Выбрать главу

Выскачыў ува двор, удыхнуў свежага паветра і ніяк не мог узяць у цям, што з ім адбылося — неўроз, псіхічны шок ці прыступ вар’яцтва? Адчуваў толькі, што палягчэла на душы, бы зваліўся гнятлівы цяжар, бы адбылося нейкае ачышчэнне душы. Аднак у тую ж хвіліну гэтае аблягчэнне стала ўбываць з катастрафічнай быстрынёй, мяняцца спустошанай стомаю, ды так, што дранцвелі ногі, кожны крок вымагаў неймаверных сіл, а сілы з кожным крокам пакідалі яго. Са страхам падумаў: хоць бы дабрацца да ложка!..

Дзяжурная паглядзела са здзіўленнем, занепакоілася:

— Вам кепска?

— Ды не-е, нічога…

Ледзьве перастаўляючы нягнуткія, непаслухмяныя ногі, дайшоў да нумара, сеў на краёк ложка. Хацеў распрануцца, залезці пад коўдру, але млявасць, нейкая здранцвеласць тут жа звалілі набок, імгненна ахуталі салодкай дрымотай…

Сніліся кашмары. Канчаўся адзін — пачынаўся другі, пераплятаўся з трэцім… То быццам ён дома, у вёсцы. Заплаканая маці не пазнае, палохаецца: адыдзі, адыдзі, ты — Шушаль! Ты прыйшоў падняць руку на мяне… Мама, гэта ж — я, твой сын, Андрэй… Не-не-не! Ты — Шушаль! У мяне ўкралі сыночка, ператварылі ў Паскуднікава… То аднекуль з’явілася цётка Магда: вазьмі свой грэх, пляменнічак… Як?! Ды яна ж памерла! А-а-ай! Кінуўся ўцякаць, а ногі не слухаюць, буксуюць на месцы… А-ай! А голасу няма… То раптам нешта загуло-зараўло — і з коміна вылез плюгавенькі чарцючок, увесь урослы шчэццю, з рожкамі і капытцамі, бародкай, адхопленай наўскось. Чарцюк на вачах стаў павялічвацца і павялічвацца, бы яго надзімалі, ператварыўся ў вялізнага д’ябла з голасам Ротара Пятровіча: «Прадавай, даражэнькі, душу. У цане сыдземся…» Падсоўвае папірус: во тут распішыся… крывёю — інакш не прымуць у справаздачу… Аднекуль узнікла маці, засланяе сабою: не прадавай, сыночак, душу… Гэ-гэ-гэ, зарагатаў д’ябал, набываючы аблічча Ротара Пятровіча. Граша ломанага яго душа не варта… То раптам усё некуды знікла… 3 незнаёмай печы ў незнаёмай хаце вылез Кашчэй Бессмяротны, падобны на вялізнага, агіднага павука, працягвае ў крывых, мярзотных клюшнях пасведчанне: вазьмі, ты згубіў свой дакумент, Бяскуднікаў…

Прачнуўся ў халодным поце, ніяк не могучы ўзяць уцям: дзе ён, што з ім? Нехта настойліва стукаў у дзверы. Заглянула дзяжурная. Выгляд у яе быў затрывожаны, напалоханы:

— Што з вамі?

— Нічо-о-га…

— Вы так стагналі, так крычалі, што я падумала…

— Ат, лёг нязручна, сніліся нейкія кашмары…

— А-а-а,— уздыхнула з палёгкаю яна.— Бывае на новым месцы. Прабачце…— Асцярожна зачыніла за сабою дзверы.

Была палова трэцяй. Значыць, праспаў не так і многа. Толькі што бачаныя кашмары працягвалі выклікаць неўсвядомлены страх, нядобрае прадчуванне. Узяў ручнік, пайшоў ва ўмывальнік. 3 непрывычкі халодная вада іголкамі абдала паголеныя шчокі, умомант вярнула бадзёрасць, прагнала астаткі санлівасці, адгалоскі сноў. Уважліва агледзеў усё яшчэ незнаёмы свой твар у люстэрку, пераконваючыся, што сапраўды памаладзеў гадоў на дзесяць…

Рэдакцыю знайшоў з дапамогай прахожых непадалёку ад цэнтра на непрыкметнай вулічцы, мо нават завулку. Размяшчалася яна ў даволі прасторнай двухпавярховай будыніне, абшаляванай новенькай жоўтай вагонкай, і нечым нагадвала жанчыну, гады і невясёлую рэальнасць якой не схаваць ніякімі хітрыкамі, ніякай звышэфектыўнай касметыкай.

На першым паверсе, крэкчучы, стагнаў лінатып, цяжка і натруджана хахала, выплёўваючы лісты-адбіткі, плоскадрукарская машына. Значыць, ужо запусцілі разварот. Няблага!..

Павеяла знаёмым, паўзабытым, шчымліва-настальгічным пахам друкарскай фарбы, які бывае толькі ў маленькіх раённых друкарнях, і на нейкі момант уявіў сябе тым, колішнім жаўтаротым, што зачаравана назірае, як планкі з-пад дэкера выносяць свежанькія палосы, настолькі свежыя, што яшчэ мажуцца ад малейшага дотыку пальца. Падалося нават, што вось-вось адчыняцца дзверы і выскачыць Янка Вялеська… Не той, канечне, Вялеська, з якім выпадкова сутыкнуўся на мінскай вуліцы, а малады, імпульсіўны, з каштанавай чупрынай, стройны, як кіпарыс, вясёлы, баламутны…