Адзін — з фігураЙ атлета, другі — шчупленькі, амаль хлапчук.
Закалаціла ад страху: што яны надумалі? Ён наслухаўся нямала жахаў пра звычкі рэцыдывістаў, як яны абыходзяцца з навічкамі, прадбачліва адступіў да дзвярэй: калі што — лямантаваць, клікаць дапамогу. Але ці даклічашся тую дапамогу?!
Арыштанты паселі вакол лавы, прымацаванай да падлогі жалезнымі скобамі, выцягнулі карты і ўзяліся распісваць, па ўсім відно, перарваную «пульку», адразу ж забыўшыся пра яго.
Падобна было, што нічога благога рабіць яму яны не збіраюцца, аднак абачліва стаяў у кутку, не рашаючыся варухнуцца. Падумаў з жахам: а раптам яны гэта яго прагульваюць у карты?! I стала млосна, закалацілі дрыжыкі. Намогся супакоіцца: глупства, канечне. Наслухаўся розных баек — і лезе ў галаву чорт ведае што. Ніякія гэта не рэцыдывісты, звычайныя алкашы-сутачнікі…
— Чаго стаіш як слуп? — нарэшце ўспомніў пра яго дзяцюк.— Лягай! Нябось галава з пахмелля чыгунная…
— Ды сцягні во там яшчэ адно адзіяла, а то акалееш,— добразычліва параіў той, што ў фуфайцы.
Усё яшчэ з асцярогаю падышоў да нараў, хацеў быў спытаць, дзе тут умывальнік, але перадумаў, баючыся, што падымуць на смех, паціху распрануўся. Спачатку меркаваў легчы знізу — менш дыму (карцёжнікі без канца курылі), але прыкінуў: зверху ўсё ж спакайней…
Сяннік быў мулкі і вільготны, а коўдра настолькі зацёртая, што не трымала цяпло, і неўзабаве стаў прабіраць стылы холад. Сцягнуў з суседняга лежбішча яшчэ адну коўдру, накрыўся і праз нейкі час адчуў цяпло, прыемную свінцовую цяжкасць у нагах. Засынаць было ўсё ж небяспечна: хто ведае, што гэта за людзі і што ім можа ўзбрысці ў галаву…
Ляжаў, змагаючыся са сном, і думаў: во анекдот! Раскажы каму — памрэ са смеху. Ніхто не паверыць… А калі… Калі шаснуць адсюль рэпартажык у форме фельетона? Да такога, здаецца, пакуль што ніхто не даўмеўся. Глядзіш — любая газета адарве з рукамі…
Задумка здалася такой нечаканай і заманлівай, што заварочаўся ад прыемнага і адначасова помслівага ўзбуджэння. Падумаў: а фурору якога наробіць фельетон! Не ніжэй міністра, генеральнага пракурора адрэагуюць… Знайсці толькі хвосткі загаловак, арыгінальны «ход»…
Аднак, як ні намагаўся, нічога слушнага не прыходзіла. Ідэя фельетона заставалася заманлівай абстрактнай задумкай, не хацела ўвасабляцца, абрастаць матэрыяльнай цялеснай абалонкай дасціпных, ёмістых слоў і фраз. Нават «ключыка», фельетоннага «ходу» не было. Падумаў: мо ўзяць аналогію з якім-небудзь літаратурным героем? Свежага, новага, арыгінальнага тут, канечне, мала, але прыём як прыём… Напрыклад, таго ж надзейнага, як бяспройгрышная латарэя, Астапа Бэндара… Колькіх выручаў і выручае нестарэючы і неўвядальны Вялікі камбінатар! Сёй-той, праўда, пасміхваецца, а сын турэцкага падданага пакорна цягне фельетонную лямку, вывозячы кагорту за кагортай майстроў вясёлага цэху не толькі на старонкі газет і часопісаў, а нават аж на стромкія, камяністыя схілы Парнаса.