Не спяшаючы, корпаўся на стэлажах, раз-пораз абстрэльваючы рыжую модніцу выразнымі позіркамі. Так сабе, дзеля спартыўнай цікавасці. Гэта заўсёды падабаецца жанчынам, а калі падабаецца, то чаму б не зрабіць прыемнае і гэтай прадаўшчыцы — хай сабе думае, што млее ад яе ультрамоднага парыка. А здаецца, і не супроць, каб падлабуніўся. Прыкінуў, усміхнуўшыся: а яна скрасіла б сённяшні вечар… Хм, толькі гэтага не хапала! Мала яшчэ табе тут прыгод! Не, а чым рызыкуе, трохі пагуляўшы ў кошкі-мышкі? Так сабе, не заходзячы далёка.. Зрэшты, хіба пашкодзіць знаёмства з прадаўшчыцай кнігарні… З’явіся такая ў сталічным кнігагандлі — праходу не дадуць розныя сэрцаеды, блатных спраў майстры…
Ведаў: спяшацца ў такой справе — толькі нашкодзіць сабе. Жанчыны не надта любяць, калі да іх прыстаюць. Жанчынам падабаюцца незалежныя, самастойныя, хто не кідаецца на першы какетна-зазыўны позірк. I яшчэ ім падабаецца, каб трошкі пагулялі ў схованкі — для іх гэта нейкі рытуал…
На стэлажах быў амаль узорны парадак. Усе аўтары расстаўлены па алфавіту, у кожным раздзеле — менавіта свае кнігі. Нічога цікавага і арыгінальнага, праўда, не траплялася, як гэта было раней у раёнах,— і сюды дакаціўся кніжны бум. Але ўсё ж выбар быў куды багацейшы, чым у Мінску. Выбраў некалькі паэтычных зборнікаў — для прыліку, канечне, для зачэпкі к знаёмству.
Прайшоў раз, пачаў агляд нанова, усё выразней абстрэльваючы яе. Яна то ўспыхвала чырванню, сарамліва апускаючы вочы, то ўсміхалася какетна, прыязна. Усё ішло па сотні раз апрабаванаму сцэнарыю. Як і трэ было чакаць, стаў лавіць на сабе больш чым зацікаўленыя позіркі, аднак цярпліва марудзіў, і праз нейкі час яна выйшла з-за прылаўка, стала папраўляць кнігі на стэлажах, хоць і дурню было ясна, чаго яна выйшла… Наблізілася «незнарок», усміхнулася какетна, амаль па-свойску:
— Ну, што ж вы падабралі? — Здзіўлена ўскінула брыво: — Вершы?! У нас гэты тавар мала хто бярэ…
— У такім разе я буду ваш самы актыўны пакупнік…— Глянуў у вочы.
Яна злёгку сумелася, але вытрымала гэты позірк, і ён, абдумваючы свой наступны «ход», рашыў: кліент паспеў…
Між тым «кліент» ішоў без усялякага «ходу»:
— Мо вы пісьменнік?
— Ды-ы…— аж спаткнуўся знячэўку.— Мажліва… Усё можа быць…
— О-о-о-! — заварожана глянула яна.— Першы раз бачу жывога пісьменніка…
Ён зніякавеў, нават разгубіўся, ведаючы, што зараз будзе натуральнае: як прозвішча, якія кнігі напісаў? Не аб’явішся ж якім-небудзь хрэстаматыйным мэтрам…
— Даруйце, а хто-о вы? Вашы кніжкі ў нас ёсць?
— Старой няма. Скора выйдзе новая…— збрахаў ён, праклінаючы, што падаўся ў сыны лейтэнанта Шміта.
— Ну-у, не мучыце: як ваша прозвішча? — капрызна дамагалася яна.— Як будзе называцца кніга?
Яму яшчэ больш не спадабалася гэтая правінцыйная настойлівасць, але ўжо калі заварыў кашу — трэба выкручвацца.
— Хай пакуль што будзе сакрэтам…— шапнуў таемна.— Добра?
Яна поглядам выказала ўпартую нязгоду.
— Як толькі выйдзе кніга,— ратаваўся ён,— першы экземпляр з аўтографам — вам…
— Так нехта і паверыць…— павяла плечуком яна.— Нехта вас будзе шукаць…
— Я сам вас знайду…
— Ну да!..— не прыняла ўсур’ёз яна.— А ўсё ж хто вы? Скажыце, а-а?..
— Завуць мяне Андрэй — во пакуль што і ўсё…— як мог выкручваўся ён.— А там — хай будзе для вас нечаканасцю… Дарэчы, як вас клічуць?
— Людмілай… Можна проста — Люся…
— Во так, Люся, і дамовіліся: ды выхаду кніжкі я застаюся інкогніта, містэрам Ікс — люблю загадкавасць, рамантычнасць…— I каб адкараскацца ад яе настырнасці, прапанаваў: — Хочаце, я вам свае вершы пачытаю?
— Ой, пачытайце! — аж прыпляснула ў далоні яна,— Пачытайце, пачытайце, калі ласка…
— Што ж вам пачытаць? — задумаўся ён, хоць ведаў, што будзе чытаць менавіта той, напісаны два гады назад пад уражаннем успамінаў пра Любу-Лірыку, верш.
— Што-небудзь пра каханне, а? — папрасіла Люся, злёгку зардзеўшыся.
— Можна і пра каханне,— згадзіўся ён і роўным, прачулым голасам пачаў:
Ляцяць сняжынкі, нібы летуценні,
Прасторы белым абняла зіма.
Але няма, як колісь, захаплення,
I радасці былой няма…
А снег ідзе, кладзецца пухам белым,
Як тысячу, як восем год назад,
Як і тады, калі на свеце цэлым